Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: “Узьнікаюць пытаньні пра прадуманасьць палітыкі мінабароны”


Франак і Вінцук Вячоркі, архіўнае фота.

Франак і Вінцук Вячоркі, архіўнае фота.

Наш карэспандэнт зьвязаўся з вядомым палітыкам Вінцуком Вячоркам, чый сын, маладзёвы актывіст Франак Вячорка быў адлічаны з унівэрсытэту паводле надуманых прычын і неўзабаве прызваны ў войска, дзе захварэў на грып і цяпер патрапіў у шпіталь. Вось што спадар Вячорка распавёў пра стан здароўе Франка:

«Сёньня я меў размову з доктаркай, якая адказвае за іх палату, спадарыняй Клімавай. Яна зычліва расказала мне пра сытуацыю, пацьвердзіла, што ва ўсіх салдатаў дыягназ аднолькавы — вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя. І гэта ня той грып, супраць якога рабілі прышчэпку. Ясна, што стан у іх розны, ўсё ж такі даецца ў знакі рэзкае аслабленьне імунітэту. Скача тэмпэратура. Скажам, пасьля таго, як яе зьбіваюць парацэтамолам, прыкладам, як у Франка, яна зноў, на жаль, у канцы дня падскочыла да 38,5. Скардзіцца на агульную слабасьць, тыповую, зрэшты, для грыпу, і на тое, што пачынаюцца праблемы з носам, з кашлем, з дыханьнем. Калі Франак мне тэлефануе, я чую проста суцэльны кашальны хор у палаце. Усе гэтыя сямёра хлапцоў безь перапынку кашляюць. Спадарыня Клімава супакойвала мяне, што на рэнтгенах ні ў кога не вызначаецца пнэўманія, і таксама сказала, што ў разе чаго ёсьць запасы таміфлю.

У кожным разе, мяркую, усе бацькі застаюцца ў стане трывогі і невядомасьці. Мяркую, гэта беспрэцэдэнтна, каб практычна цэлая вайсковая частка зьлягла. Тут узьнікаюць пытаньні пра прадуманасьць антыэпідэмічнай палітыкі міністэрства абароны. І таксама зноў узьнікае пытаньне, а хто будзе адказваць за тое, што заведама непрыдатных па здароўі людзей, такіх як Франак, як Іван Шыла, бралі ў войска? Вось наконт Івана рашэньне нарэшце прынятае, а вось наконт Франка — не».
XS
SM
MD
LG