Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шанцы Цімашэнкі і Януковіча ацэньваюць як роўныя


Сяргей Навумчык, Кіеў

Сяргей Навумчык, Кіеў


Сёньня ва Украіне -- "дзень цішыні", калі перадвыбарчая агітацыя забароненая.

Юлія Цімашэнка
Прэзыдэнцкія выбары ва Украіне ад таго, што адбывалася ў Беларусі, адрозьніваюцца свабодай доступу кандыдатаў да сродкаў масавай інфармацыі, удзелам партый у фармаваньні выбарчых камісіяў і назіраньнем за галасаваньнем, актыўным удзелам мясцовага бізнэсу. Ёсьць і яшчэ адметнасьць: калі ў Беларусі на апошніх выбарах альтэрнатывай Лукашэнку ад апазыцыі выступалі асобы, якія не займалі найвышэйшых дзяржаўных пасад (кіраўнік ўраду ці сьпікер парлямэнту), дык ва Украіне ў першым туры бралі удзел дзейны сьпікер і два былых сьпікера, Януковіч двойчы быў прэм’ерам, а Цімашэнка і зараз узначальвае ўрад.

Гэтая акалічнасьць дае аглядальнікам магчымасьць ацаніць іх мэнэджэрскія якасьці і з дастатковай доляй верагоднасьці прагназаваць іх крокі на пасадзе прэзыдэнта.

Віктар Януковіч
Днямі часопіс "Карэспандэнт", які належыць амэрыканскаму выдаўцу, правёў параўнаўчы аналіз дзейнасьці Януковіча і Цімашэнкі. У заслугу Януковіча пастаўленыя рост валавога ўнутранага прадукту у 2004 годзе на 12 адсоткаў, падвышэньне мінімальнай пэнсіі, адносна нізкая цана на газ. У актыве Цімашэнкі -- прыватызацыя “Крыварожсталі” і забарона казыно. Мінусам Януковіча на пасадзе прэм’ера названыя зьмяншэньне мінімальнага заробку, дамова паміж урадам і афшорнай кампаніяй на выкарыстаньне шэльфу Чорнага мора.

Цімашэнку абвінавачваюць у адміністрацыйным рэгуляваньні цэнаў, закрыцьці інфармацыі аб эканамічных макрапаказчыках, узмацненьне падатковага ціску на дробны і сярэдні бізнэс.

Сяргей Цігіпка
"Бронзавы прызэр" прэзыдэнцкіх выбараў Сяргей Цігіпка ня выказаўся адназначна на карысьць каго-небудзь з кандыдатаў. Сёньня я сустракаўся з дэпутатам Вярхоўнай Рады Тарасам Чарнавілам -- гэта пакуль адзіны дэпутат у парлямэнце, які заявіў, што падтрымлівае Цігіпку. Тарас Чарнавіл сказаў, што, як ён лічыць, Цігіпка не адмовіўся ад сваіх прэзыдэнцкіх амбіцыяў і, значыць, будзе вылучацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Зрэшты, выбары гэтыя -- справа далёкая, а вось выбары дэпутатаў Вярхоўнай Рады, на думку палітолягаў, могуць быць датэрміновымі.

Тарас Чарнавіл лічыць, што ў выпадку перамогі Юлі Цімашэнкі верагоднасьць датэрміновых выбараў малая, бо значная частка дэпутатаў ад партыі рэгіёнаў пяройдзе да яе. Можа нават утварыцца сытуацыя, калі Цімашэнка будзе кантраляваць канстытуцыйную большасьць парлямэнту.

Што датычыць пэрспэктываў эўрапейскага вэктару разьвіцьця Украіны, дык Юлія Цімашэнка катэгарычна заяўляе пра арыентацыю на Эўрапейскі Зьвяз. А вось з Віктарам Януковічам сытуацыя не такая адназначная, як здаецца на першы погляд. Ён лічыцца прарасейскім, але Тарас Чарнавіл, які добра асабіста ведае Януковіча і днямі надрукаваў у адным з кіеўскіх выданьняў прысьвечаны яму аналітычны артыкул, мяркуе, што лідэр Партыі рэгіёнаў будзе рухацца ў Эўропу роўна нагэтулькі, наколькі сама Эўропа гэта яму прапануе.

А наколькі ўвогуле Эўрапейскі Зьвяз хоча бачыць у сябе Украіну?

Я запытаўся ў кіраўніка місіі назіральнікаў Эўрапарлямэнту, дэпутата Эўрапарлямэнту з Польшчы Паўла Коваля, ці ня думае ён, што выказваньні некаторых кіраўнікоў Эўразьвязу пра тое, што ўступленьне Украіны ў Эўразьвяз і ў НАТО -- справа вельмі далёкай пэрспэктывы, расчаравала шмат каго ва Украіне і значна зьменшыла "градус дэмакратыі". Эўрадэпутат перакананы, што дзьверы для Украіны ў Эўропу павінны быць адчыненыя, а якімі тэмпамі Украіна будзе туды рушыць -- справа саміх украінцаў.

Адзінае пытаньне, на якое адмаўляліся адказваць мае суразмоўцы -- гэта "Хто будзе пераможцам?". Сёньня, у апошні дзень перад выбарамі, шанцы і Цімашэнкі, і Януковіча лічацца прыблізна роўнымі. Большасьць сыходзіцца ў меркаваньні, што пераможца атрымае мінімальную перавагу, магчыма, у два-тры працэнты галасоў.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG