Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забіваюць, каб адабраць пэнсію


Сёньня ў Віцебскім раёне жыхары вёскі Астрэйкава разьвітваюцца з забітымі ўчора дзьвюма пэнсіянэркамі. У злачынстве падазраюцца тамтэйшыя беспрацоўныя. Адзін зь іх, 27-гадовы, ужо затрыманы, другога шукае міліцыя.

Колькасьць забойстваў і рабаўніцтваў старых адзінокіх вяскоўцаў апошнім часам у Беларусі значна павялічылася. Пра канкрэтныя факты, а таксама прычыны неабароненасьці пэнсіянэраў даведваліся нашы рэгіянальныя карэспандэнты.

ВІЦЕБШЧЫНА


«У дамы састарэлых усіх ня выправіш»


Пра забойства людзей у вёсцы Астрэйкава і прычыны неабароненасьці старых «Свабодзе» расказаў старшыня Вымнянскага пасялковага савету Янох Такарэц:

«У вёсцы Астрэйкава налічваецца 28 двароў. Тут 69 чалавек. Зь іх 34 працаздольныя, 27 — пэнсіянэры. У вёсцы 8 дзяцей. Ад рук злачынцаў загінулі дзьве пэнсіянэркі. Яны жылі разам у адной хаце. Пэнсію атрымлівалі неблагую, харчаваліся пераважна прадуктамі, якія набывалі ў вясковай краме».

Старшыня пасялковага савету кажа, што прапаноўваў раней састарэлым сёстрам перабрацца на зіму ў сацыяльны прытулак, але яны не пагадзіліся.

«Гэтыя жанчыны адмовіліся пакідаць сваю хату. Увогуле, тут жа кожнага са старых не застрахуеш ад бяды. І ў дамы састарэлых усіх ня выправіш. Вось у нас на ўзбочыне жывуць тры чалавекі. Мы ім прапаноўваем кватэры на цэнтральнай сядзібе. Але ж усе ўпарцяцца. Яны прызвычаіліся да такога становішча, і нічога ім не патрэбна».

Бамжоў у вёсках усё больш


Сельсаветчык зьвяртае ўвагу, што забілі людзей мясцовыя маладыя бамжы. У іх няма працы. А грошы патрэбныя былі, каб чарговым разам напіцца.

«Іх цяпер нельга прымусіць працаваць. Бадзяюцца па вёсках. Акрамя таго, і ў нас тут цяпер крызіс. З-за яго і нам цяжэй працаваць з насельніцтвам».

Ва ўправе ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму не знаходзіцца спэцыяліста, які б дакладна сказаў пра дадатковыя захады дзеля абароны старых і адзінокіх людзей. А міліцыянт, які ня кінуў слухаўку тэлефона, усё ж пажадаў захаваць ананімнасьць:

«Я папрашу не называць маё прозьвішча. А па сутнасьці праблемы магу сказаць, што вось такія ўсплёскі злачынства дадаюць актыўнасьці ў працы міліцыі. Мы ўвогуле павінны стала працаваць у прафіляктыцы злачынстваў, у тым ліку супраць пэнсіянэраў».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У рэгіёне сёлета 469 злачынстваў супраць адзінокіх старых


На Магілёўшчыне сёлета ўжо зарэгістравана 469 злачынстваў супраць адзінокіх старых.

У райцэнтры Круглае двое рабаўнікоў залезьлі ў хату адзінокіх старых уначы, разьбіўшы вакно.

«Яны ўзялі мяне за шыю, за горла, каб я не крычала. Яны рабілі, што хацелі. Зьдзекаваліся. Яны нож трымалі каля горла. Страшна. Хадзілі, дзе хацелі, бралі, што хацелі. Прысталі да мужа. Ён аддаў ім грошы, якія атрымаў, пэнсію. А мае грошы ляжалі каля люстэрка. У нас дагэтуль ніхто нічога ня краў», — расказала пацярпелая Тацяна Іванаўна.

Забраўшы, што хацелі, злодзеі зьвязалі старых і сышлі. Раніцай пацярпелых вызваліла сацыяльны работнік. Рабаўнікоў затрымалі, яны чакаюць суду.

Ва ўправе сацыяльнай абароны насельніцтва цьвердзяць, што такіх выпадкаў у раёне дагэтуль не было:

«Яны, відаць, лічылі, што гэта заможныя старыя. Лічылі,што там шмат грошай. Толькі гэта магло стацца прычынай, а ня тое, што яны не дадуць адпору», — лічыць супрацоўніца ўправы.

Скрадзеныя грошы пацярпелым не вярнулі


Нягледзячы на затрыманьне злодзеяў, скрадзеных грошай пацярпелым не вярнулі.

«Грошы прапалі. Яны як узялі, так і пры іх засталіся. Што тут я магу яшчэ сказаць?»

На Кругляншчыне жыве больш за дзьве тысячы адзінокіх старых, а значыць — патэнцыйных ахвяраў злодзеяў.

На Магілёўшчыне зарэгістравана 469 такіх злачынстваў. Палова зь іх ня выкрытая, бо няма прыкметаў злодзеяў, наракаюць міліцыянты:

«Найчасьцей не запамінаюць старыя тых асобаў, зь якімі кантактавалі. Асобныя ня могуць нават апісаць. У асноўным злачынцы трапляюць у жытло шляхам свабоднага доступу. Крадуць харчы, грашовыя ашчаджэньні, посуд», — зазначае сьледчы ўпраўленьня ўнутраных спраў.

З пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі заўжды расьце злачыннасьць.
Каб зьменшыць колькасьць злачынстваў, старых заклікаюць быць пільнымі й не ўпускаць у хату чужых людзей. Быць пільнейшымі да старых абавязалі і ўчастковых міліцыянтаў. Прычыны росту злачыннасьці супраць людзей сталага веку афіцыйныя крыніцы не называюць.

Кіраўніца няўрадавай арганізацыі «Магілёўскі жаночы цэнтар падтрымкі й самаадукацыі» Валянціна Гвазьдзева называе асноўныя:

«З пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі заўжды расьце злачыннасьць. Па-другое, маральны складнік. Калі ўжо родныя й дзеці зьбіваюць старых, каб забраць пэнсію і прапіць, то што тут казаць пра чужых людзей! А трэцяе — гэта адзінота. З аднаго боку, яны ўсяго баяцца, а з другога боку, яны маюць так мала ўвагі, што на гэтую ўвагу яны купляюцца лягчэй, чым хто іншы».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Рабаўнікі не даюць спакою старым у чарнобыльскіх вёсках


У чарнобыльскіх вёсках Гомельшчыны жыхары старэйшага веку моцна пакутуюць ад злодзеяў. Іх няхітрыя гаспадаркі рабуюць. Крадуць усё: курэй, парсюкоў. Апавядае жыхарка вёскі Губарэвічы Хойніцкага раёну Марыя Дашук:

«Хата ў мяне была свая — селішча добрае было. Я там адна жыла — на паўкілямэтра наўкола нікога не было. Сталі ў мяне красьці курэй. Пайду раніцай на працу, прыйду ўдзень — аднае няма, прыйду другі раз — дзьвюх няма. А то й ноччу пазабіраюць. А далей забралі два парасяці — укралі ноччу парасяты. Вырвалі прабоя — і ўкралі з хлеўчука».

79-гадовая кабета вымушана была пакінуць сваё селішча й перабрацца ў чужую хату — бліжэй да суседзяў, што засталіся тут пасьля чарнобыльскай катастрофы.

Быка забілі і карову. А хто? Па сёньня ня ведаю.
У выселенай вёсцы Барталамееўка 80-гадовая спадарыня Алена распавядала, што невядомыя забілі й забралі яе жывёлу:

«Адзін год забілі карову й быка. Забілі й забралі. А хто — і па сёньня ня ведаю».

Рабуюць старых ня толькі ў вёсках. 19 лістапада ў Калінкавічах да 85-гадовай пэнсіянэркі прыйшлі дзьве жанчыны. На твары — марлевыя павязкі. Прыйшлі «перапісаць грашовыя купюры». Пасьля сыходу махлярак пэнсіянэрка недалічылася 600 тысяч рублёў.

Падобныя крадзяжы ўчыняліся ў састарэлых падчас нядаўняга перапісу насельніцтва.У Чыгуначным раёне Гомеля на вуліцы Палескай невядомая махлярка, назваўшыся перапісчыцай, абакрала 82-гадовую пэнсіянэрку. Яна стала апытваць старую й запаўняць нейкую анкету, а пасьля папрасіла асабісты дакумэнт. Выконваючы просьбу, пэнсіянэрка на нейкі момант адвярнулася. Гэтага хапіла, каб з сумачкі старой зьніклі 2,5 мільёна рублёў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Злачыннасьць трэба спыняць праз паляпшэньне сацыяльнай сытуацыі...»


На Гарадзеншчыне амаль штотыдзень зьдзяйсьняюцца злачынствы ў адносінах да сталых людзей.

У Івейскім раёне асуджаны раней чалавек напаў на паштарку і забраў пэнсіі ўсіх вяскоўцаў. А да гэтага ён працаваў у фэрмэра і скраў у яго трактар.

У Наваградзкім раёне 16-гадовы юнак згвалтаваў сталую жанчыну і спаліў яе хату.

Вельмі часта ў зводках сустракаюцца паведамленьні пра тое, як п’яны сын скраў у бацькоў грошы, альбо яшчэ горай — забіў бацьку за бутэльку гарэлкі. Такім весткам няма канца.

Я зьвярнуўся да аднаго пэнсіянэра зь Бераставіцкага раёну з пытаньнем — ці адчувае ён сябе бясьпечна?

Спадар: «Я, да прыкладу, калі адзін у хаце, нават днём зачыняю дзьверы на зашчапку, каб нехта нечакана не ўваліўся. Дый людзі зачыняюцца таксама, бо такі цэнтар у нас розных алкашоў. Дый злачыннасьці хапае. Людзі асьцярожнічаюць».

Пытаюся ў спадара — ці часта да іх наведваюцца міліцыянты, ці цікавяцца іх жыцьцём і праблемамі?

Хто яе там ведае, тую міліцыю. Я да прыкладу нават ня ведаю нашага ўчастковага.
Спадар: «Хто яе там ведае, тую міліцыю. Я да прыкладу нават ня ведаю нашага ўчастковага. Толькі чуў прозьвішча некалькі разоў у размовах, але нават не запомніў яго».

Карэспандэнт: «Дык ён да вас нават ні разу не наведаўся і не пацікавіўся — як жывяце?»

Спадар: «А каму мы патрэбныя... Калі я маўчу і да яго не паўзу, то ён да мяне тым болей».

У Горадні апошнім часам пад выглядам сацыяльных работніц дзейнічаюць дзьве жанчыны, якія прыходзяць выключна да пэнсіянэраў і абкрадаюць іх. Міліцыя нават разьвесіла ў горадзе фотаробаты, але злачынцаў дагэтуль так і не знайшлі.

Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў кажа, што крыміналізацыя грамадзтва — шмат у чым ад нявырашаных сацыяльных праблемаў, нізкага ўзроўню жыцьця, п’янства. І змагацца зь ёю зь юрыдычнага боку вельмі складана, бо, на яго думку, сытуацыя тупіковая.

Дзергачоў: «Зразумела, што грамадзяне сёньня павінны ставіць пытаньне аб паляпшэньні сацыяльнай сытуацыі ў краіне, і больш рашуча, а ня толькі канстатаваць, што так ёсьць. Трэба, каб гэта вырашала дзяржава. Я ня думаю, што суседзі ў вёсцы могуць спыніць злачыннасьць і зрабіць, каб такога не было».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG