Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На запыты па-беларуску адказваюць па-расейску


Агляд недзяржаўнай прэсы

Тыднёвік “Наша Ніва” запрашае “Па машыны ў Літву”. Паездка па аўтамабіль у суседнюю краіну дазволіць ашчадзіць каля тысячы эўра.

Ад 1-га ліпеня мыты на ўвоз аўто фізычнымі асобамі вырастуць да ўзроўню расейскіх. Літву калісьці лічылі аўтамабільным раем для беларусаў і расейцаў. За апошнія гады выбар зьменшыўся, але ўсё роўна краіна застаецца асноўнай пляцоўкай для пакупкі машынаў. Буйныя аўтарынкі Літвы працуюць у Марыямпалі, Коўне, Клайпедзе і ў Гарунах пад Вільняй. “НН” дае слушныя парады жадаючым набыць аўтамабіль і параўноўвае кошты.

“Газэта Слонімская” зьмяшчае рэпартаж з выміраючай вёскі “Я прызвычаіўся жыць ў адзіноце”. Распавядае слонімскі журналіст Мікола Канановіч:

“Расповед ідзе пра Віктара Іванавіча Шундрыка, адзінага жыхара вёскі Нарастовічы. Нашы карэспандэнты дабіраліся да гэтай вёскі пешшу, дарог да яе няма ніякіх. Акрамя Віктара Шундрыка, там увогуле ўжо ніхто не жыве. Ён працаваў у мясцовым калгасе, зараз гэта СПК Васілевічы. Пасьля выхаду на пэнсію застаўся ў сваёй вёсцы, хаця яму прапанавалі кватэру ў саміх Васілевічах, але ён адмовіўся. Так і застаўся адзін у гэтай паміраючай вёсцы”.

“Бобруйский курьер» б'е трывогу: на афіцыйныя запыты па-беларуску зь дзяржаўных ўстановаў адказы прыходзяць выключна па-расейску. З працягам журналіст Віктар Качан:

“Аляксандар Леаненка зьвярнуўся са скаргай ў аўтобусны парк. Ліст ён напісаў па-беларуску, але адказ прыйшоў на расейскай мове. Праз два месяцы гісторыя паўтарылася. Аляксандар зноў зьвярнуўся ў аўтобусны парк па-беларуску, але з настойлівай просьбай і адказ прыслаць па-беларуску. Адказ зноў прыйшоў на расейскай мове, маўляў, парушэньняў ніякіх няма, згодна з Канстытуцыяй, у Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы”.

Слуцкі “Інфа-кур'ер” падае падрабязнасьці масавай бойкі, якая адбылася днямі ў мясцовай рэстарацыі “Вежа” і ў якой удзельнічала больш за тры дзесяткі чалавек. Лёталі крэслы, біўся посуд, у бойку ўцягнуліся нават жанчыны, а жарсьці накаліліся настолькі, што нават нараду міліцыі быў учынены супраціў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG