Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: на грып хварэў альбо хварэе кожны дзесяты


10 адсоткаў жыхароў Гомельшчыны перахварэлі на грып альбо працягваюць хварэць. Тым часам у школах аднавіліся заняткі пасьля карантыну.

Ад сёньняшняга дня аднавіліся заняткі ў 90 школах абласнога цэнтру. Адпаведнае распараджэньне на падставе рэкамэндацыі санітарнай службы паступіла ва ўстановы адукацыі з гарвыканкаму. Карантын у школах доўжыўся 16 дзён — ад 9 лістапада.

Прадстаўніца абласной санітарнай службы ўдакладняе:

“У нас ужо практычна ва ўсіх раёнах школы адкрыты пасьля карантыну. Сёньня, напрыклад, у Гомелі, Рэчыцы, Мазыры, Добрушы, Жлобіне адкрыліся. Закрытыя пакуль асобныя школы ў розных раёнах. І толькі ў Чачэрску карантын доўжыцца да 30 лістапада”.

Паводле маніторынгу санслужбы, цягам лістапада на грып і вострыя вірусныя інфэкцыі ў рэгіёне захварэлі звыш 150 тысяч жыхароў, альбо 10 адсоткаў усяго насельніцтва. Зь ліку захварэлых 45 адсоткаў — дзеці.

Цяпер у мэдычныя ўстановы па дапамогу штодня зьвяртаюцца каля 5 тысяч чалавек — у 4 разы меней, чымсьці на піку захворваньняў.

У рэгіёне выяўлены й такія, хто захварэў на асабліва небясьпечны, так званы “сьвіны грып” — А/H1N1, але пацьверджаньня пра колькасьць такіх хворых мясцовая санслужба пакуль ня мае:

“Выяўляюцца, але ўсё пакуль на ідэнтыфікацыі ў нацыянальным цэнтры грыпу. На сёньня вынікаў дасьледаваньняў у нас няма”.

Не абнаўляе мэдычная служба рэгіёну ўжо больш як два тыдні й зьвесткі пра ахвяры “сьвінога грыпу”. На пачатку лістапада начальнік абласной мэдычнай управы Мікалай Васількоў паведамляў толькі пра 8 сьмяротных выпадкаў ад вострых пнэўманіяў.
XS
SM
MD
LG