Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальніцкі прафсаюз “Разам” рыхтуе дакумэнты на рэгістрацыю


Ірына Яскевіч
Ірына Яскевіч

У Віцебску прайшоў устаноўчы зьезд новага незалежнага прафсаюзу “Разам”. Ягоная мэта -- адстойваць інтарэсы прыватных прадпрымальнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Паводле віцебскай прадпрымальніцы Ірыны Яскевіч, якую 3-га сьнежня на ўстаноўчым зьезьдзе абралі старшынёй прафсаюзу “Разам”, дзейнасьць новага ўтварэньня будзе накіравана на падтрымку працоўных правоў прыватных прадпрымальнікаў. У гэтым сэнсе ў адрозьненьне ад грамадзкіх прадпрымальніцкіх арганізацыяў накшталт “Пэрспэктывы” або “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” прафсаюз мае шырэйшыя мажлівасьці. У тым ліку права на правядзеньні пікетаў, мітынгаў і страйкаў.

На ўстаноўчым зьезьдзе сабраліся 47 дэлегатаў з пяці абласьцей Беларусі - усіх, апрача Гарадзенскай. Ірына Яскевіч лічыць, што прадпрымальнікі Гарадзеншчыны таксама паступова далучацца да прафсаюзнай працы.

Падчас зьезду было вырашана, што прафсаюз індывідуальных прадпрымальнікаў “Разам” мае далучыцца да Беларускага Кангрэсу Дэмакратычных Прафсаюзаў, які аб'ядноўвае некалькі недзяржаўных прафсаюзных структур -- Свабодны Прафсаюз Беларускі, Беларускі незалежны прафсаюз і Свабодны Прафсаюз Мэталістаў.

Цяпер заснавальнікі новага незалежнага прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў “Разам” рыхтуюць дакумэнты для рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG