Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР’Е...


...хмарнае і ветранае, але ня надта марознае: -8 — -5 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Прэзэнтацыя супольнага праекту Нацыянальнага архіву РБ і часопісу "Беларуская думка" "Невядомыя старонкі беларускай дзяржаўнасьці". Менск, Дом прэсы, пачатак у 11.00.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Парыжы працуе міжнародная канфэрэнцыя "Global Zero World Summit", прысьвечаная абмежаваньню ядзерных узбраеньняў.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1468 памёр Ёган Гутэнбэрг, пачынальнік кнігадрукаваньня (нар. каля 1400).

У 1809 нарадзіўся кампазытар Фэлікс Мэндэльсон (пам. 1847).

У 1919 на Ўсебеларускім зьезьдзе саветаў была прынятая першая канстытуцыя БССР. Фармальна краіна лічылася самастойнай, але фактычна цалкам падпарадкоўвалася расейскаму бальшавіцкаму ўраду ў Маскве.

У 1927 у мястэчку Косава польскія ўлады расстралялі мірную дэманстрацыю людзей, якія выступалі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. На падтрымку Грамады выйшла паўтары тысячы сялян. Дэманстранты прайшлі па вуліцы Косава, правялі мітынг. Калі яны зноў рушылі празь мястэчка, паліцыя пачала страляць. Было забіта шэсьць чалавек і некалькі дзясяткаў паранена. Пахаваньне забітых вылілася ў маніфэстацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і польскае акупацыі. Косаўскі расстрэл стаў пачаткам тэрору польскіх уладаў на акупаваных імі землях Заходняй Беларусі.

У 1993 Вярхоўны Савет Беларусі адмяніў уласную пастанову аб прыпыненьні дзейнасьці кампартыі Беларусі. За аднаўленьне дзейнасьці КПБ прагаласавала камуністычная большасьць парлямэнту.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Беларусь і Расея ствараюць адзіную сыстэму СПА".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Гэта прэс, безумоўна, але гэта прэс, зь якога паплывуць невычэрпныя струмяні. Празь яго Бог распаўсюдзіць Сваё Слова. Паплыве зь яго крыніца праўды: як новая зорка, ён расьсее цемру няведаньня і засьвеціць дагэтуль невядомае сярод людзей сьвятло." Ёган Гутэнбэрг пра сваё вынаходзтва друкарскага прэсу, мэханізм якога абапіраўся на прэсы для выцісканьня віна і аліўкавага алею.
XS
SM
MD
LG