Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Маскве адбылося паседжаньне Найвышэйшай дзяржаўнай рады “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі, якое не праводзілася больш за год і некалькі разоў зрывалася.


На ім кіраўнікі Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне аб стварэньні адзінай рэгіянальнай сыстэмы проціпаветранай абароны “саюзнай дзяржавы”.

Да гэтага пагадненьня бакі ішлі амаль дзесяць гадоў. Асноўная спрэчка была ў тым, хто будзе кіраваць аб’яднанай сыстэмай. Паводле расейскага генэрал-палкоўніка Аляксандра Зеліна, сыстэму ўзначаліць камандуючы ВПС і СПА аднаго з бакоў, а прызначаць яго будуць прэзыдэнты абедзьвюх краін.

На думку адмыслоўцаў, аб’яднаная сыстэма супрацьпаветранай абароны прадугледжвае, што Беларусь павінна стаць першым эшалёнам паветранай абароны. Усяго ў адзіную сыстэму ўвойдуць 5 авіяцыйных, 10 зэнітна-ракетных, 5 радыётэхнічных частак і адна — радыёэлектроннай барацьбы.

Аднак, паводле Аляксандра Лукашэнкі, стварэньне гэтай сыстэмы павінна абавязкова разглядацца ў адным пакеце з комплексам захадаў для паглыбленьня вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

У расейскіх мэдыях адзначалася, што беларускі бок быў гатовы падпісаць такі дагавор пры ўмове паставак у Беларусь расейскай вайсковай тэхнікі на льготных умовах і гарантыі разьмяшчэньня расейскіх вайсковых заказаў на беларускіх прадпрыемствах.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін адзначае, што ў стратэгічным і геапалітычным сэнсе стварэньне гэтай сыстэмы найперш выгаднае Расеі:

“Кіраўніцтва Беларусі выцягвала з Расеі вельмі шмат эканамічных ільготаў і прэфэрэнцыяў. І гэта цягнецца гадоў адзінаццаць. Лукашэнка абяцаў — вось-вось. І так прамурыжыў 10 гадоў”.

Карэспандэнт: “Значыць, афіцыйны Менск пайшоў на гэта пад ціскам Расеі?”

“Пад ціскам крызісу, вядома, які Расея скарыстала ў сваіх мэтах. Цяпер гэта проста жыцьцёва неабходна, каб Расея не закрывала свайго рынку. А такая небясьпека існавала. Далей гуляць у гэтую гульню, у якую Лукашэнка гуляў 10 гадоў, стала ўжо немагчыма з эканамічных прычын”.

Другое пытаньне, якое сёньня абмяркоўвалася ў Маскве, — актывізацыя эканамічнага ўзаемадзеяньня, “у тым ліку ў наданьні расейскаму рублю статусу рэгіянальнай валюты”.

Расея выказала гатовасьць разгледзець пытаньне пра дадатковы крэдыт Беларусі на некалькі дзясяткаў мільярдаў рублёў. Цягам двух тыдняў Цэнтрабанк і Міністэрства фінансаў павінны даць свае заключэньні па гэтым пытаньні.

Па выніках паседжаньня таксама падпісана пастанова аб захадах для пераадоленьня ўплыву сусьветнага фінансавага крызісу на эканомікі дзьвюх краін. Паводле кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, “найперш неабходна забясьпечыць дынаміку гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”:

“І сёньня надзвычай важна ўтрымаць існы паміж нашымі краінамі высокі ўзровень інтэграцыйнага ўзаемадзеяньня, узаемавыгаднай каапэрацыі ў галіне прамысловага, навукова-тэхнічнага і рэгіянальнага супрацоўніцтва”.

Расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў у сваю чаргу заявіў:

“Сытуацыя няпростая, і мы, вядома, абавязаныя браць пад увагу гэтыя працэсы і гэтую сытуацыю і ў міждзяржаўных стасунках, у саюзных дачыненьнях. Я маю на ўвазе, вядома, фінансава-эканамічны крызіс, які патрабуе ад нас цеснага ўзаемадзеяньня, скаардынаваных дзеяньняў, накіраваных на мінімізацыю страт для нашых эканомік, для нашых грамадзянаў”.

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка пры падпісаньні дакумэнтаў

Сярод падпісаных у Маскве дакумэнтаў — пастанова аб праграме ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнай палітыкі “саюзнай дзяржавы” на 2009 год, дэкрэт аб бюджэце “саюзнай дзяржавы” на гэты год і пагадненьне аб забесьпячэньні роўных правоў грамадзянаў Беларусі і Расеі на свабоду руху, выбар месца знаходжаньня і жыхарства на тэрыторыях дзьвюх краін. Апошні з названых дакумэнтаў дазволіць грамадзянам знаходзіцца на тэрыторыі другой саюзнай дзяржавы без рэгістрацыі цягам 30 дзён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG