Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Валянцін Доўнар


Валянцін Доўнар
Сёньня ў Мар’інай Горцы разьвітваюцца з Валянцінам Доўнарам. Ён пражыў на сьвеце 51 год. Ягоныя паплечнікі з партыі БНФ кажуць, што Валянцін быў вельмі прыязным і спакойным чалавекам. Позна ўвечары 20 лістапада міліцыянты знайшлі яго недалёка ад будынку міліцыі непрытомнага. Мэдыкі канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму. Апэрацыя не дапамагла, і 26 лістапада Валянцін Доўнар памёр.

У Валянціна Доўнара не было ўласнай сям’і. У Мар’інай Горцы засталіся ягоная маці і брат.

Валянцін нарадзіўся 17 лютага ў 1958 годзе. Пасьля школы ён скончыў Менскі фінансава-эканамічны тэхнікум па спэцыяльнасьці “фінансіст”. 20 верасьня 1997 году стаў сябрам партыі БНФ. Усё жыцьцё Валянцін Доўнар працаваў у страхавой кампаніі.

У Мар’інай Горцы ён распаўсюджваў газэты. Кожную пятніцу ён прывозіў іх зь Менску. Лічыў неабходным забясьпечыць імі як мага больш людзей.

Тагачасны кіраўнік менскай абласной арганізацыі Валянцін Баранаў распавёў:

“Шчыры, добры, адказны чалавек, які шукаў праўду ў жыцьці, у сваім лёсе, нашай дзяржаве. Дзе б ён ні працаваў, нават у партыі, ён шукаў утульнага, добрага. Шкада, што памёр”.

Кіраўнік філіі партыі БНФ у Мар’інай Горцы Канстанцін Шпунтаў сябраваў з Валянцінам Доўнарам. Ён кажа, што мала сустракаў у жыцьці такіх добрасумленных людзей.

“Валік ніколі не імкнуўся ў нейкае лідэрства. Яму ня трэба была папулярызацыя. Ёсьць такая катэгорыя людзей, якія сумленна, аддана цягнуць сваю лямку. Моўчкі робяць сваю справу.

Ня самыя камфортныя бытавыя ўмовы. Ён працаваў у Менску. А 6 раніцы яму трэба было падымацца і ехаць на працу, а вяртаўся ён у лепшым выпадку а 9 вечара. Жыў у прыватным доме. Няпроста ў прыватным доме ўтрымліваць гаспадарку. Але ён ніколі ня скардзіўся на бытавы дыскамфорт. Жыў, працаваў, рабіў моўчкі сваю справу”.

Канстанцін Шпунтаў прыгадаў, што Валянцін захапляўся экзатычнымі расьлінамі і быў вельмі прывязаны да іх. Нягледзячы на наяўнасьць інтэрнэту, ён заўсёды падпісваўся на ўсе недзяржаўныя выданьні.

“Ну якая праблема цяпер скачаць ці тую ж „Народную Волю”, ці “Нашу Ніву“, ці што заўгодна. Гэта й таньней у 10 разоў, і ня трэба па шапіках бегаць. Для яго не было б ніякай праблемы набыць сабе гэтую газэту бясплатна ці за грошы. Не, ён афармляў падпіску, і не на адно выданьне.

Можа, яму трэба было заняцца рамонтам дому, а яму вось было цікава, ён разводзіў кветкі дзіўныя, расьліны экзатычныя. У яго ўвесь пакой быў застаўлены нейкімі гаршкамі з расьлінамі. Гэта яму было цікава. Гэта яму дастаўляла радасьць, задавальненьне. А тое, што дзьверы рыпелі ці падлогу трэба было рамантаваць, гэта ўжо была справа 25-я”.

Хаваць Валянціна Доўнара будуць на мясцовых могілках у Мар’інай Горцы. А 12 гадзіне адбудзецца паніхіда. А 13 гадзіне аўтобус павязе труну на могілкі.
XS
SM
MD
LG