Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пульманоляг: З тых, каго я назіраў, выжыла няшмат


Ахвярамі грыпу А/H1N1, паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, сталі 6750 чалавек, выпадкі захворваньня на сьвіны грып пацьверджаныя ў 206 краінах сьвету. “Але паколькі многія краіны перасталі падлічваць кожны індывідуальны выпадак заражэньня, рэальная колькасьць можа перавышаць гэтыя лічбы”, — гаворыцца ў паведамленьні. Пры гэтым заўважаецца, што Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя можа адсочваць сытуацыю толькі праз свае прадстаўніцтвы, а таксама з адкрытых крыніцаў інфармацыі. У Беларусі афіцыйныя ўлады замоўчваюць інфармацыю, суцяшаючы насельніцтва, што зваротаў у паліклінікі стала значна менш. Мэдыкі ж сьцьвярджаюць, што пнэўманія, на якую пакутуюць апошнім часам багата беларусаў, надзвычай цяжка паддаецца лячэньню.

За два тыдні ў Беларусі зарэгістравана толькі 14 новых выпадкаў пандэмічнага грыпу A/H1N1. Такая інфармацыя зьмешчаная на сайце Міністэрства аховы здароў. Колькасьць памерлых ад пнэўманіі па-ранейшаму 13 чалавек

Супрацоўніца прэсавай службы Міністэрства аховы здароўя Раіса Чудук нават не хавае, што “як звычайна, інфармацыі ў яе няма”:

“Як звычайна, у мяне яшчэ статыстыкі апошняй па маніторынгу пакуль яшчэ няма. Нам яе даюць спэцыялісты. Ну, напэўна, няма неабходнасьці…”

Вядучы спэцыяліст НДІ пульманалёгіі і фтызіятрыі, які непасрэдна займаецца кансультаваньнем цяжкіх выпадкаў запаленьняў лёгкіх, распавёў Радыё Свабода, у чым асаблівасьці пнэўманіі, якая выклікаецца вірусам сьвінога грыпу.

“Вірус A/H1N1 не абавязкова прысутнічае пры кожным захворваньні на пнэўманію, але ў цяжкіх выпадках ён выклікае двухбаковую пнэўманію. І калі пнэўманія ўжо разьвілася, у прынцыпе, лячыць яе вельмі складана. Верагоднасьць вылечваньня ня вельмі высокая”.

Што да пнэўманій, якія ўскладненыя вірусам A/H1N1, то звычайныя антыбіётыкі тут не дапамагаюць.
Лекар патлумачыў, што звычайна 80% усіх пнэўманій выкліканыя пнэўмакокам — мікробам, альбо бактэрыяй; хваробу называюць стафілакокус-пнэўманія. І супраць яе эфэктыўна дзейнічаюць антыбіётыкі. Што да пнэўманій, якія ўскладненыя вірусам A/H1N1, то звычайныя антыбіётыкі тут не дапамагаюць. Лекар распавёў і пра асаблівасьці гэтых пнэўманій:

“Паражэньне лёгачнай тканкі звычайна двухбаковае. Ёсьць такі панятак у мэдыцыне: востры рэсьпіраторны дыстрэс-сындром — гэта калі лёгкія не выконваюць сваю функцыю. Тут пнэўманія двухбаковая, дыфузная ва ўсіх лёгкіх, і лёгкія ўжо перастаюць забясьпечваць кіслародам кроў”.

Мой суразмоўца лічыцца аўтарытэтам у сваёй сфэры, яго запрашалі на кансультацыі ў Берасьце, Віцебск, у Бараўляны. Ён распавёў, што літаральна па ўсёй краіне іншыя аддзяленьні перапрафіляваныя пад пульманалёгіі, літаральна ўсе рэанімацыі запоўненыя хворымі на пнэўманію, занятыя ўсе апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — раней такога ён ня бачыў. Лекар распавёў, што ахвярамі пнэўманіі становяцца ў асноўнымі маладыя людзі:

“У тых выпадках, якія я кансультаваў, лекаваў, бальшыня былі — маладыя цяжарныя жанчыны, 21-25 тыдняў цяжарнасьці. Спачатку тэмпэратура, кашаль, потым чалавеку робіцца цяжка дыхаць, ён трапляе спачатку ў шпіталь, потым у рэанімацыю, у рэанімацыі — на апарат штучнага дыханьня. А потым — сьмерць, і ўсё. З тых, каго я назіраў, выжыла няшмат… Зь дзясятка двое выжыла”.

Лекар падкрэсьліў: ня трэба з гэтага рабіць высновы, што бальшыня хворых асуджана на сьмерць. Проста яго выклікаюць на кансультацыі ў асабліва складаных выпадках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG