Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Washington Post”: Сэзоннае пахаладаньне


Калі на дварэ студзень, то, здаецца, самы час Расеі весьці чарговую палітычна матываваную спрэчку наконт паставак энэргарэсурсаў з адным з сваіх суседзяў – піша сёньня “Washington Post”.

На гэты раз гаворка ідзе аб Беларусі – былой савецкай рэспубліцы, якую называлі “апошняй дыктатурай Эўропы”, пакуль сама Расея не адправілася ў тым жа напрамку. Аўтарытарны лідэр Аляксандр Лукашэнка па-ранейшаму кіруе ў Менску, але за апошнія пару гадоў ён зрабіў некалькі крокаў у бок адмовы ад апекі, якую ён у свой час прымаў з пуцінскага Крамля. На заклік заходніх урадаў Беларусь вызваліла з турмы некалькіх палітвязьняў, і ў адказ атрымала магчымасьць далучыцца да “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу. Спадар Лукашэнка таксама паставіў спадара Пуціна ў няёмкае становішча, адмовіўшыся прызнаць незалежнасьць двух марыянэткавых дзяржаў, што адкалоліся ад Грузіі і якія атрымалі падтрымку Масквы.

Нядзіўна, што па меры таго, як гэтая зіма набірае абароты, спадар Пуцін выбраў Беларусь для пакараньня. 1 студзеня Расея спыніла частку сваіх паставак нафты ў краіну, зноў выклікаўшы занепакоенасьць Заходняй Эўропы, якая атрымлівае вялікія аб’ёмы расейскай нафты праз трубаправод, што ідзе па тэрыторыі Беларусі. Пастаўкі аднавіліся праз пару дзён, але спадар Пуцін працягвае настойваць, каб Беларусь прыняла новае пагадненьне аб пастаўках, якое можа каштаваць ёй да 5 мільярдаў даляраў, што складае каля 10% ВУП.
Спадар Пуцін і яго прадстаўнікі настойваюць на тым, што гэта ўсяго толькі камэрцыйная спрэчка, якая прадугледжвае адмену расейскіх субсыдый. Тое ж самае яны казалі ў мінулым студзені, калі Расея спыніла пастаўкі газу Ўкраіне, а затым і ўсёй Эўропе, а таксама ў студзені 2007 году, калі быў зачынены трубаправод у Беларусь; і ў студзені 2006 году, калі адбылося папярэдняе спыненьне газавых паставак ва Ўкраіну. На мінулым тыдні, як і ў мінулым годзе, спадар Пуцін паказальна выклікаў да сябе міністра, каб той публічна “даў справаздачу” перад ім з нагоды канфлікту – каб ні ў каго не ўзьнікла ніякіх сумневаў у тым, хто ў Маскве займаецца гэтай справай.

Спадар Пуцін не адмовіўся ад сваёй мары аднавіць панаваньне Масквы над краінамі былога Савецкага Саюза – хаця інтрыгуе той факт, што чалавек, якога ён паставіў на сваё месца прэзыдэнта Расіі, Дзьмітры Мядзведзеў, нядаўна асудзіў тое, што ён назваў “хаатычнай” зьнешняй палітыкай , “прадыктаванай настальгіяй і забабонамі”. Часьцей за ўсё гэтая нехлямяжая тактыка абарочвалася супраць Масквы. Неўзабаве Ўкраіна можа абраць прэзыдэнта, які больш падабаецца Маскве, але краіна застаецца незалежнай дэмакратыяй. Тым часам, ня толькі Беларусь, але і такія краіны, як Азэрбайджан, Армэнія і нават Туркмэністан сьпяшаюцца пасябраваць з Захадам ці Кітаем. Са свайго боку, заходнеэўрапейскія краіны, залежныя ад расейскіх паставак энэргарэсурсаў, толькі што атрымалі свой штогадовы зімовы “трывожны званок”. 35% нафтавага імпарту Нямеччыны паступае па беларускім трубаправодзе. Калі ў нямецкім ўрадзе яшчэ застаўся хто-небудзь, хто па-ранейшаму верыць, што на Расею можна разьлічваць ў тым, што тычыцца гэтых паставак, ён, пэўна, праводзіць студзень ў тропіках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG