Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часу чытаць кніжкі ў мяне штораз менш, а яшчэ менш — каб іх перакладаць. Дык вось мне падумалася, што я выпішу тут пяць загалоўкаў кніжак, якія я з ахвотай прачытаў бы па-беларуску, калі б нехта пераклаў. Магчыма, нехта надумаецца перакласьці. Каб нарабіць смаку такім перакладчыкам, я дазволіў сабе перакласьці па кавалачку з гэтых твораў.


Яцэк Дукай, "Лёд", Польшча (Jacek Dukaj, "Lód", 2007)


У 1908 годзе нешта ўпала ў Сыбіры каля ракі Падкаменная Тунгуска, нарабіўшы шмат гармідару і наламаўшы шмат дрэваў у тайзе. Што гэта дакладна было — і сёньня навукоўцы ня вельмі каб ведалі. Нешта з космасу, няйначай. У рамане Яцка Дукая гэтае касьмічнае
"штось" зьмяняе глябальны клімат — з "нулявога пункту", у якім тэмпэратура раўняецца ці не абсалютнаму нулю, у сьвет пачынаюць ісьці хвалі моцнага марозу. Разам з радыкальнай зьменай клімату зьмяняюцца і некаторыя законы фізыкі. Зьяўляюцца раней невядомыя матэрыялы і мінэралы, выраб і здабываньне якіх дае Сыбіры вялізарныя даходы.

У 1924 годзе, калі пачынаецца раман Дукая, у палоне марозу і лёду знайшлася ўся Расея ды вялікая частка прылеглых да яе тэрыторый. Тое "штось" замарозіла ня толькі зямлю, але і гісторыю. У Эўропе ня здарылася Першая сусьветная вайна, Прусія і Аўстра-Вугоршчына працягваюць існаваць. У Расеі ня здарылася бальшавіцкая рэвалюцыя, і ў 1924 годзе Расеяй далей кіруе цар Мікалай ІІ. Няма і незалежнай Польшчы. Варшава, як Масква і Пецярбург, знаходзіцца пад лёдам. Па сьвеце гуляюць "лютыя"— невытлумачальныя для навукі згусткі мерзлаты і лёду, кантакт зь якімі прыносіць чалавеку сьмерць. Яны могуць зусім нечакана "вымарожвацца" зь зямлі і "прамарожвацца" праз што заўгодна.

Галоўнага героя "Лёду", маладога матэматыка Бэнэдыкта Гераслаўскага з Варшавы, расейскае Міністэрства Зімы высылае транссыбірскім экспрэсам у Іркуцк зь не зусім каб яснай місіяй. Рэч у тым, што раней расейцы саслалі ў Сыбір на катаргу ягонага бацьку-сацыяліста. Паводле легендаў сярод тубыльскага жыхарства і дакладаў тайнай паліцыі, старэйшы Гераслаўскі ўвайшоў у кантакт зь "лютымі" і можа зь імі "размаўляць". Некаторыя мяркуюць, што гэта ён кіруе "лютымі" і можа загадваць ім замарозіць нешта або размарозіць. Інакш кажучы, існуе магчымасьць, што ён МОЖА КІРАВАЦЬ ГІСТОРЫЯЙ.

Дык вось, малады Гераслаўскі мае заданьне адшукаць бацьку і папрасіць яго зрабіць зь "лютымі" тое, чаго хоча цар. Цар, здаецца, хоча размарозіць Расею. Але ня ўсе гэтага хочуць. Ня хочуць гэтага расейцы і сасланыя палякі ў Сыбіры, бо новы клімат даў ім неверагодныя магчымасьці багацець на гандлі матэрыяламі і тэхналёгіямі Зімы. Таварышы па зброі старога Гераслаўскага ў Польшчы таксама ня хочуць, каб Расея размарозілася — яны перадаюць праз "Сына Марозу" зашыфраваную просьбу, каб "Бацька Мароз" размарозіў толькі Польшчу і Ўкраіну па Дняпро, а ўсё астатняе хай застанецца пад лёдам...

Раман Дукая разгортваецца на 1054 старонках. Кніжка, нічога што з фантастычным сюжэтам, нагадвае дабротныя рэалістычныя раманы ХІХ стагодзьдзя, якія так прыемна чытаць у доўгія зімовыя вечары і шкадаваць, што некалі прыемнасьць такога чытаньня мусіць скончыцца. Дукай адрадзіў у Польшчы традыцыю таўшчэзных раманаў, знакаміта распавёўшы рэалістычную гісторыю з альтэрнатыўнага сьвету. Для беларусаў ягоная кніга цікавая яшчэ і тым, што яна дае забаўную альтэрнатыву расейскай гісторыі, якая прыгнятала і працягвае прыгнятаць увесь нацыянальны беларускі дыскурс. Палякі ўжо свабодныя ад гэтага комплексу. Яны ўжо могуць пазабаўляцца расейскімі мітамі дзеля ўласнай пацехі, а ня бачыць у расейцах і Расеі толькі чужых і чужое...

Фрагмэнт першага разьдзелу ("люты" ў цэнтры Варшавы):


Sanie zwolniły, gdy minęliśmy Nowogrodzką. Woźnica wskazał coś batem. Wóz przed nami zjeżdżał na trotuar. Kirył obejrzał się za siebie. Wychyliłem się w prawo. Na skrzyżowaniu z Alejami Jerozolimskimi stali dwaj policjanci, za pomocą gwizdków i krzyku spędzając ruch ze środka jezdni - nad jezdnią przemarzał właśnie luty.

Na kilka minut utknęliśmy w spowodowanym przezeń zatorze. Zazwyczaj lute przemieszczają się ponad dachami, w miastach rzadziej do ziemi schodząc. Nawet z takiej odległości zdawało mi się, że czuję płynące od niego fale zimna. Zadrżałem i odruchowo wcisnąłem brodę w kołnierz kożucha. Czynownicy Ministerjum Zimy wymienili spojrzenia. Iwan zerknął na zegarek. Po drugiej stronie ulicy, za słupem ogłoszeniowym oblepionym plakatami reklamującemi walkę zapaśniczą w cyrku na Okólniku, po angielsku ubrany mężczyzna rozstawiał archaiczny aparat fotograficzny, by zrobić zdjęcie lutego; zdjęcie najpewniej i tak nie ukaże się w gazecie, skonfiskowane przez ludzi z Miodowej. Iwan i Kirył nawet nie zwrócili na niego uwagi.

Luty był wyjątkowo żwawy, przed zmrokiem powinien zdążyć przejść na drugą stronę Marszałkowskiej, przez noc wespnie się nad dachy, do piątku zdoła dotrzeć do gniazda nad kinoteatrem. Kiedy w zeszłym roku mroźnik przechodził z Pragi do Zamku Mostem Aleksandryjskim, Most zamknięto na blisko dwa miesiące. Tymczasem ten tutaj glacjusz – poczekać kwadransik i pewnie mógłbym dostrzec jego ruch, jak przemarza z miejsca na miejsce, przesuwa się w lodzie, lodem, od lodu do lodu, jak pęka za nim jedna, potem druga nić krystaliczna i osypuje się powoli sinobiały rozkrusz, minuta, ksztr, dwie minuty, ksztr, wiatr porywał wraz ze śniegiem co lżejsze drobiny, lecz większość wmarzała w czarną taflę ścinającą za lutym uliczne błoto, lód lodu; i ta ścieżka chropowatej zmarzliny, jak ślad ślimaczego śluzu, ciągnęła się kilkadziesiąt metrów na wschód Jerozolimskich, i po trotuarze, i po elewacji hotelu. Resztę skuli już zimownicy lub sama odmarzła; wczoraj po południu termometr u Szniccera pokazywał pięć stopni wyżej zera.


Сані запаволілі, калі мы мінулі Навагродзкую. Вазак паказаў на нешта пугай. Воз перад намі зьяжджаў на тратуар. Кірыл азірнуўся. Я перахіліўся направа. На скрыжаваньні зь Ерусалімскімі алеямі стаялі два паліцыянты, пры дапамозе сьвісткоў і крыку зганяючы рух зь сярэдзіны вуліцы — над брукам якраз перамарожваўся люты.

На некалькі хілінаў мы завязьлі ў выкліканым ім заторы. Звычайна лютыя перамяшчаюцца па-над дахамі, у гарадах толькі зрэдку сыходзячы да зямлі. Нават на такой адлегласьці мне здавалася, што я адчуваю хвалі холаду, якія наплывалі ад яго. Я задрыжаў і мімаволі ўціснуў галаву ў каўнер кажуха. Чыноўнікі Міністэрыі Зімы пераглянуліся. Іван зірнуў на гадзіньнік. Па другі бок вуліцы, за слупам з аб’явамі, абклееным афішамі з рэклямай баруканьня ў цырку на Акульніку, па-ангельску адзеты мужчына расстаўляў старасьвецкі фотаапарат, каб зрабіць здымак лютаму; здымак, найбольш верагодна, канфіскуюць людзі зь Мядовай, і ён не пакажацца ў газэце. Іван і Кірыл не прысьвяцілі фатографу ні каліва ўвагі.

Люты быў асабліва жвавы, да змроку ён павінен пасьпець перайсьці на другі бок Маршалкоўскай, за ноч ён уздымецца над дахамі, да пятніцы дойдзе да гняздоўя над кінатэатрам. Калі летась марозьнік пераходзіў з Прагі да Замка па Александрыйскім мосьце, мост закрылі на амаль два месяцы. А вось гэты гляцыюш — пачакаць усяго хвілін пятнаццаць, і я, мабыць, мог бы згледзець яго рух, як перамарожваецца зь месца на месца, перасоўваецца ў лёдзе, лёдам, ад лёду да лёду, як лопае за ім адна, потым другая крыштальная нітка і паволі абсыпаецца сіне-белае крышыва, хвіліна, кштр, дзьве хвіліны, кштр, вецер падхопліваў разам са сьнегам усе лягчэйшыя крышынкі, але большасьць умярзала ў чорную гладкую пласьцінку, у якую замярзала вулічная гразь, лёд лёду; і гэтая сьцежка шурпатай мерзаці як сьлед сьлімакавай сьлізі цягнулася некалькі дзясяткаў мэтраў на ўсход ад Ерусалімскіх Алеяў, і па тратуары, і па франтоне гатэля. Астатняе ўжо аддзяўблі зімоўнікі або само адмерзла; учора папоўдні тэрмамэтар у Шніцэра паказваў пяць градусаў вышэй нуля.


Больш перакладу чытайце ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG