Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Марціновіч: «Параноя» — гэта цалкам фантазія, маё ўяўленьне, фікцыя


Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

У маскоўскім выдавецтве «АСТ» выйшаў раман беларускага журналіста Віктара Марціновіча «Параноя». Раман «Параноя» распавядае пра краіну, падобную да Беларусі, і пра горад, падобны да Менску. Шмат хто знайшоў у кнізе Марціновіча падабенства з оруэлавым «1984». А ў аўторак на сайце «Нашай Нівы» зьявілася інфармацыя, што кнігу «Параноя» немагчыма купіць у сталічных кнігарнях і на кніжных кірмашах, быццам бы яе неафіцыйна забаранілі прадаваць у Беларусі. Раман адразу ж зьявіўся ў інтэрнэце.

— Вы — вядомы журналіст, і ў вас ёсьць такая прастора газэтная. Чаму пацягнула на пісьменьніцтва?

— Мне здаецца, што мастацкай прозай можна сказаць значна больш, чым ты можаш сказаць як журналіст. Мастацкае слова — яно запаўняе, так бы мовіць, тыя лякуны, да якіх ніводнай журналісцкай нататкай, ніводным камэнтаром не дабярэсься. Менавіта мастацкія тэксты могуць адказаць на пытаньне, як людзі жывуць, пра што яны мараць, чаго яны баяцца. Гэта тканка гісторыі.

— Вы самі ахарактарызавалі жанр як «антыўтопія». А чаму назоў «Параноя»?

— Усё якраз і пачалося з назвы. Мне здаецца, што наагул параноя — гэта слова, якое вельмі шмат можа растлумачыць пра Беларусь і пра Расею. Чаму антыўтопія? Мне здаецца, што з часоў Оруэла намаганьнямі нас, людзей, пабудавана так шмат антыўтопіяў, якія ня выдуманыя, а якія сапраўды існуюць, да прыкладу, у выпусках тэлевізійных навінаў. Гэта ня проста ўтопія, а reality-антыўтопія.

— Віктар, на вашу думку, у век інтэрнэту ёсьць сэнс штосьці забараняць? І як вы паставіліся да таго, што вашу кнігу немагчыма купіць у Менску?

— Першае, што я пачуў, вярнуўшыся ў Менск, што гэта вельмі добры піяр і вельмі добрая рэкляма. І ёсьць ужо людзі, якія кажуць, што гэта я сам так зрабіў. Але ж кніга ўжо ёсьць у інтэрнэце. Яшчэ тры дні таму ў сеціве гэтага раману не было. Я ня ведаю, хто гэта зрабіў, хто адсканаваў старонкі, хто разаслаў гэты раман ва ўсе папулярныя пірацкія бібліятэкі. Але ж ён ёсьць там! Чым больш будзе інфармацыі пра тое, што ён забаронены, тым больш будуць людзі калі не набываць, дык спампоўваць кнігу з інтэрнэту. Мне здаецца, што за апошнія суткі, якія прайшлі пасьля напалову афіцыйнай забароны, кнігай зацікавілася столькі ж людзей, колькі яе набылі за час пасьля зьяўленьня ў продажы. Зараз паглядзім, чым усё гэта скончыцца.

Мне здаецца, што былі нейкія кнігі, якія забараняліся і дагэтуль. Калі мы кажам пра кнігу Аляксандра Фядуты «Аляксандар Лукашэнка. Палітычная біяграфія», дык кніжка з партрэтам Лукашэнкі на вокладцы проста павінна быць забароненая ў такой краіне, як Беларусь. Але калі мы кажам пра раман, усё дзеяньне якога зьяўляецца фантазмам, зьяўляецца фікцыяй, забарона яго зьяўляецца нейкім дзікунствам. Забараняць гэты раман — гэта тое ж самае, што забараняць і саджаць у турму Джонатана Сьвіфта не за ягоныя памфлеты, а за «Падарожжа Гулівера». Тут жа ідзе гаворка пра твор, які з пачатку і да канца зьяўляецца вынікам працы маёй фантазіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG