Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ледавіковая» хроніка крызісу: 17 — 23 студзеня


Сьцюдзёнае надвор’е, якое ўсталявалася на гэтым тыдні, выявіла яшчэ адну праблему беларускай прамысловасьці — непрыстасаванасьць вытворчых магутнасьцяў да экстрэмальных умоваў. Людзі скардзяцца, што мерзнуць на працы. Паводле санітарных нарматываў, тэмпэратура паветра ў памяшканьнях не павінна апускацца ніжэй за 16 градусаў. Але насамрэч у цэхах значна халадней. Як уплывае «ледавіковы пэрыяд» на працоўную актыўнасьць?

На Гарадзеншчыне пакутуюць ад холаду працаўнікі кожнага трэцяга прадпрыемства. Санслужбы выявілі больш як 20 вытворчых памяшканьняў, увогуле не прыстасаваных для зімовай працы. Так, у цэхах Бярозаўскай гуты, як кажуць працаўнікі, цёпла толькі побач з печамі, дзе выдзьмуваюць шкло:

«Калі на вуліцы мароз, то ўсе сядзяць у ватных фуфайках. Бо памяшканьне цэха вялізнае і яго, канечне, цяжка абагрэць. Асноўнае цяпло па цэху ідзе ад самой печы, а не ад сыстэмы ацяпленьня. І чым далей ад яе — тым халадней».

На Слонімскім льнозаводзе рабочы скардзіцца, што ўмовы працы тут не зьмяняліся гадамі: холадна, а пылу шмат і зімой і ўлетку. Адміністрацыя на гэта не зьвяртае ўвагі:

«Сродкаў амаль не хапае на заробак. А што тычыцца бытавых умоваў — там усё трэба рабіць. І новыя сеткі ў душ, і падлогу трэба рабіць, і кафлю класьці, і ацяпленьне рабіць — усё трэба і трэба паўсюль...».

Спадарыня, якая працуе ў памяшканьнях гарадзенскага прадпрыемства «Радыёхваля» кажа, што ўмовы адпачатку былі невыносныя,
На сабе 5 адзёжак і не павярнуцца.
паколькі старое памяшканьне і ніякага рамонту ў былых цэхах не рабілася гадамі:

«Холадна вельмі. Вокны вялікія, у іх шчыліны, дзіркі, а на вуліцы зіма, вецер. Батарэі грэюць, але ў нас цёпла, калі 14 градусаў, а бывае яшчэ меней... На сабе 5 адзёжак і не павярнуцца, сьпіна баліць ад цяжару, што на ёй...»

У райцэнтры Масты найбольш скардзяцца працаўнікі тамтэйшага дрэваапрацоўчага аб’яднаньня «Мастоўдрэў». Гэта самае буйное прадпрыемства горада:

«У нас ёсьць цэх зусім халодны, дзе замярзаюць пілы. Калісьці ён ацяпляўся, стаялі калярыфэры, цяпер нічога няма, але гэтага няма даўно, гадоў, мабыць, з пятнаццаць. Гэта ўжо ўвайшло не ў сыстэму нават, у звычку. Гэты цэх называецца „фанэрная біржа“, там пілуюць бярвеньне для фанэрнага цэху».

На Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў тэмпэратура ў некаторых цэхах ня толькі не адпавядае санітарным нормам, але нават мінусавая. Пра гэта паведаміла работніца зборачнага цэху, грамадзкі інспэктар працы Аксана Кернажыцкая:

«Там, дзе я працую, пасярод цэха, там у мяне тэмпэратура трымаецца 11, 12, 13 градусаў. А дзе людзі каля варот людзі працуюць там і 9, і 10 градусаў. А другіх цэхах і пяць ёсьць, і мінусавая ёсьць».

Незадаволеная ўмовамі працы Аксана Кернажыцкая запатрабавала ад адміністрацыі іх паляпшэньня. Да яе патрабаваньняў пачалі далучацца і іншыя работнікі. Аднак, па словах суразмоўніцы, кіраўніцтва на пратэст адрэагавала прадказальна: хочаш працаваць, то працуй, а ня хочаш — ідзі за вароты. Пры кантрактнай сыстэме асабліва не павыступаеш.

У аддзеле аховы працы завода прэтэнзіі работнікаў часткова прызнаюць, аднак адмаўляюць, што людзі калектыўна незадаволеныя ўмовамі працы:

«Ніхто ня скардзіўся, акрамя яе. У адных цэхах тэмпэратура адпавядае. У другіх не. У нас ёсьць гарэлкі з інфрачырвоным выпраменьваньнем, каб падтрымліваць тэмпэратуру. Выдалі ім курткі цёплыя. Акрамя таго, зрабілі пакоі для харчаваньня, гарбата там стаіць. Нашае прадпрыемства ня самае горшае і па тэмпэратурным рэжыме, і па іншых паказчыках».

На заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў працуе больш за тысячу чалавек. У афіцыйных паведамленьнях яно падаецца як адно з самых пасьпяховых на Магілёўшчыне.

Па-ранейшаму ў «замарожаным» стане — але зусім не з кліматычных прычын — беларуска-расейскія адносіны ў галіне пастаўкі энэрганосьбітаў.

На стадыі «ліставаньня» закансэрваваліся перамовы аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь. Паводле блізкай да перамоваў крыніцы ў расейскім урадзе, у сваім апошнім лісьце да віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі ягоны расейскі калега Ігар Сечын дэталёва аргумэнтаваў расейскую пазыцыю:

«Чакаем наступнага кантакту. Перамовы пакуль ня йдуць. Усе мы ў чаканьні беларускага боку, калі яны пачнуць рухацца ў напрамку расейскай пазыцыі. Я не выключаю, калі той бок будзе рабіць непартнэрскія крокі, то, адпаведна, люстэркава будзе рабіць нешта і расейскі бок».

13 студзеня Аляксандар Лукашэнка накіраваў ліст Дзьмітрыю Мядзьведзеву, у якім гаворыцца: падчас сустрэчы 10 сьнежня мінулага году кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся, што цягам 2-3 першых месяцаў 2010 году нафта будзе паступаць у Беларусь бязмытна, а за гэты час бакі ўзгодняць новыя ўмовы. Але потым расейскі бок скасаваў дамоўленасьці і выставіў умовы, непрымальныя для Беларусі. Крыніца ў расейскім урадзе гэта зьняпраўджвае:

«Падчас перамоваў даслоўна гэтага не было. Былі словы пра тое, што трэба дамаўляцца, трэба экспэртаў дзьвюх краін саджаць за стол перамоваў. Але ніхто не казаў, што пакуль ідуць перамовы, 2-3 месяцы нафта ідзе бязмытна. Мы падымалі ўсе стэнаграмы, глядзелі. Мы прапаноўвалі 5 мільёнаў, а потым сказалі — добра, ідзем на саступкі, даем 6,3. Вось гэта памянялі, у гэтым выпадку памянялася наша прапанова. А ў астатнім пазыцыя не зьмянялася».

17 студзеня Лукашэнка атрымаў адказ ад Мядзьведзева. Ліст утрымлівае паўтарэньне ранейшай расейскай пазыцыі і адну заклапочанасьць: Расея непакоіцца нафтавым транзытам празь Беларусь. Дзьмітры Мядзьведзеў прапануе, каб прэм’еры дзьвюх краін зрабілі сумесную заяву ўрадаў, якая гарантавала б бесьперабойны транзыт расейскіх энэргарэсурсаў у Эўропу. Аналітык у нафтавай галіне Тацяна Манёнак мяркуе: гэта сьведчыць пра занепакоенасьць расейскага боку транзытам нафты празь Беларусь:

Тацяна Манёнак
«Вырашэньне пытаньня зацягваецца на нейкі нявызначаны час, і ёсьць пэўная трывога ў расейскіх кампаніяў, што можа паўтарыцца сытуацыя двухгадовай даўніны і беларускі бок можа прыняць такое рашэньне, у выніку якога могуць быць прыпыненыя пастаўкі нафты».

Большая частка расейскай нафты, якая ідзе празь Беларусь, спажываецца ў Польшчы. На пачатку студзеня польскі бок выказваў непакой, што зноў, як і ў 2007 годзе, можа адбыцца зрыў паставак. Экспэрт варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысіньскі прапанову Мядзьведзева падпісаць урадавую заяву аб гарантаваньні транзыту нафты ацаніў так:

Каміль Клысіньскі
«Расея тут упершыню міргнула вокам, паказала, што ў пэўны момант можа дзеля транзыту, дзеля захаваньня твару на Захадзе, свайго рэнамэ як надзейнага пастаўшчыка энэрганосьбітаў — саступіць, каб не ствараць нэрвовай атмасфэры, няпэўнасьці. Хаця на 100% цяжка нешта сьцьвярджаць. Тым ня меней, калі размова ідзе аб перамоўнай тактыцы, гэтая інфармацыя можа аказацца на карысьць беларускаму боку. З гэтым ён можа гуляць».

У беларускім урадзе не ўдалося знайсьці пацьвярджэньня, што заява двух прэм’ераў пра надзейнасьць транзыту нафты ў Эўропу рыхтуецца. У расейскай амбасадзе ў Менску, у прэсавай службе ўраду Расеі і ў кампаніі «Транснефть» камэнтаваць прапанову Мядзьведзева адмовіліся.

Самі ж перамовы пра пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь замарожаныя. Паводле незалежных экспэртаў, беларускія перапрацоўчыя заводы загружаныя напалову. У канцэрне ж «Белнафтахім» заяўляюць, што галіна працуе ў стандартным рэжыме.

Высокая напруга плюс высокая палітыка. Чарговы раўнд перамоваў у пытаньнях транзыту расейскай электраэнэргіі празь Беларусь у Калінінградзкую вобласьць і краіны Балтыі адбыўся 22 студзеня ў Менску.

Папярэднія энэргетычныя перамовы прайшлі 12 студзеня ў Менску і 14 студзеня ў Маскве. Перамоўнікі ад «Белэнэрга» і прадстаўнікі кампаніі «Інтер РАО ЕЭС» не ўзгаднілі ўмовы камэрцыйных паставак электраэнэргіі празь Беларусь. Расейскі бок абураны намерамі Менску падвысіць кошт транзытных паслугаў больш як у 5 разоў. У «Белэнэрга» такі крок тлумачаць амаль 10-разовым меркаваным павелічэньнем аб’ёмаў падачы электраэнэргіі ў Літву ў зьвязку з закрыцьцём Ігналінскай АЭС. А гэта, маўляў, патрабуе істотнага росту выдаткаў. Яшчэ на пачатку студзеня прадстаўнікі «Белэнэрга» не выключалі магчымасьці спыненьня «несанкцыянаванага перамяшчэньня» электраэнэргіі празь сеткі беларускай энэргасыстэмы.

Экспэрт у энэргетычнай галіне Валянцін Мацкевіч шмат гадоў адпрацаваў у сыстэме Міністэрства энэргетыкі і са свайго досьведу робіць выснову: перамовы зайшлі ў эканамічны тупік, выруліўшы ў палітычную плоскасьць:

І электрычнасьць, і нафта — усё цяпер знаходзіцца па-за эканамічнымі рамкамі.
«Відавочна, што зараз, пасьля ўсіх папярэдніх спробаў дамовіцца, гэтыя спрэчкі перайшлі ў рэчышча палітычнае. І электрычнасьць, і нафта — усё цяпер знаходзіцца па-за эканамічнымі рамкамі. І пакуль ня будзе дакладна вызначаны ўзровень міждзяржаўных адносінаў, памер ільготаў (і ці будуць гэтыя ільготы ўвогуле) — да таго часу будзе працягвацца палітычная гульня. Канечне, час ідзе і ўжо павінны быць нейкія дамоўленасьці. Бо бясконца так існаваць немагчыма: эканоміка ёсьць эканоміка — яна павінна працаваць».

Перад перамовамі Менск крыху ўтаймаваў апэтыты: «Белэнэрга» настойвае на падвышэньні стаўкі транзыту электраэнэргіі не ў 5,5 раза, а толькі ў 2,5. Аднак расейскі бок не пагаджаецца і на такія ўмовы.

Як і ў выпадку зь мінулагодняй малочнай вайной, калі спрэчка ледзьве не прывяла да аднаўленьня паўнавартаснай беларуска-расейскай мяжы, Аляксандр Лукашэнка зноў у якасьці «жалезнага аргумэнту» пазірае на «саюзнае» памежжа. 18 студзеня ён выказаў занепакоенасьць у сувязі з інфармацыяй, якая паступае да яго з усходніх рубяжоў:

«Насуперак нашым дамоўленасьцям, адбываецца ўзмацненьне кантролю на мяжы», — заявіў ён. Падазронасьць беларускага прэзыдэнта зьняпраўдзіў кіраўнік прэс-службы Смаленскай мытні Ўладзімер Сафонаў:

«З 1 студзеня нічога на памежжы Беларусі і Расеі не зьмянілася. Ніякіх дакумэнтаў што да ўзмацненьня або зьмяненьня памежнага кантролю, не было. Адзінае, што з 1 студзеня ўступіў у дзеяньне адзіны мытны тарыф Мытнага саюзу. Але гэта тычыцца хіба тарыфных ставак. І ёсьць зьмены аўтамабільных патокаў: пасьля выходных узмацняецца рух, бо беларускія перавозчыкі хочуць у выходныя дома адпачыць, а ў нядзелю ўвечары рух узмацняецца. Больш у нас нічога не мянялася».

Аднак некаторыя кіроўцы магілёўскіх транспартных прадпрыемстваў насамрэч скардзяцца, што іх даймаюць чэргі й прыдзіркі расейскіх мытнікаў да дакумэнтацыі. Абвастраюцца праблемы падчас гэтак званых харчовых войнаў. Каб праехаць, даводзіцца даваць хабар:

«Няма ўзаемапаразуменьня з боку расейцаў. Ім усё адно, ёсьць мы ці няма. У іх адназначная пазыцыя: едзеш — плаці, правярай, нясі. У чарзе адстойваеш, пакуль правераць дакумэнты».

Паводле іншага кіроўцы, расейцы іншым разам самі наўмысна замаруджваюць праверку дакумэнтацыі:

«Гэтыя праблемы заўжды. Час ідзе на афармленьне. Чэргі бываюць. Яны сёньня ёсьць, заўтра няма, пасьлязаўтра зноў зьяўляюцца. Нестабільна. Калючага дроту няма, але збудаваньні нейкія стаяць. Хоць будынкамі іх назваць цяжка — хіба будкі».

Вальней пачуваюць сябе на мяжы жыхары блізкіх райцэнтраў і вёсак. На кантрольна-прапускныя пункты яны заяжджаюць рэдка, бо ведаюць лясныя сьцежкі, каб іх абмінуць. Нейкага ўзмацненьня кантролю тутэйшыя не адзначаюць.
XS
SM
MD
LG