Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: Скарыстаны брэжнеўскі прыём у працы з кадрамі


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка абяцае перад выбарамі завяршыць перастаноўкі ўва ўсіх структурах улады. Ён заявіў, што ўсе зараней павінны ведаць: хто на якой пасадзе будзе працаваць. Што азначаюць новыя прызначэньні ў эканамічай сфэры?

Шэраг зьменаў зроблены ў эканамічным блёку ўраду. Аляксандар Лукашэнка прызначыў міністрам эканомікі Мікалая Снапкова, які раней быў намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, а міністрам падаткаў і збораў – Уладзімера Палуяна, які быў першым намесьнікам кіраўніка гэтага ведамства.

Леанід Заіка
Паводле дырэктара аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, тут скарыстаны брэжнеўскі прыём у працы з кадрамі:

“Лукашэнка, калі апошні раз сустракаўся з чальцамі ўраду, назваў іх гультаямі і даручыў Макею заняцца кадрамі. Вось ён узяў і ўсіх намесьнікаў паставіў міністрамі. Намесьнікі – гэта людзі з прыгнечанай воляй, слабыя спэцыялісты, калі яны растуць мэтадам выседжваньня. Выседжваць добра яйкі”.

Леанід Заіка адзначае, што ранейшыя міністры эканомікі мелі вучоныя званьні, а Мікалай Снапкоў невядомы ў эканамічных колах.

Яраслаў Раманчук
Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук не спадзяецца, што цяперашнія міністры эканомікі, а таксама падаткаў, якія выйшлі з сыстэмы, могуць даць новую стратэгію разьвіцьця:

“Проста першы барак зьмяніў з другім бялізну, і нібыта сыстэма сама ачысьцілася. Калі б Лукашэнка хацеў нешта зьмяніць, ён бы прызначыў новага прэм’ер-міністра. І сказаў бы яму, што той мае магчымасьць фармаваць каманду экспэртаў-прафэсіяналаў, якія маглі б прыняць антыкрызісную праграму. А паколькі такога няма, гэта ж несур’ёзна. Лукашэнка яшчэ ня ведае, што трэба рабіць. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі значных перастановак ва ўрадзе ня будзе”.

Новым дырэктарам Менскага аўтамабільнага заводу прызначаны Аляксандар Бароўскі. Нагадаем, у 2008 годзе былы кіраўнік канцэрну “Белнафтахім” быў асуджаны да пяці гадоў зьняволеньня з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Паводле прысуду Бароўскаму забаронена займаць адказныя пасады цягам 3 гадоў. Бароўскі быў памілаваны, а цяпер атрымаў новую пасаду.

Ленаід Заіка адзначыў, што сытуацыя на МАЗе вельмі складаная:

“У нас з МАЗам атрымаўся поўны правал. Ад яго рэальнай экспартнай рэалізацыі засталося толькі 17%. МАЗ патрэбны сусьветнай эканоміцы толькі на 20%. Гэта трагедыя прадпрыемства. Паставілі новага чалавека, але дарэмна. Тут патрэбныя мэнэджары і маркетолягі найвышэйшай клясы. Там трэба запрасіць людзей з адміністрацыі Абамы. Там каманда патрэбная, гэтак жа як і па іншых прызначэньнях”.

Паводле Яраслава Раманчука, прызначыць чалавека з такой рэпутацыяй на адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў, азначае пакінуць яго бяз выхаду на замежныя рынкі:

“Гэта значыць, што там будуць нейкія перамены, якія трэба трымаць пад кантролем. Мы ж ня ведаем, да чаго дамовіліся з Бароўскім. Можа, ён возьме адказнасьць за тыя пляны, якія можна будзе рэалізаваць на МАЗе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG