Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскія перамовы пра пастаўку нафты ў Беларусь у 2010 годзе зайшлі ў тупік. Прэс-сакратар беларускага ўраду Аляксандар Цімашэнка заявіў, што ў яго няма новай інфармацыі адносна перамоваў.

Нагадаем, 9 студзеня першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка вярнуўся з Масквы ні з чым. Бакі не дасягнулі дамоўленасьцяў, а толькі абмяняліся выкладамі сваіх пазыцый у пісьмовым выглядзе.

Крыніца ў расейскім урадзе, блізкая да перамоваў, паведаміла карэспандэнту “Свабоды”, што пакуль невядома, калі зноў прыедзе ў Маскву беларуская дэлегацыя:
па сутнасьці, ідзе субсыдыяваньне беларускай эканомікі ў памеры 6,3 мільёна тон нафты ў год ...

“У іх няправільная пазыцыя і рыторыка. Спроба праз мэдыі націснуць на расейскі бок, каб было больш саступак, гнуткасьці, як яны кажуць. Але так жа нельга. Пазыцыя расейскага боку палягала ў тым, што, па сутнасьці, ідзе субсыдыяваньне беларускай эканомікі ў памеры 6,3 мільёна тон нафты ў год. Беларускія калегі просяць больш, 8 мільёнаў тон і яшчэ больш. Але рэзоннае пытаньне: чаму 8, а не 6,3? Ёсьць жа пэўныя парамэтры, на якія можа пайсьці расейскі бок, ёсьць пэўныя ліміты і абмежаваньні”.

Вінавачаньні зь беларускага боку, што, маўляў, Расея раптоўна памяняла напрыканцы года сваю пазыцыю, крыніца ў расейскім урадзе зьняпраўдзіла.
Адпачатку была адна пазыцыя па ўсіх пунктах, і гэтыя пазыцыі былі выкладзены беларускаму боку ...

“Ніхто нічога не мяняў. Адпачатку была адна пазыцыя па ўсіх пунктах, і гэтыя пазыцыі былі выкладзены беларускаму боку. Аднак асаблівых зрухаў зь беларускага боку пакуль ня бачна. Ёсьць пазыцыі па тарыфах, па гэтай лічбе 6,3 мільёна тон і па тэрмінах ратыфікацыі таго дакумэнту, які павінен быць падпісаны і на падставе якога павінна пачацца адгрузка паводле новых тарыфаў і мыта. Гэта тры асноўныя пазыцыі, па якіх трэба зблізіцца. Цяпер мяч на баку беларускай дэлегацыі”.

Тым часам пастаўкі расейскай нафты на беларускія НПЗ працягваюцца. На “Нафтане” цьвердзяць, што сыравіны хопіць на некалькі тыдняў. Прэсавы сакратар “Транснафты” Ігар Дзёмін зьняпраўдзіў інфармацыю Ройтэр пра тое, што пастаўкі нафты былі нібыта спыненыя на пачатку году. Ён адзначыў у размове з карэспандэнтам “Свабоды”, што дамова зь Беларусьсю па пралянгацыі пагадненьня ад 2007 году не заключана. Адпаведна, ад 1 студзеня спаганяецца 100%-ае мыта.

“Але гэтае пытаньне ня наша. Наша пытаньне транспартнае. Мы пампуем. Аб'ёмы ні транзыту, ні спажываньня, у прынцыпе, не памяняліся параўнальна зь мінулым годам. Мы пастаўляем аб'ёмы, якія купленыя. Былі заключаны адпаведныя дамовы напрыканцы году. У рамках гэтых дамоваў мы транзыт ажыцьцяўляем, дапампоўваем той аб'ём, на які быў заключаны кантракт. Празь некаторы час мы прапампуем усё, на што дамоўлена. Гэта пытаньне некалькіх сутак. Звычайна заключаюцца новыя кантракты. Як толькі заключаны кантракт на аб'ём нафты, мы тут жа пачынаем яе прапампоўваць”.

Паводле крыніцы ў расейскім урадзе, пакуль што нафта паступае ў Беларусь, і гэта адбываецца згодна з расейскім заканадаўствам. Зь яе будзе спаганяцца мыта згодна з расейскім заканадаўствам, пакуль ня будзе падпісана новая дамова.
Пазыцыя беларускага боку: дайце нам больш ...

“Пазыцыя беларускага боку: дайце нам больш. А дзе аргумэнтацыя таго, што павінны даць больш, чым 6,3? Няма важкага аргумэнту. Калі ідзе відавочны торг, трэба зразумець, чаму хочуць больш, а ня столькі, колькі дае расейскі бок. Няма важкіх аргумэнтаў на карысьць беларускага боку. Але гэтыя аб'ёмы і так субсыдуюць беларускую эканоміку ў вельмі прыстойным аб'ёме ў грашовым вымярэньні. І — як пішуць беларускія мэдыі, што наша пазыцыя неканструктыўная, што мы жорсткую пазыцыю займаем, — гэта не адпавядае сапраўднасьці”.

Паводле крыніцы ў расейскім урадзе, пастаўкі нафты і ўмовы Мытнага саюзу — дзьве розныя сфэры, і нафтавыя перамовы ідуць па-за рамкамі Мытнага саюзу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG