Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто найлепш перакладзе на беларускую Рэмбо і Багдановіча?


Інтэрнэт-часопіс перакладной літаратуры “Прайдзісьвет” абвясьціў конкурс беларускіх перакладаў сусьветнай клясыкі. Ахвотным паспрабаваць свае здольнасьці ў мастацкім перастварэньні рэдакцыя прапанавала чатырнаццаць вершаў з васьмі моваў – ангельскай, нямецкай, гішпанскай, польскай, расейскай, украінскай, францускай і лацінскай.


Конкурс прысьвечаны маладой літаратуры і літаратуры маладосьці, сказала сябра рады “Прайдзісьвету” Юля Цімафеева. Адсюль адпаведны падбор аўтараў і твораў для перакладаў. Гэта паэты з трагічным лёсам, якія пакінулі гэта сьвет у самым росквіце свайго таленту:

“Сярод аўтараў, якія прапануюцца для перакладу, Джон Кітс, Стывэн Крэйн, Жуль Ляфорг, Арцюр Рэмбо, Максім Багдановіч (адзін зь ягоных расейскамоўных вершаў), Наваліс, Анджэй Тшабіньскі, Тадэвуш Бароўскі”.

Гэта ўжо трэці конкурс перакладчыкаў, які праводзіць “Прайдзісьвет”. Папярэднія выявілі шмат новых таленавітых імён, на якія рэдакцыя ўскладае вялікія спадзевы ў перастварэньні па-беларуску шэдэўраў сусьветнай клясыкі і твораў папулярных сучасных замежных пісьменьнікаў.

Гэтаму спрыяе яшчэ адзін конкурс, які абвясьціў “Прайдзісьвет”, кажа спадарыня Цімафеева:

“Мы працягваем традыцыю, распачатую ў трэцім нумары, – пераклад на кубак Майстра. У чацьвертым нумары перакладчыкі змогуць пазмагацца за прыз Андрэя Хадановіча. Каб атрымаць прыз Майстра, трэба даслаць свой пераклад верша Арцюра Рэмбо “Sensation”.

Арыгіналы ўсіх вершаў, якія прапанаваныя на конкурс, зьмешчаныя на сайце часопісу. Тамсама чытачы знойдуць і адрас, куды дасылаць свае пераклады. Конкурс будзе доўжыцца да 15 сакавіка.

Пераклады-пераможцы будуць надрукаваныя на старонках чарговага, ужо чацьвертага нумару “Прайдзісьвету”.
XS
SM
MD
LG