Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі дзяржаўны канцэрн Атамбудэкспарт страціў кантракт на пабудову першай атамнай электрастанцыі ў Турэччыне. Рашэньню ўраду на мінулым тыдні аб ануляваньні тэндэру папярэднічала забарона на выкананьне кантракту Найвышэйшым апэляцыйным судом Турэччыны.

Паводле турэцкіх энэргетычных экспэртаў, гэты крок быў выкліканы нежаданьнем Анкары павышаць энэргетычную залежнасьць ад Расеі, бо Крэмль, па іх словах, выкарыстоўвае энэргетыку ў якасьці палітычнага рычагу. Рашэньне было прынята нягледзячы на тое, што Турэччына на 70% залежыць ад расейскіх энэргетычных паставак.

Анкара плянуе абвясьціць новы падвойны тэндар на пабудову дзьвюх атамных электрастанцыяў на пачатку наступнага году.

Атамбудэкспарт быў адзіным прэтэндэнтам на падрадчыка ў пабудове і абслугоўваньні турэцкай АЭС, нягледзячы на тое, што зацікаўленасьць ва ўдзеле ў тэндары выказалі яшчэ 5 карпарацыяў з Канады, Бэльгіі-Францыі, Нідэрляндаў і дзьве турэцкія. Расейскі канцэрн, аднак, стаў адзіным, хто ўклаўся ў прадстаўлены тэрмін для падрыхтоўкі праекту.

Раней паведамлялася, што запуск іранскай атамнай электрастанцыі ў Бушэры, які быў прызначаны на сьнежань, можа быць адкладзены з-за тэхнічных прычынаў. Гэтую станцыю таксама будуе Атамбудэкспарт, які плянаваў здаць АЭС яшчэ ў 1999 годзе, але дату заканчэньня будаўніцтва ўвесь час пераносілі.

Менавіта “Атамбудэкпарт” быў абраны для будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі – ён абавязаўся выканаць будаўніцтва «пад ключ”. Падпісаньне міжурадавага беларуска-расейскага пагадненьня павінна адбыцца бліжэйшым часам.

Увод першага энергаблёку беларускай АЭС чакаецца ў 2016 годзе, другога – у 2018-м.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG