Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў: Гэта былі 8 гадоў зьнявечанага жыцьця


Міхаіл Лявонаў
Міхаіл Лявонаў
8 студзеня выйшаў на волю Міхаіл Лявонаў, былы дырэктар МТЗ, якога 8 гадоў таму арыштавалі і судзілі за хабарніцтва ў вялікім памеры. Між тым сам Міхаіл Лявонаў працягвае казаць, што быў рэпрэсаваны незаконна.

Паводле Міхаіла Лявонава, ён быў сёньня адзіным вязьнем менскай калёніі, якога мусілі адпусьціць на волю па адбыцьці пакараньня. Працэдура вызваленьня прайшла без затрымкі, але Міхаіл Лявонаў мяркуе, што і гэтым разам, як і 8 гадоў таму, закон у дачыненьні да яго зноў быў парушаны.

«Паводле закону я мусіў быць на волі ўжо 6 студзеня, але ж яшчэ пратрымалі 2 дні. Ня ведаю, чым яны гэта тлумачаць, але 8 гадоў мяне мучаюць беззаконьнем, і вось яшчэ гэтыя два дні таксама».

Міхаіл Лявонаў быў арыштаваны 7 студзеня 2002 году. У канцы году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Міхаіла Лявонава вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку аб хабарніцтве, і асудзіў былога дырэктара да 10 гадоў зьняволеньня. Паводле сьледзтва, зь якім суд пераважна пагадзіўся, Міхаіл Лявонаў атрымаў у выглядзе хабару некалькі мільёнаў даляраў, якія хаваў на рахунках у адным з заходніх банкаў. Сваёй віны Міхаіл Лявонаў ніколі не прызнаваў, а ягоныя нібыта накрадзеныя мільёны вярнуць у бюджэт не ўдалося. «Сваю невінаватасьць я на 300% даказаў у судзе і магу сьмела казаць, што ня скраў на МТЗ нават цьвіка», — казаў Міхаіл Лявонаў сваякам пасьля суду. У калёніі экс-дырэктар адмовіўся пісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, празь якое шмат хто з асуджаных гаспадарнікаў выйшаў раней на волю. Два гады з 10-гадовага тэрміну Лявонаву зьнялі паводле амністый.

Ад больш падрабязнай размовы былы дырэктар МТЗ пакуль адмаўляецца, але кажа, што «гэта былі 8 гадоў зьнявечанага жыцьця»:

«Пакуль я яшчэ не адышоў ад таго, што было, і таму наступным разам мы, хутчэй за ўсё, пагаворым. Я вось толькі прыехаў, сеў на канапу, яшчэ не разумею добра, дзе я. Мне трэба агледзецца вакол, пабыць зь сям’ёй, у доме, дзе я ня быў ня 8 дзён, ня 8 месяцаў, а 8 гадоў! Не жадаю ніякіх інтэрвію, ніякіх здымкаў, мне трэба пабыць зь сям’ёй, якой я ня бачыў 8 гадоў. Таму зараз я хачу быць толькі зь сям’ёй і аддаць ёй тое, што не аддаў за гэтыя 8 гадоў».

Міхаіл Лявонаў, паводле ягоных слоў, адчувае сябе стомленым, а пра здароўе сказаў — «нармальнае».


Сярод высокапастаўленых кіраўнікоў, якія былі асуджаныя зь сярэдзіны 1990-х гадоў, больш за Міхаіла Лявонава за хабарніцтва атрымаў толькі былы старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў — 11 гадоў. Ягор Рыбакоў быў асуджаны ў 2004 годзе і дагэтуль знаходзіцца ў Шклоўскай калёніі. 4 гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці атрымала за хабарніцтва ў вялікім памеры былая кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова, аднак у калёніі яна не была ані дня — неўзабаве пасьля працэсу Жураўкову памілаваў асабістым указам Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG