Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марціновіч: “У рамане намаляванае быдла, якое цярпіць дыктатуру”



Беларускі журналіст, аўтар раману “Параноя” адказвае блогеру Будзіміру (Як страшна жыць у краіне на літару "Б" ) і наведнікам сайту Свабоды.


Пра паРалелі


Першае, што мяне растройвае ў водгуку Будзіміра, гэта тое, што ён працягвае нацягваць на гэты раман нейкую рэчаіснасьць. Вось гэта мяне зьдзіўляе. Я хацеў бы зьвярнуць увагу гэтага ды іншых крытыкаў, што ніякай рэчаіснасьці, апроч рэчаіснасьці, выдуманай у тэксьце, раман не адлюстроўвае. Гэта напісана на самай першай старонцы.

Калі я пішу пра горад Менск, я не магу пісаць пра іншы горад Менск, акрамя таго, які я прыдумаў. Таму ўсё тое, што тычыцца ўзаемаадносінаў раману і рэчаіснасьці мне чытаць дзіўна і дзіка. Якая можа быць рэчаіснасьць у выдуманым рамане?

Калі публіцыст піша, скажам, кнігу пра біяграфію Лукашэнкі, гэта ўсё адно выдумка, бо гэта інтэрпрэтаваная рэчаіснасьць, гэта не праўдзівая рэчаіснасьць.


Пра герояў


Відавочна, што аўтар тэксту не прачытаў тых рэчаў, якія ў іх закладваліся, бо прозьвішчы там, бачыце, “говорящие”.

Нават калі ён піша пра Зыгмунта Серакоўскага, ён кажа, што вобраз Серакоўскага не адпавядае прататыпу. Дык няўжо ён ведае нейкі прататып? Я ня меў на ўвазе пад Серакоўскім зьніклых беларускіх палітыкаў. Я меў на ўвазе пад Серакоўскім канкрэтна тую біяграфію, якая была ў ХІХ стагодзьдзі.

Людзі, якія цікавяцца другім дном у гэтым рамане (а ў гэтым рамане ёсьць другое, трэцяе і чацьвертае дно), дык хай яны парупяцца ў Яндэксе пашукаць хоць бы, кім быў Мураўёў і кім былі тыя людзі, якія ад яго пацярпелі. У прыватнасьці, той самы Серакоўскі.

Серакоўскі – гэта сапраўдны пэрсанаж, біяграфію якога можна знайсьці празь Яндэкс. Прычына, паводле якой я ўзяў яго сабе героем, як раз у тым, што ён супрацьстаяў Мураўёву, як і ў рамане.


Пра глямур


Відавочна, што парода людзей, якія апісваюцца ў рамане, жывуць пэўным модусам. То бок яны езьдзяць на шыкоўных машынах. Яны ня могуць езьдзіць на нешыкоўных аўто. Я зь цяжкасьцю сабе ўяўляю каханку міністра дзяржаўнай бясьпекі, якая езьдзіць на “Жыгулях”. Той факт, што яна так шмат чытала, той факт, што яна так шмат цытуе… выбачайце, у яе філялягічная адукацыя.


Пра прататыпы


Я пастаянна ў гэтым водгуку чытаў, што аўтар тое ды аўтар сёе... Ды аўтара там няма! Дыялёгі ўсе мной выдуманыя. Дыялёгі вядуцца не аўтарам Елізаветай Супрановіч, а Мікалаем Мураўёвым ці Анатолем Нявінскім. Усе гэтыя дыялёгі прыдуманыя мной сыходзячы з тых партрэтаў, якія я трымаў перад сабой.

Я магу тут раскрыць таямніцу і сказаць, што амаль ва ўсіх прататыпаў былі свае фізіягнамічныя аналягі сярод тых людзей, якіх мы ведаем. Але прозьвішчы я ня буду называць зараз і не назаву ніколі. Што да псэўданімаў і прозьвішчаў, я ўжо патлумачыў, што яны невыпадковыя. Як і шмат што ў гэтай кнізе.


Пра мову


Той закід, які я чую часьцей за ўсё. Гэта мой маніфэст: я хацеў бы заклікаць людзей узгадаць, што акрамя ляканічнай мовы сучаснай расейскай літаратуры ёсьць яшчэ нейкая забытая мова, якая мне ў дадзенай сытуацыі падалася вельмі да месца, бо галоўны герой зьяўляецца пісьменьнікам.
У нейкай ступені гэта можна называць куртуазным маньерызмам, чыстым экспэрымэнтам са стылем


Мне падаўся цікавым вобраз чалавека, які спрабуе адрадзіць бунінска-набокаўскія традыцыі расейскай славеснасьці. Ён піша так, як ён піша. Мы павінны памятаць, што большая частка раману напісаная ад першай асобы, напісаная ў форме дыялёгу аўтара са сваёй каханкай. І той факт, што аўтар піша вось так складана (адзін сказ можа па абзацы цягнуцца), гэта ня вынік таго, што ў мяне зьмешваюцца стылі фэльетаніста і журналіста. Гэта вынік таго, што я скрайне скрупулёзна спрабаваў гэтыю стылістыку адрадзіць.

У нейкай ступені гэта можна называць куртуазным маньерызмам, чыстым экспэрымэнтам са стылем. За гэты экспэрымэнт, паверце мне, мяне дзяўблі і выдаўцы і дзяўбе частка чытачоў. У гэты экспэрымэнт я сьвята веру. Я лічу, што яшчэ адна кніга напісаная мовай Оруэла… мне б такую кнігу было нецікава пісаць, пісаць кнігу, паўтаруся, сучаснай куцай спакойнай мовай, кароткімі фразамі. Як гэта робіць цяпер кожны трэці блогер.

Мы забываем пра тое ёсьць літаратура, забываем, у чым адрозьненьне літаратуры ад публіцыстыкі. І гэта тое, пра што шмат пісаў Бахарэвіч. Але Бахарэвіч, канешне ж, піша ў сто разоў лепей за мяне. Я гэта прызнаю. Ён заканчвае чацьвёртую ці пятую вялікую кнігу.


Пра веру ў народ


Паўтаруся яшчэ раз: я да адносінаў Нявінскага і народу, Мураўёва і народу ня маю ніякага дачыненьня. Бо гэта прыдуманыя пэрсанажы. Паверце, Мураўёў да народу па-іншаму адносіцца ня можа. І Супрановіч, ягоная каханка, па-іншаму да народу адносіцца ня можа.

Што тычыцца майго прыватнага стаўленьня да беларускага народу, а не да таго, які прадстаўлены ў рамане, то яно зусім іншае. У рамане намаляванае быдла, якое церпіць дыктатуру, якое лічыць, што ніяк інакш быць і ня можа.
У сапраўднай Беларусі вельмі разумны і чульлівы народ, вельмі добры народ


Паўтаруся ў соты раз: там намаляваная не карцінка цяперашняй рэчаіснасьці, там намаляваная зусім іншая рэчаіснасьць. Там намаляваная вайсковая дыктатура, там намаляванае тое, што магло б быць у тым выпадку, калі б да ўлады ў Беларусі прыйшоў чалавек у выніку сілавога перавароту.

Прабачце, калі народ дзясяткі гадоў маўчыць, дык як да яго можна ставіцца? Як можна ставіцца да тых сьвятаў, якія там намаляваныя. Гэта адна з інтэрпрэтацыяў рэчаіснасьці.

Я лічу, што ў сапраўднай Беларусі вельмі разумны і чульлівы народ, вельмі добры народ.

Болей за тое: тое, што я не эміграваў як Бахарэвіч, той факт, што мае героі не эмігравалі, азначае, што я - разам з гэтай краінай. Я ў гэтую краіну веру, і я яе люблю.

Калі б я мог напісаць гэты раман па-беларуску, я б напісаў яго па-беларуску.

Мне падаецца, што адзінае, што можна было б закінуць беларускаму народу, які маем насамрэч, гэта панаваньне страху і параноі. Вось гэта тое, што часткова лучыць чытачоў і герояў раману.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG