Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэтую нядзелю ва Ўкраіне – другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Януковіч ці Цімашэнка? На пытаньні наконт магчымага выбару ўкраінскага грамадзтва адказвае дырэктарка ўкраінскай службы радыё Свабода Ірына Халупа.

Дракахруст:
Ірына, наколькі я ведаю, напярэдадні другога туру выбараў былі перафармаваныя выбарчыя камісіі? Якім чынам, хто ў іх прадстаўлены?

Халупа: У выбарчых камісіях павінны быць людзі кандыдатаў. У першым туры было 18 кандыдатаў, зараз -- 2. Гэта значыць, што ў камісіях павінны быць прадстаўленыя людзі Цімашэнкі і Януковіча.

Дракахруст: На ваш погляд, ці можа пасьля другога туру выбараў ва Ўкраіне паўтарыцца Майдан – масавыя акцыі пратэсту тых, хто палічыць выбары сфальшаванымі?

Халупа: У прынцыпе, усё магчымае. Ідзе пэўнае нагнятаньне сытуацыі, бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў розных грахах. У першым туры фальсыфікацыяў не было, ён атрымаў добрыя ацэнкі ад міжнародных назіральнікаў. Няма прычын прагназаваць, што ў другім туры будуць нейкія жахлівыя парушэньні.

Але хтосьці ў гэтых выбарах мусіць прайграць. Так што могуць быць нейкія дэманстрацыі. Але другі Майдан проста немагчымы. Бо першы Майдан быў унікальнай зьявай, ён быў выбухам народнага абурэньня фальсыфікацыямі, якія былі на тых прэзыдэнцкіх выбарах. Зараз палітычная гульня ва Ўкраіне стала надзвычай цынічнай. Людзі стомленыя, узровень цынізму вышэй, і няма таго ідэалістычнага настрою, які быў у 2004 годзе.

Дракахруст: Ці ёсьць нейкія дадзеныя апытаньняў наконт таго, якім можа быць вынік галасаваньня 7 лютага, ці здолее Юлія Цімашэнка пераадолець разрыў у 10 працэнтных пунктаў зь Віктарам Януковічам?

Халупа: Я не экстрасэнс. Нехта з тых, хто прайграў у першым туры, падтрымае Цімашэнку ў другім туры. Да Сяргея Цігіпкі, які заняў трэцяе месца ў першым туры, заляцаліся і Цімашэнка, і Януковіч. Але ён досыць какетліва не сказаў "так", і не сказаў "не". І ён не заклікаў падтрымаць кагосьці з двух кандыдатаў, ён у інтэрвію Свабодзе заявіў: “Мой выбаршчык інтэлігентны, ён мусіць сам зрабіць выбар”.

Цяжка сказаць, ці зможа Цімашэнка перагнаць Януковіча. Мяркую, што гэта мажліва. Але 7-га ўвечары мы будзем ведаць дакладна.

Дракахруст: На Ваш погляд, перамога каго з украінскіх кандыдатаў будзе выгадней для афіцыйнага Менску, для Аляксандра Лукашэнкі? Ці ня стане Януковіч канкурэнтам Лукашэнкі ў барацьбе за сымпатыі Крамля? Ці можа Цімашэнка стаць адвакатам афіцыйнага Менску ў Эўропе?

Халупа: Мне здаецца, што вялікай розьніцы ня будзе, выйграе Цімашэнка ці Януковіч. Апошнім часам сам Лукашэнка ня так моцна заляцаецца да Масквы, як раней, бо Масква час ад часу дае яму па пальцах. Магчыма, што калі прэзыдэнтам стане Януковіч, можа ўзмацніцца эканамічнае супрацоўніцтва, я маю на ўвазе адзіную эканамічную прастору. Але апошнім часам і "апошні дыктатар Эўропы" Лукашэнка заляцаецца да Захаду, да Эўразьвязу. Так што вялікай розьніцы я ня бачу для Лукашэнкі ў тым, хто пераможа ва Ўкраіне 7 лютага.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG