Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 26 верасьня

30 верасьня ў сьвеце адзначаўся Міжнародны дзень перакладчыка. З гэтай нагоды ў “Доме літаратара” адбыўся “круглы стол” на тэму “Мастацкі пераклад: падпарадкаваньне ці ратаваньне?”. У ім узялі ўдзел перакладчыкі Васіль Сёмуха і Андрэй Гуцаў, а таксама сябра рэдакцыйнай рады інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСьвет” Юля Цімафеева.

Міхась Скобла
Міхась Скобла: “Спадарства, у афіцыйным календары “Родны край” на 2009 год (выдавецтва “Беларусь”) – безьліч сьвяточных дзён, у тым ліку міжнародных. Сярод іншых сьвятаў каляндар заклікае нас адзначаць Міжнародны дзень псыхічнага здароўя, Дзень работнікаў пракуратуры, Дзень дэсантніка, Дзень мытніка, Дзень воіна-інтэрнацыяналіста, нават Дзень індустрыялізацыі Афрыкі… Міжнароднага Дня перакладчыка ў календары няма. Чаму перакладчыкі аказаліся забытымі?”


Васіль Сёмуха
Васіль Сёмуха:
“Так лічылася здаўна і лічыцца цяпер беларускай дзяржаваю, што перакладчыкі – падсобныя работнікі ў літаратуры. Мастацкі пераклад ніколі не лічыўся самастойным жанрам. А дарма. Таму што ўсе геніяльныя паэты становяцца вядомымі ў сьвеце менавіта дзякуючы перакладчыкам. Можна было б усё ж ахвяраваць перакладчыкам адзін нейкі дзень... Але ня толькі дзяржава, але і самі пісьменьнікі лічылі перакладчыкаў падсобнікамі. Я неяк размаўляў з адной паэткаю, якая пісала вершы і перакладала; і тое, і другое рабіла даволі няблага. Я спытаўся ў яе: калі раптам вам блісьне нейкая знаходка, нейкі вобраз, каму вы іх аддасьце – у пераклад зь іншага аўтара, ці ў свой верш? І яна адказала: вядома ж, забяру сабе! А перакладу трэба аддаваць ня меньш, а нават і больш, чым свайму твору. У сваім творы ты гаспадар, што захацеў, тое і зрабіў зь ім – і гэта канчаткова, з гэтым будуць лічыцца ўсе чытачы і нашчадкі. А перакладчыку гэтага мала, у яго задачы іншыя. Мяне сёньня вельмі радуе і цешыць новае маладое пакаленьне, якое сур’ёзна займаецца перакладчыцкай справай. Толькі дз ж ім вучыцца? У часы маёй маладосьці я меў магчымасьць чытаць усесаюзны штогадовы альманах “Майстэрства перакладу”. Цяпер ён не выдаецца – а шкада. Значыць, трэба рабіць нешта падобнае ў Беларусі. Тым больш, што ў перакладчыка такі лёс – вучыцца ўвесь свой век: на сабе, на другіх. Не абавязкова мець мудрых прафэсароў, трэба чытаць пераклады іншых, трэба свае правіць, трэба вучыць сваю мову, менавіта сваю, беларускую. З замежнай неяк можна справіцца, а калі сваю занядбаць, то ніякі пераклад не атрымаецца”.

Скобла: “Наступнае пытаньне Андрэю Гуцаву. Андрэй, вы вывучалі латыскую мову ў Рыскім дзяржаўным унівэрсытэце, вы ёю дасканала валодаеце, разам зь Лявонам Баршчэўскім нядаўна напісалі “Кароткую граматыку латыскай мовы”. Наколькі вам удаецца зрэалізаваць свае прафэсійныя навыкі перакладчыка ў Беларусі?”


Андрэй Гуцаў
Андрэй Гуцаў:
“Мала ўдаецца зрэалізаваць. Раней больш-менш удавалася. Але на сёньня, паколькі, на маю мерку, зроблена шмат, але гэта застаецца ляжаць мёртвым грузам, займацца мастацкім перакладам няма ні сэнсу, ні жаданьня. На ўсё не разарвесься. Перакладзены мною раман Гунара Яноўскіса “У незваротнасьць” ляжыць у шуфлядзе ўжо 18 гадоў, кніга паэзіі Улдыса Бэрзыньша “Салаўі крычаць па-латыску…” – у шуфлядзе ўжо 9 гадоў. Перакладзеныя мной паасобныя творы маладых паэтаў і празаікаў Латвіі, напэўна, застануцца калі ня ў вечнасьці, дык у гісторыі, але вось самі аўтары на сёньня ўжо даўно не маладыя”.

Скобла: “Дзе ж вы зарабляеце на жыцьцё?”

Гуцаў: “Ёсьць такія перакладніцкія бюро, але ім патрэбныя не мастацкія пераклады, а пераклады дакумэнтаў, пераклады сайтаў. За ўвесь час майго зь імі супрацоўніцтва на беларускую мову не было ніводнага заказу! Ды і на другія мовы іх няшмат, паколькі латыская мова – рэдкая. Перакладчыку з латыскай сёньня немагчыма выжыць за пераклады. Даводзіцца шукаць пабочную працу. Я быў і вартаўніком, і чорнарабочым, і страхаром – рамантаваў стрэхі на гарадзкіх дамах”.

Скобла: “У свой час беларускія перакладчыкі мелі дзе друкавацца, мелі свой альманах “Далягляды”. Але апошні ягоны нумар выйшаў у 1992 годзе, і з тае пары профільнага выданьня для перакладной літаратуры не існавала. Да 2009 году, калі ўзьнік інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСьвет”. Юля, чаму ў сур’ёзнага выданьня гэткая несур’ёзная назва?”

Юля Цімафеева
Юля Цімафеева
: “Чаму назва несур’ёзная? У гэтай назьве кампануюцца два значэньні, яна пішацца ў два словы: “ПрайдзіСьвет”, то бок – гэта вандроўкі, гэта іншыя краіны, замежныя мовы… Па-другое, як вы і заўважылі, перакладчык, як той прайдзісьвет, заўсёды круціцца, выкручваецца, спрабуе, як нехта сказаў, з мовы, якой ён ня ведае, перакласьці на мову, якую ён дрэнна ведае. Паколькі, як бы вы ні імкнуліся, а родную мову вывучыць дасканала амаль немагчыма. А наогул, ідэя гэтага часопісу ўзнікла ў 2008 годзе ў асяродзьдзі навучэнцаў Беларускага калегіюму, а дакладней, у наведнікаў перакладніцкай майстэрні, якой кіруе Андрэй Хадановіч. Мы сабраліся, пагаварылі і вырашылі зрабіць такое выданьне для сябе. “ПрайдзіСьвет” існуе толькі ў інтэрнэце, яго няма ў папяровым варыянце. На ягоных старонках мы хочам аб’яднаць перакладчыкаў розных пакаленьняў, каб там самарэалізоўвацца, кантактаваць, камунікаваць, абменьвацца інфармацыяй. Для гэтай мэты мы стварылі форум, які дзейнічае пры нашым часопісе. Першы нумар часопіса выйшаў сёлета ў траўні і быў прысьвечаны сучаснай літаратуры. Сярод аўтараў можна ўзгадаць украінца Сяргея Жадана, амэрыканскага пісьменьніка Чарльза Букоўскі, польскую пісьменьніцу Вольгу Такарчук і інш. Другі нумар, які прысьвечаны мадэрнізму, выйшаў літаральна днямі і мае назву “Кухня мадэрнізму”. Бачыце – таксама ня дужа сур’ёзна. Але ў аднаго з ідэолагаў футурызму, прадстаўніка мадэрнізму Марынэці адзін з маніфэстаў быў таксама прысьвечаны кухні футурызму. І тут таксама ідзе такая гульня”.

Скобла: “Юля, я гляджу на Андрэя Гуцава і бачу, што ён хоча ў вас спытацца: а ці плаціць “ПрайдзіСьвет” ганарары сваім перакладчыкам?”

Цімафеева: “На жаль, не, мы працуем на голым энтузіязьме”.

Гуцаў: “А за што ж жывуць вашыя перакладчыкі?”

Цімафеева: “Вы ж таксама жывяце не за ганарары ад перакладаў. Мы не жывем за пераклады ў матэрыяльным пляне, але гэта дае задавальненьне, самарэалізацыю, а самарэалізацыя, між іншым, знаходзіцца на самай высокай ступені патрэбаў чалавека. Наша рэдакцыйная рада складаецца прыкладна зь дзесяці чалавек. Рэдактар “ПрайдзіСьвету” – Кацярына Маціеўская, яна і рэдагуе тэксты, і карэктуе іх. Таксама нашыя перакладчыкі: Ганна Янкута, Наста Гвозьдзева, Алена Пятровіч, Уладзь Лянкевіч, Сяржук Мядзьведзеў, Натальля Козінцава, Паліна Масьлянкова. Паліна таксама працуе над тэставанкамі – гэта тое, чаго бракуе ў беларускай інтэрнэт-прасторы. Моладзь вельмі цікавіцца рознымі тэставанкамі, а на беларускай мове іх вельмі мала. Свае пераклады нам даюць і іншыя перакладчыкі, як маладыя, так і сталага ўзросту. Напрыклад, спадар Васіль Сёмуха з намі супрацоўнічае”.

Сёмуха: “Я ганаруся, што таксама стаў “прайдзісьветам”.

Цімафеева: “Спадар Васіль ужо даслаў нам творы ў трэці нумар. Ён будзе містычна-калядным, таму мы заклікаем да супрацоўніцтва ўсіх перакладчыкаў, якія ня супраць публікавацца без ганарараў, як кажуць, you are welcome”.

Скобла: “Спадар Васіль, дзевятнаццаць гадоў таму ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” вы адрэдагавалі “Кнігу перакладчыка” (была такая неблагая сэрыя), дзе пераклад называўся “кантрабандай”. Аўтарам кнігі быў вядомы наш пісьменьнік і перакладчык Янка Сіпакоў, а яго прадмова так і называлася: “Хвала кантрабандзе!” Міхась Стральцоў калісьці заклікаў перакладчыкаў “падпарадкоўвацца і ахвяраваць”. Чытаючы замежную клясыку, мы падпарадкоўваемся ёй ці ратуемся ёю? Што ў вашым разуменьні ёсьць мастацкі пераклад?”

Сёмуха:
“У маім разуменьні пераклад быў і ёсьць высокім літаратурным майстэрствам. Я ніколі, колькі жыву, ня жыў за адныя пераклады. Ад перакладу я меў і маю да гэтага часу вялікую насалоду. Я пляваць хацеў на тое, заплацяць мне ганарар ці не, закажуць пераклад ці не закажуць. Калі мне кніга падабаецца, калі мне твор замежны падабаецца, я яго перакладаю, і маю ад гэтага вялікую насалоду. І гэта мяне заўсёды цешыла і цешыць. У мяне ў стале ляжыць горба перакладаў, якія нідзе не друкаваліся. Пакуль я жывы, я буду гэтым займацца, я маю ад гэтага сваю долю шчасьця”.

Скобла: “Цяпер я разумею, чаму “Прайдзі-Сьвету” так лёгка ўдалося залучыць вас у свае шэрагі”.

Я ведаю краіну, у якой Дзень перакладчыка адзначаецца ўжо стагодзьдзі як нацыянальнае сьвята. Гэта Армэнія ...

Сёмуха: “Я адразу, зь першага почуту пра “ПрайдзіСьвет” прыняў яго ўсёй душою, таму што там перакладчыкі могуць самарэалізавацца, навучыцца нечаму, паслухаць калегаў, атрымаць сяброўскую крытыку і падтрымку. Пераклад – гэта вялікае шчасьце, паверце. Я ведаю краіну, у якой Дзень перакладчыка адзначаецца ўжо стагодзьдзі як нацыянальнае сьвята. Гэта Армэнія. Там Дзень перакладчыка адзначаецца ў гонар Месропа Маштоца – перакладчыка Бібліі на армянскую мову і стваральніка армянскага алфавіту. Гэта адно з самых вялікіх сьвятаў у Армэніі, бо Маштоцаў пераклад Бібліі захаваў армянаў як нацыю”.

Скобла: “У згаданай ужо сэрыі “Кніга перакладчыка” ў свой час выйшаў і зборнік перакладаў Уладзімера Караткевіча. Яшчэ паўвека таму Караткевіч так вызначыў прыярытэтныя для айчынных перакладчыкаў творы: Біблія, “Шляхціч Завальня” Яна Баршчэўскага, п’еса Бэртольда Брэхта “Ўзьлёт і кар’ера Артура Ўі”, паэзія Фэдэрыка Гарсія Лоркі, Робэрта Бёрнса, Каміля Цыпрыяна Норвіда… Сёньня ўсё гэта ў нас перакладзена. А якія творы на дадзены момант трэба неадкладна перакласьці?”

Цімафеева: “З гэтай нагоды на нашым сайце была зладжаная апытанка на тэму: “Якія творы трэба ў першую чаргу перакласьці на беларускую мову?” Сярод прапанаваных варыянтаў былі: “Іліяда” Гамэра, “Партрэт Дарыяна Грэя” Оскара Ўалда, “Дон Кіхот” Сэрвантэса, “Гары Потэр”, “Боская камэдыя” Дантэ. Змаганьне ішло менавіта паміж гэтымі творамі. Але я ўсё ж лічу, што ўсе яны павінны быць перакладзеныя на беларускую мову: і Гамэр, і Сэрвантэс, і нават “Гары Потэр”, бо і ў гэтай кнігі таксама будзе свая аўдыторыя, свае чытачы”.

Гуцаў: “Варта і трэба перакладаць тое, што паўплывала на лёс і культуру іншых народаў. Гэта найперш кнігі духоўнага і філязофскага зьместу – Біблія, Каран, Бхагавад-Гіта. У нас амаль няма па-беларуску старажытных аўтараў – Плятона, Арыстоцеля, Плютарха… І Ніцшэ, і Шапэнгаўэра, і Канта па-беларуску цікава было б пачытаць”.

Скобла: “Чытачы “Прайдзі-Сьвету” жадаюць мець па-беларуску “Боскую камэдыю”. Але ж яна перакладзеная ўжо – Уладзімерам Скарынкіным. Праўда, не з арыгіналу, а з мовы-пасярэдніцы – расейскай. І гэта не адзінкавы выпадак. Скажам, Масей Сяднёў пераклаў санэты Мікеланджэла з дапамогай нямецкай мовы, бо італьянскай таксама ня ведаў. Як вы ставіцеся да такіх – не з арыгіналу – перакладаў?”

Цімафеева: “Адзін з пункцікаў нашага часопісу – не друкаваць тэксты, перакладзеныя не з арыгіналу. У наш час ужо ёсьць магчымасьць вывучыць і італьянскую, і гішпанскую, і нават усходнія мовы – усе яны выкладаюцца. Безумоўна, добрыя паэты, якія перакладаюць добра, могуць карыстацца падрадкоўнікамі, але ўсё ж пажадана, каб яны былі зробленыя з арыгіналу. Неабходны таксама грунтоўны камэнтар перакладчыка, патрэбныя грунтоўныя экстралінгвістычныя веды, каб перадаць усё тое, што закладзена ў творы на мове арыгіналу”.

Скобла: “То бок, калі б Васіль Сёмуха прынёс свой пераклад Бібліі, вы яго адпрэчылі б?”

Цімафеева: “Мабыць, рэдакцыйная рада вырашала б, што зь ім рабіць”.

Сёмуха: “Пачакайце. Зь якой мовы перакладаецца Біблія? Арыгінал Старога Запавету – на старажытнагабрэйскай мове, Новага Запавету – на старажытнагрэцкай, Эвангельле ад Мацьвея – на арамейскай. Скажыце, хто цяпер можа ведаць гэтыя мовы з усімі нюансамі? Няма такіх людзей. Вось жа, значыць, мяне не прынялі б у “ПрайдзіСьвет”. А скажыце, Рыгора Барадуліна вы надрукуеце, калі ён прынясе вам пераклады з гішпанскай ці з ангельскай?”

Цімафеева: “У другім нумары “ПрайдзіСьвету” зьмешчаны перадрук “Чорных геральдаў” Сэсара Вальехі, якія спадар Барадулін пераклаў разам з Карласам Шэрманам. То бок, там быў грунтоўны камэнтар носьбіта мовы. Зразумейце, галоўнае, каб перадаваліся тыя нюансы, якія ёсьць у мове арыгіналу. Натуральна, што мы самі, ня ведаючы мовы, гэтага праверыць ня можам”.
Мова-пасярэдніца для перакладу паэзіі не падыходзіць...

Сёмуха: “Мова-пасярэдніца для перакладу паэзіі не падыходзіць, таму што перакладчык павінен імправізаваць на тэму верша – інакш не перакладзеш. Прозу перакладаць можа і машына, а паэзію – не. Калі я перакладаў з латыскай мовы, я ёю не валодаў так, як Андрэй. Латыскую я вучыў за сталом, ня маючы кантакту з латышамі, а калі і меў, дык вельмі рэдка. І мне вельмі падабалася перакладаць Візму Бэлшавіцу са слоўнікам, праз кансультацыі зь ёю самою, таму што сама латыская мова для мяне тады гучала як паэзія. А гэта пры перакладах паэзііі важна ў першую чаргу – чуць гэтую музыку”.

Скобла: “А як да перакладаў з дапамогай мовы-пасярэдніцы ставіцца Андрэй Гуцаў?”

Гуцаў: “Адназначна адмоўна! Пры такіх перакладах перадаецца літара, а ня дух. Пры перакладзе не з арыгіналу можна перадаць толькі інфармацыю, а спосаб мысьленьня, атмасфэру культуры, у якой нарадзіліся і твор, і аўтар, перакладчык, ня ведаючы мовы, ня зможа прапусьціць празь сябе”.

Скобла: “Васіль Сёмуха прыгадваў, якую ролю адыграў пераклад у гістарычным лёсе армянскай нацыі. Ці дапамогуць беларусам шэдэўры ўсясьветнай літаратуры ззахаваць сваю нацыянальную тоеснасьць?”

Цімафеева: “Мастацкі пераклад на беларускую мову вельмі яе абагачае. Ён уводзіць новыя тэмы, і нашыя літаратары могуць гэтыя тэмы падхопліваць. Ствараецца прэцэдэнт нейкай тэмы: можна пісаць па-беларуску і пра гэта, і пра гэта...”

Сёмуха: “Пераклады дапамаглі ня толькі армянам. Прыкладам, літаратурная латыская мова пачала фармавацца ў канцы ХІХ стагодзьдзя. І вы ведаеце, на чым? Што было ўзята за аснову? Пераклад “Фаўста” Гётэ, зроблены Янам Райнісам! Не арыгінальныя творы Райніса, а менавіта “Фаўст”! Ён стаўся асноваю, а потым аснова гэтая абрастала бытавой мовай латышоў. Калі нам сёньня ўбіваюць у галовы надта разумныя палітыкі, што ў сьвеце існуе толькі дзьве вялікія мовы – ангельская і расейская, і толькі на іх можна выказаць нешта разумнае і мудрае, то я дазволю сабе ў гэта не паверыць. Таму што той, хто так гаворыць, ні па-расейску, ні па-ангельску ніводнай мудрай думкі пакуль ня выказаў. А перакладчыкі могуць даваць нам усе вялікія мудрасьці сьвету. Можна выказаць разумныя думкі на нашай мове. І трэба. І чым больш будзе выказана разумных думак, у тым ліку замежных творцаў, тым большая ганьба будзе для тых, хто лічыць, што гэта немагчыма”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG