Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра галадамор ва Ўкраіне расказвае выстава ў Менску


У Менску ў будынку Гістарычнай майстэрні на вуліцы Сухой адкрылася выстава, прысьвечаная галадамору ва Ўкраіне ў 1932 — 1933 гадох.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы, адкрываючы выставу пра галадамор, зазначыў інтэрнацыянальны характар трагедыі ўкраінскага народу:

“Хачу падкрэсьліць, што мы памінаем ня толькі этнічных украінцаў, якія загінулі падчас тых падзеяў. Шмат жыло на землях Украіны этнічных палякаў, немцаў, габрэяў ды прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, якія празь бесчалавечную палітыку сталінскага рэжыму таксама пацярпелі. Мы разумеем, што бяда прыйшла звонку, але вінавата і шмат мясцовых, найперш зь вярхоў кампартыі, асобаў, якія выконвалі злачынныя загады”.

Ігар Ліхавы (зьлева), Віктар Балакіраў

У пачатку 1930-х гадоў калектывізацыя, якая праходзіла на тэрыторыі СССР на загад Сталіна, ва Ўкраіне сутыкнулася з найбольшымі перашкодамі. Сяляне, якія маглі і ўмелі гаспадарыць на ўкраінскай урадлівай зямлі, не хацелі ўступаць у калгасы. У 1932 годзе на загад Масквы ўлады ўжылі супроць іх адмысловыя захады: абклалі гаспадаркі непадымным падаткам, забіралі ўсе харчы, запасы збожжа і жывёлу. Сялянаў, якія спрабавалі ўратавацца ад голаду, не пускалі ў гарады спэцыяльныя вайсковыя заслоны.

На выставе экспануецца ліст простых беларускіх працаўнікоў кіраўніцтву кампартыі Ўкраіны. Аўтары ліста занепакоіліся сытуацыяй, убачыўшы, як беларускія мястэчкі напоўніліся галоднымі ўкраінцамі, якія прасілі ў беларусаў ратунку ад голаду. Амбасадар Ігар Ліхавы паведаміў, што празь нейкі час улады ў Маскве зрабілі высновы з такіх лістоў і закрылі спэцчасткамі НКВД адміністрацыйную мяжу зь Беларусьсю, якая раней ніколі не ахоўвалася.


Год таму Служба бясьпекі Ўкраіны распачала крымінальную справу з факту галадамору. Пасол Ігар Ліхавы нагадаў, што на заклік Віктара Юшчанкі ідзе збор успамінаў сьведак — ужо сабрана болей за тысячу тамоў дакумэнтаў. Сярод іншых дасылаюць свае ўспаміны й грамадзяне Беларусі.

Тацяна Зялко зь Менску зачытала адзін з такіх успамінаў — ліст ад жыхаркі Віцебску Алены Залескай, якая спасылаецца на ўспаміны сваёй маці:

“Голад сапраўды быў жахлівы. Яна сама бачыла, як штодня па горадзе езьдзілі падводы і зьбіралі трупы людзей, якія памерлі ад голаду. Каля чыгуначнай станцыі было ссыпана адабранае ў людзей збожжа, стаяла там і ахова зь вінтоўкамі. Ліў дождж, потым сьвяціла сонца, і збожжа пачало прэць. А вакол стаялі людзі, трымаючыся за калючы дрот, падалі і паміралі”. (Плача). Прабачце, немагчыма далей чытаць…"

Тацяна Зялко зачытвае ліст сьведкі галадамору.

Амбасадар Ігар Ліхавы падзякаваў кіраўнікам дыпляматычных місіяў Азэрбайджану, Чэхіі і Вялікабрытаніі, якія ўдзелам у адкрыцьці выставы “праявілі салідарнасьць з Украінай”.

Гісторык Ігар Кузьняцоў падкрэсьлівае, што беларускія ўлады дагэтуль хаваюць праўду пра падзеі ў Беларусі, якія мелі дачыненьне да галадамору ва Ўкраіне:

“Беларускі КДБ не рассакрэціў ніводнага дакумэнту таго часу. Безумоўна, вялікія праблемы з харчамі былі тады і ў Беларусі, іншая рэч, што ступень выжывальнасьці ў лясістай Беларусі была вышэйшая. Насельніцтва мела больш магчымасьцяў само сябе хоць неяк пракарміць”.

Выстава арганізаваная пры падтрымцы міжнароднага дабрачыннага фонду “Ўкраіна 3000”, у кіраўніцтва якога ўваходзіць жонка прэзыдэнта Ўкраіны Кацярына Юшчанка.

28 лістапада ў праваслаўным і каталіцкім саборах у Менску пройдуць малебны ў памяць аб ахвярах галадамору.


XS
SM
MD
LG