Лінкі ўнівэрсальнага доступу

55-годзьдзе Радыё Свабода, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Эканамічная і палітычная сытуацыя ў Беларусі заўсёды ў эпіцэнтры увагі слухачоў Свабоды.

Спадарыня: “Лукашэнка пры дапамозе пэнсіянэраў прабраўся ва ўладу, а цяпер на пэнсіянэраў забыўся. Зусім не дадае ні пэнсію, нічога. І што ён сабе думае? Яму вельмі добра жывецца, камандаваць вельмі добра. Напэўна, тады будзе дадаваць, калі застанецца год да выбараў. Гэта чорт ведама што! Перадаюць паўсюль: крызісу няма ў Беларусі, у іх няма, але ў нас вялікі крызіс. Цэны растуць, пэнсіі малыя. І як хочаш, так жыві”.

Валер: “Хочацца верыць у нешта лепшае, іншае. Але ніколі ня будзе на Беларусі лепшай долі. Згубілі родны сьцяг і герб “Пагоня” — калі зь імі выйдзеш на плошчу, цябе дубінка дагоніць. Адна ёсьць умова: каб воля магла гучаць, трэба прэзыдэнта мяняць”.

Гэтымі днямі Радыё Свабода адзначае 55-гадовы юбілей. З гэтай нагоды тэлефанаваньні слухачоў.

Віктар Буто, Менск: “Да 55-й гадавіны беларускай службы Радыё Свабода. Я жадаю ўсім супрацоўнікам і слухачам беларускага Радыё Свабода толькі ўсяго найлепшага, вам і вашым сем’ям. І каб колькасьць слухачоў толькі расла з кожным годам. І каб прыслухоўваліся да крытыкі такіх, як я. Каб вам толькі дапамагалі ў дзяржаўных і недзяржаўных ведамствах, галінах, арганізацыях і ўстановах”.

Павал Давыдзенка, Парычы: “Віншую вас з днём 55-годзьдзя, любімая “Свабода”! Жадаю вам крэпкага здароўя, людзкіх усьмешак і дабрабыту ў жыцьці. Дзякуй, што вы ёсьць і гаворыце праўду людзям”.

Гары: “З 55-годзьдзем, Радыё Свабода! Хай хвалі Радыё Свабоды нясуць праўду, як яны, гэтыя хвалі, рабілі ўсе 55 год. Дзякуй, Радыё Свабода!”

Надзея, Менск: “Віншую самае лепшае радыё — “Свабоду”. Мы слухаем вас, здаецца, усё жыцьцё. Дзякуй вам. Віншую вас сваім вершам.

Свабода, свабоднаю птушкай
Ляціш ты на хвалях нябёс.
Ты праўду народу даносіш,
Ты ў сэрцы надзею даёш.
Ад праўды закрыты газэты,
З экранаў ільецца хлусьня,
Адзіная хваля “Свабоды”,
Нам праўду вяшчае яна.
Я зь ёй прачынаюся зранку
І зь ёй на спакой я іду.
Свабоднай сябе адчуваю,
Калі са “Свабодай” жыву!

Жыве Беларусь!”


Пятро Жураўлёў, Менск: “Зьвяртаюся з просьбай да Аляксандра Лукашука. Вельмі хацелася б, каб вы працягнулі выдавецкую дзейнасьць беларускай службы Радыё Свабода і выдалі б асобнай кнігай эсэ Сяргея Дубаўца, якія гучалі да 90-х угодкаў БНР, што я ўмоўна для сябе назваў “Вас тут няма”, і яго сёлетнія эсэ “Як?..” Асьветніцкае значэньне гэтых эсэ незвычайнае. Яго нельга перабольшыць. Зь вялікай павагай, сталы слухач”.

На пытаньне адказвае дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

Лукашук: “Дзякуй, спадар Жураўлёў. Мы сапраўды будзем працягваць нашу Бібліятэку Свабоды, якую складаюць выбраныя перадачы, тыя праекты, якія жывуць даўжэй за адзін дзень. Даўжэй, магчыма, нават за год, бо кніга жыве нашмат даўжэй — гэта клясычная форма. Што тычыцца Сяргея Дубаўца, у Бібліятэцы Свабоды выйшла выбранае зь ягонае перадачы “Вострая брама” некалькі гадоў таму. І акурат сёлета ў нашых плянах ёсьць выпусьціць кнігу Сяргея Дубаўца, якую складуць ягоныя апошнія эсэ “Як жыць?” Так што чакайце, і мы абавязкова запросім вас на прэзэнтацыю”.

Нагадаю таксама, што атрымаць апошнюю кнігу Радыё Свабода “Адзін дзень палітвязьня” можна, даслаўшы адпаведны ліст на паштовы адрас Радыё Свабода: п/с 111, Менск, 220005.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG