Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыетычнае харчаваньне для хворага на страўнік Арцёма Дубскага адмянілі


Чаму вязьня магілёўскай калёніі Арцёма Дубскага, хворага на страўнік, перавялі з дыетычнага на звычайнае харчаваньне? Адвакат Павал Сапелка на выключае, што ў Вярхоўным судзе справа Мікалая Аўтуховіча «завісьне» больш як на месяц. Працэс над Андрэем Бандарэнкам паўтораць 1 лютага.

Арцём Дубскі падчас апошняга тэлефанаваньня дамоў паведаміў, што яго пазбавілі дыетычнага харчаваньня, якое было прызначана яму ў сьнежні мінулага году. Распавяла маці актывіста Алена Дубская.

«Дыетычнае харчаваньне яму не працягнулі, палічылі гэта непатрэбным. З адзежай таксама як і было, у астатнім, кажа, пакуль усё спакойна».

Арцём Дубскі хворы на страўнік, пра што запісана ў ягонай мэдычнай карце. Болей за месяц лекары магілёўскай калёніі, куды патрапіў актывіст, не зьвярталі ўвагу на гэты запіс. Потым у сьнежні лекары прызначылі Дубскаму дыетычнае харчаваньне, якое цяпер адмянілі.

Арцём Дубскі
Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу ў абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі

На гэтым тыдні справу Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі перадалі ў Вярхоўны суд. Колькі можа прайсьці часу, пакуль судзьдзі вырашаць, што рабіць са справай: прызначаць працэс ці вяртаць справу для новага расьсьледаваньня?

Адвакат Павал Сапелка: «Ад аднаго да трох месяцаў будзе вырашацца, скажам гэтак, лёс справы Аўтуховіча і іншых. Абскарджваць нічога мы ўжо ня можам, дакладней можам, але толькі ўжо ў суд, і гэтыя скаргі мусяць разгледзець у пачатку працэсу.»

Раней адвакат паведамляў, што Мікалай Аўтуховіч мае вялікую праблему з зубамі — за час знаходжаньня пад вартай прадпрымальнік страціў чвэрць зубоў. Аднак у менскім сьледчым ізалятары зноў адмовіліся даць магчымасьць Мікалаю Аўтуховічу пралячыць зубы, спаслаўшыся на тое, што ў турэмнай установе такія ўмовы адсутнічаюць, а стан здароўя Аўтуховіча не патрабуе тэрміновай шпіталізацыі, распавёў адвакат Сапелка.

Мікалай Аўтуховіч
Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і ягоны знаёмы, былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, таксама сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага. Іх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў.

ндрэя Бандарэнку пачнуць другім разам судзіць 1 лютага ў тым жа Першамайскім судзе Менску, дзе летась у кастрычніку ўжо адбыўся першы працэс над прадпрымальнікам. Паводле адваката Зьмітра Лаеўскага, працэс будзе весьці судзьдзя Тацяна Рэвінская. Першы працэс над Бандарэнкам вёў Леанід Ярмоленкаў. Адвакат Лаеўскі мяркуе, што цягам тыдня Бандарэнку мусяць прывезьці з бабруйскай калёніі ў менскі сьледчы ізалятар — гэта адбудзецца ў залежнасьці ад графіку этапаў з калёніі.

Зьміцер Лаеўскі: «Нарэшце атрымаў касацыйнае вызначэньне Менскага гарадзкога суду, яно даволі грунтоўнае і з яго бачна, што суд з большасьцю з маіх аргумэнтаў пагадзіўся. Цяпер чакаем, калі Андрэя прывязуць у Менск, адразу пайду да яго на спатканьне».

Адвакат Зьміцер Лаеўскі пацьвердзіў ранейшую інфармацыю сваякоў Андрэя Бандарэнкі, што яго цяпер трымаюць ня ў карцэры, а ў звычайным памяшканьні ў калёніі.

Андрэй Бандарэнка
У кастрычніку Першамайскі суд Менску прызнаў актывіста АГП Андрэя Бандарэнку вінаватым ў крадзяжы маёмасьці фірмы, якую ён сам стварыў, і асудзіў да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. 15 сьнежня менскі гарадзкі суд адмяніў прысуд Андрэю Бандарэнку і адправіў справу на новы разгляд. Тым часам прадпрымальніка пакаралі ў калёніі карцэрам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG