Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжурадавае пагадненьне аб супрацы ў будаўніцтве АЭС на тэрыторыі Беларусі можа быць падпісана ўжо ў лютым, — паведаміў сёньня намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк у часе он-лайн канфэрэнцыі на сайце інфармагенцыі БелТА.

У той жа час пэўнага адказу расейскага боку наконт крэдытаваньня будаўніцтва АЭС пакуль няма. Праціўнікі будаўніцтва АЭС у Беларусі лічаць, што казаць пра дакладны час будаўніцтва АЭС у Беларусі — зарана.

“Генэральны кантракт, я думаю, мы падпішам у першым паўгодзьдзі”, — паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі. — (...) Па крэдытным пагадненьні — быў зварот ураду аб выдзяленьні крэдыту (...) Сёньня адмовы Расейскай Фэдэрацыі ў гэтым сэнсе няма”.

Але ж няма і згоды, — падкрэсьлівае Іван Крук, грамадзкі актывіст з Астраўца:

Іван Крук
“Насамрэч пакуль грошай няма! Шэсьць месяцаў яшчэ будзе абмяркоўвацца гэтае пытаньне. Пакуль яшчэ сваё “дабро” не далі ў МАГАТЭ. Таму што не было паўнавартаснага, аб’ектыўнага абмеркаваньня, усё ў закрытым рэжыме было тады, матэрыялы дасьледаваньня па ўзьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе як сьлед не далі прадставіць”.

Тым часам Міхаіл Міхадзюк назваў вельмі канкрэтныя тэрміны будаўніцтва АЭС: “ Два энэргаблёкі агульнай магутнасьцю каля 2,4 тыс. МВт з уводам у эксплюатацыю першага энергаблёку ў 2016 годзе і другога — у 2018 годзе”.

Паводле разьлікаў, выкананых навукоўцамі НАН Беларусі, “з запускам АЭС сабекошт электраэнэргіі ў цэлым па энэргасыстэме зьнізіцца прыкладна на 20%”. Гадавы аб’ём закупак прыроднага газу скароціцца на 4-5 млрд. куб.м. Як паказвае аналіз, паліўны складнік у сабекошце вытворчасьці электрычнай энэргіі на АЭС складае ў сьвеце ад 12 да 25%, у той час як на звычайных электрастанцыях – каля 70%.

Паводле слоў Міхадзюка, ужо распачалі работы па стварэньні асноўнай вытворчай базы на Астравецкай пляцоўцы. “Піянэрную базу мы пачалі будаваць яшчэ летась, а сёлета працягнем гэтую працу. Калі будзе закладзены першы камень у падмурак? Я думаю, у наступным годзе, а можа, і ў гэтым. (...) Усё будзе залежаць ад наяўнасьці праектна-каштарыснай дакумэнтацыі, вырабленай расейскім бокам”.

А паводле Івана Крука, працы на Астравецкай пляцоўцы, выглядае, прыпыніліся. На яго думку, прычына — у міжнароднай рэакцыі на паведамленьне пра будоўлю АЭС без абмеркаваньня з грамадзтвам:

“Мяне вельмі ўсьцешыла, што Літва ўжо ўзьняла пытаньні — 38 пытаньняў яны маюць да беларускага боку ў зьвязку з будаўніцтвам АЭС. Паднялі пытаньне гэтае і Ўкраіна, і Эстонія... То бок пачаўся працэс міжнароднага абмеркаваньня неправамоцнасьці будаўніцтва”.

Згодна са словамі спадара Міхадзюка, на дадзены момант магутнасьць усіх электрастанцыяў беларускай энэргасыстэмы складае каля 8300 МВт, зь іх 7984 МВт (96%) прыпадае на электрастанцыі ДПА “Белэнэрга”. Максымум спажываньня магутнасьці ў 2009 годзе склаў 6000 МВт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG