Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залішняе сядзеньне скарачае жыцьцё


Belarus - Health section generic image (Leonardo)

Belarus - Health section generic image (Leonardo)

Новае дасьледаваньне аўстралійскіх навукоўцаў пацьвярджае, што людзі, якія праводзяць жыцьцё на канапе, жывуць менш, – паведамляе газэта “Нью-Ёрк Таймс”.


Дасьледаваньне праводзілася на васьмі тысячах васьмістах чалавек ва ўзросьце 25 гадоў і старэйшых на шэсьць з паловай гадоў. Высьветлілася, што кожная лішняя гадзіна, штодня прабаўленая ля тэлевізара, можа павысіць рызыку заўчаснай сьмерці ад сардэчных захворваньняў на 18 працэнтаў і на 11 працэнтаў павялічыць агульную сьмяротнасьць.

80 працэнтаў людзей, якія глядзяць тэлевізар чатыры і болей гадзіны штодня, маюць больш шанцаў памерці ад сэрцава-судзінных захворваньняў, чым тыя, якія глядзяць дзьве гадзіны і меней, а 46 працэнтаў – болей шанцаў памерці ад розных іншых прычынаў. І тут ня мае значэньня, ці маюць яны лішнюю вагу.

Зусім верагодна, што ўжо захварэлыя людзі больш глядзяць тэлевізар, чым пакуль яшчэ здаровыя. Таму аўстралійскія навукоўцы выключылі з дасьледаваньня сардэчнікаў і зрабілі папраўкі на розьніцу ў такіх фактарах рызыкі, як харчаваньне і паленьне.
Перавагі фізычнай актыўнасьці ўжо дастаткова добра вывучаны, цяпер расьце цікавасьць дасьледчыкаў да вывучэньня наступстваў маларухомага ладу жыцьця. “Многія людзі штодня проста перасаджваюцца з аднаго крэсла ў іншае – з сядзеньня аўтамабіля ў офіснае крэсла, а адтуль – у фатэль перад тэлевізарам”, – кажа аўтар дасьледаваньня Дэвід Дунстан з Інстытуту сардэчных захворваньняў і дыябэту імя Бэйкера ў аўстралійскай Вікторыі. Ён папярэджвае, што “нават калі нехта мае нармальную вагу цела, працяглае сядзеньне нездарова ўплывае на цукар і тлушч крыві”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG