Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў, падпісаньне нафтавых пагадненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Адначасна некаторыя палітыкі ўжо заяўляюць пра свой удзел у будучай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Першым сярод іх стаў Алесь Міхалевіч. На тэму выбараў -- наступныя выказваньні слухачоў:

Спадар: “Пачуў, што зьявіўся кандыдат нумар два на пост прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Міхневіч, здаецца. Я нічога супраць яго ня маю, але ж ніхто, акрамя вузкага кола партыйных функцыянэраў, яго ня ведае. І калі ўлада трымае манаполію на СМІ, ніхто пра яго болей не даведаецца хоць праз год, хоць праз два. Я б прапанаваў, калі давядзецца браць удзел у выбарах, калі яны будуць падобныя да выбараў, лепей вылучыць кандыдатам, напрыклад, Аляксандра Меха ці Валера Шчукіна, пра якіх нашмат больш вядома: яны сябе ўжо добра зарэкамэндавалі. І нават многія іх пазнаюць -- ня толькі тыя, хто зьвязаныя з дэмакратычным асяродкам, а нават простыя абываталі. Калі вылучыць Каваленку, які сьцяг у Віцебску вывесіў, я ўпэўнены, што ён больш галасоў набярэ, чым нейкі партыйны функцыянэр”.

Спадарыня: “Калі пачуеш, колькі ў нас у Беларусі паўстала адразу кандыдатаў у прэзыдэнты, апаноўвае безнадзейнасьць і безвыходнасьць. А якую магутную, калі можна так сказаць, інфраструктуру стварыў вакол сябе за 15 год прэзыдэнт Лукашэнка! Як быццам бы нейкае балота наперадзе і яго не абысьці”.

Віктар Буто: “Я лічу, што нават сёньня прадстаўнікі ўлады ва ўсіх інстанцыях і большасьць з апазыцыі яшчэ не гатовыя да правядзеньня ў Менску і ў Беларусі нармальных і дэмакратычных любых выбараў ці рэфэрэндумаў”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Пытаньне: як дыктатар Адольф Гітлер ці Восіп Сталін займалі першае месца?”

Адказвае адзін з заснавальнікаў партыі БХД Аляксей Шэін:

“Калі слухач пытаецца пра тое, як ім удалося заняць першае месца, маючы на ўвазе выбары, то можна адказаць, што Сталін не выйграваў выбары як такія. Сталін перамог у апаратнай барацьбе. Ён як беспрынцыпны чалавек, які ня меў сумленьня, вёў апаратную гульню і спачатку зьнішчаў сваіх апанэнтаў маральна, а пасьля і фізычна. Вось такая была тэхналёгія перамогі. А Гітлер выйграў шляхам народнага галасаваньня. Выбары былі адкрытыя і дэмакратычныя — падчас Вэймарскай рэспублікі ўсё ж была дэмакратыя. Як папуліст, ён паабяцаў эканамічную стабільнасьць, што мы мусім адбудавацца як вялікая нацыя. І нямецкі народ спакусіўся на гэтыя абяцаньні, пра што пасьля моцна пашкадаваў. Гэткім чынам у дыктатараў ёсьць шмат розных шляхоў, каб стаць № 1”.

Нафтавая спрэчка паміж Беларусьсю і Расеяй завяршылася падпісаньнем у Маскве адпаведных пагадненьняў. Меркаваньне слухача на гэтую тэму:

Спадар: “Вось цяпер слухаю, хто выйграў ці прайграў у гэтай нафтавай вайне. Лічу, што выйграла, безумоўна, Беларусь. Расея зрабіла вельмі шчодры падарунак. І, як бы сказаў спадар Мядзьведзеў, мы вам адкрылі на памежжы з Расеяй сьвідравіну. І такая моцная за год здабыча з гэтай сьвідравіны дзесьці пад Дуброўна! Але гэтая лафа некалі скончыцца”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Міхаіл Габрыэль: “18 студзеня 2009 году ў Чашніках Віцебскай вобласьці быў суд. Аднавілі на рабоце Аляксея Габрыэля, які працаваў у ахове ДРЭС. Ён жа ачольвае незалежны прафсаюз Лукомскай ДРЭС. Быў звольнены па ініцыятыве адміністрацыі ДРЭС, але, дзякуючы дзеяньням старшыні Кангрэсу незалежных прафсаюзаў Беларусі Рышука Аляксандра, на працы Габрыэль быў адноўлены. Дзеяньні прафсаюзаў моцна закранулі кіраўнікоў ДРЭС і пракурора. Імі была пададзена канстытуцыйная скарга ў Віцебскі абласны суд, разгляд адбудзецца 1 лютага 2010 году ў 11 гадзін у Віцебску. Не падабаюцца незалежныя прафсаюзы ў незалежнай Беларусі чыноўнікам, пракурорам і шматлікім кіраўнікам, залежным ад уладаў”.

Спадар: “Сьцьвярджэньне Аляксандра Рыгоравіча пра тое, што мы ў 2011 годзе будзем жыць, як эўрапейцы. Госпадзе, Аляксандар Рыгоравіч, напэўна, фантазёр вялікі, далібог! Сорам слухаць. Вось у Эўразьвязе кошты падняліся за апошні год на 0,2—0,5 працэнта, а ў нас — больш як на 10. Як жа мы будзем жыць, калі ў нас галеча ў кожным доме? Я ўжо не кажу пра пэнсіянэраў, там увогуле справа дрэнь”.

Васіль Цюхай: “Добры дзень. Я набыў часопіс у шапіку, называецца “Вокруг света”. Дробнымі літарамі “Беларусь”,-- і папаўся на кручок. Выдаўцы разьлічвалі, што чытачы пазнаюць савецкі часопіс “Вокруг света”, даволі цікавы для свайго часу. На вокладцы прыгожыя краявіды, усё як мае быць. На першых палосах, пад вокладкай — Лукашэнка. Надрукавалі б яго партрэт на вокладцы — ніводзін чалавек ня ўзяў бы. Атрымліваецца, Лукашэнка — нібыта нейкі сорам, які трэба прыхаваць за прыгожай абгорткай”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG