Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна расстраляць літаратуру, альбо Цынізм вакол Курапатаў


Міхась Скобла
Міхась Скобла

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 1 лістапада

29 кастрычніка ў менскім Музэі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзэнтацыя анталёгіі “Расстраляная літаратура”, што выйшла ў сьвет у знанай сэрыі “Беларускі кнігазбор”. У кнігу ўвайшлі творы 67-мі беларускіх пісьменьннікаў, зьнішчаных у гады камуністычнага тэрору. Прадмову да гэтага ўнікальнага выданьня напісаў гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч, зь якім мы сустрэліся ў “Вольнай студыі”.

Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, сёлета на міжнародным форуме ў Марсэлі я пазнаёміўся з адной гішпанскай паэткай – прыхільніцай (як і я) творчасьці Фэдэрыка Гарсія Лоркі. Прыгадала яна і расстрэл паэта фалянгістамі ў 1938 годзе. А калі я сказаў, што ў Беларусі за адну ноч расстралялі 20 пісьменьнікаў, а ўвогуле – 67, яна ўсклікнула – гэта немагчыма! Аднак жа было магчыма… З чым у гісторыі можна параўнаць гэтае вынішчэньне пісьменьнікаў у Беларусі ў 30-я гады?”

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч:
“Я не магу знайсьці аналёгіі гэтаму ў гісторыі ўсясьветнай літаратуры. Скажам, у гісторыі праславіўся расейскі імпэратар Мікалай Палкін, які загнаў у войска Тараса Шаўчэнку, Аляксандра Бястужава-Марлінскага, нашага Францішка Савіча, які пасадзіў у вязьніцу Аляксандра Адоеўскага, Вільгельма Кюхельбекера і іншых, але я ня памятаю, каб за царом Мікалаем І, гэтай адыёзнай для расейскай гісторыі і культуры асобаю, пісьменьнікаў расстрэльвалі. Мы памятаем, што быў асуджаны Фёдар Дастаеўскі, але над ім сьмяротнай кары не ўчынілі, а адправілі ў Мёртвы дом. У Эўропе я такога ня ўспомню, магчыма, недзе ў Азіі было”.

Скобла: “У сваёй прадмове да кнігі вы параўноўваеце два дзяржаўныя тэроры – польскі і савецкі. Польскі – у Беларусі Заходняй, савецкі – у Беларусі ўсходняй. У адносінах да беларусаў яны былі абое рабое, ці Картуз-Бяроза ўсё ж мела перавагі перад Гулагам? ”
Савецкім Саюзе ўсё судовае разьбіральніцтва цягнулася ад сілы паўгадзіны ...

Сідарэвіч: “Вядома, мела перавагі. Бо тыя, хто трапляў у ГПУ (НКВД), зьнікалі бясьсьледна. Звычайна, казалі – дзесяць гадоў бяз права перапіскі... Людзі ня ведалі, дзе знаходзяцца іх родныя. Вязьні ж Картуз-Бярозы мелі, хоць і абмежаваныя, кантакты са сваімі сем’ямі. І ўжо дакладна вядома, што ніякія “двойкі” ці “тройкі” не маглі выносіць прысуды вязьням – толькі законны, устаноўлены канстытуцыяй краіны суд. У анталёгіі беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя “Краса і сіла”, якую вы складалі, як мы потым падлічылі, з 22 беларускіх паэтаў 13 прайшлі праз польскія турмы. Гэта больш чым палова. Але ў Польшчы ўсё ж існавала адвакатура, і Казімер Петрусевіч, які бараніў Якуба Коласа на пачатку стагодзьдзя, у канцы 20-х бараніў у судзе Антона Луцкевіча, а ў 30-я гады бараніў Максіма Танка. У Савецкім Саюзе ўсё судовае разьбіральніцтва цягнулася ад сілы паўгадзіны”.

Скобла: “Радзім Гарэцкі апублікаваў акт аб расстрэле свайго дзядзькі Максіма Гарэцкага: 10 лютага 1938 году па рашэньні “тройкі” за 15 хвілінаў (!) былі расстраляныя 40 чалавек!”

Сідарэвіч: “Мяне гэта не зьдзіўляе. Сталін мог адным росчыркам пяра адправіць на той сьвет сотні. Яму прыносілі сьпісы, і ён крэсьліў на іх чырвоную рысу – да расстрэлу”.

Скобла: “Храналягічныя рамкі кнігі “Расстраляная літаратура” – 1920-1950 гады. У 1920-м быў расстраляны празаік і публіцыст Фабіян Шантыр, у 1952-м – публіцыст і выдавец часопіса “Моладзь” Янка Філістовіч. 32 гады тэрору. Але ж савецкая ўлада існавала больш за 70 гадоў. Ці можам мы з пэўнасьцю сказаць, што па-за гэтым трыццацігодзьдзем больш не было рэцыдываў тэрору?”

Сідарэвіч: “Нельга сьцьвярджаць адназначна, што па-за гэтымі часавымі рамкамі быў тэрор, але мелі месца загадкавыя сьмерці мастака Лявона Баразны, літаратуразнаўцы і гісторыка літаратуры Міколы Прашковіча ў 70-я гады. І да гэтага часу мы ня маем адказу на пытаньне – якая ж прычына сьмерці гэтых людзей?”

Скобла: “На прэзэнтацыі “Расстралянай літаратуры” ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры на адрас укладальнікаў прагучала, што ў кнізе магло б быць яшчэ адно імя – Янка Купала. Прызнацца, я дык трохі і разгубіўся…”
Такім чынам, да канца чэрвеня 1942 году бальшавікі ўжо сьпісалі Янку Купалу са свайго рахунку ...

Сідарэвіч: “А чаго тут губляцца? Нам вядомыя тэксты тых пасланьняў у Крэмль, якія пасылаў Панцелеймон Панамарэнка. У іх ён прасіў Сталіна павялічыць колькасьць “рэпрэсаваных па першай катэгорыі” – прыгавораных да расстрэлу. Нам вядомы данос Панамарэнкі, дзе ён апісвае сытуацыю ў пісьменьніцкім асяродзьдзі і дае адмоўныя характарыстыкі Купалу і Коласу. Аднак, імя Купалы і яго творы можна было б у гэтую кнігу ўключыць, калі б для нас адкрыўся Прэзыдэнцкі архіў Расеі – менавіта туды перайшлі дакумэнты, якія захоўваліся ў архівах ЦК КПСС. Мы там знайшлі б, магчыма, нейкія апэратыўныя данясеньні на імя Берыі, санкцыі на распрацоўку акцыі дзеля зьнішчэньня Купалы. У чым ён “правініўся” перад савецкай уладай? Падчас вайны ў Менску былі названыя вуліцы імёнамі Алеся Гаруна, Вацлава Ластоўскага, Івана Луцкевіча. Гэты зьбег у гучаньні – Іван Луцкевіч і Іван Луцэвіч – і быў выкарыстаны НКВД. Нават у афіцыйных дакумэнтах пра сьмерць Купалы энкавэдысты пішуць не “Іван Дамінікавіч Луцэвіч”, а “Іван Дамінікавіч Луцкевіч”. І калі зь Менску паступіла вестка, што ў Менску ёсьць вуліца Івана Луцкевіча, гэта было аднесена на рахунак Івана Луцэвіча – Янкі Купалы. А гэта быў сьмяротны грэх. Заўважце, Купала прыяжджае ў Маскву напярэдадні свайго шасьцідзесяцігодзьдзя, якое ніякім чынам бальшавікі не важацца сьвяткаваць. Ён проста прыяжджае на паседжаньне аргкамітэту па падрыхтоўцы шасьцідзесяцігодзьдзя Якуба Коласа. Такім чынам, да канца чэрвеня 1942 году бальшавікі ўжо сьпісалі Янку Купалу са свайго рахунку. Пакуль жа няма дакумэнтаў, мы можам кіравацца толькі гэткім слабым аргумэнтам, як унутранае перакананьне”.

Скобла: “Калі і хто можа выцягнуць гэтыя дакумэнты на белы сьвет?”

Сідарэвіч: “На белы сьвет выцягнуць іх можа толькі вярхоўная ўлада Беларусі, калі вярхоўны кіраўнік Беларусі зьвернецца афіцыйна да вярхоўнага кіраўніка Расеі”.

Скобла: “А такое магчыма?”

Сідарэвіч: “Наўрад ці. Трэба разумець характар беларускай улады. Яна хоча адкараскацца ад злачынстваў папярэдніцы. З аднаго боку, яна вяшчае, што “мы зьяўляемся спадкаемцамі тае вялікай дзяржавы, якая перамагла нямецка-фашысцкіх акупантаў”, а з другога – робіць выгляд, што нічога ня ведае пра злачынствы тае дзяржавы”.

Скобла: “Мне падумалася, што мог быць прадстаўлены ў кнізе Расьціслаў Лапіцкі, які пісаў вершы і быў расстраляны за антысавеччыну ва ўрочышчы Красны Беражок пад Вялейкай у 1950 годзе”.

Сідарэвіч: “Можна было б прадставіць яшчэ як мінімум дваццаць аўтараў. Сам сьпіс пісьменьнікаў, якія былі растраляныя, загінулі ў ссылках, турмах, на высылцы, я даю ў прадмове. У кнізе не прадстаўленыя імёны літаратурнага крытыка і публіцыста Хацкеля Дунца, крытыка Сымона Куніцкага, паэта Аляксандра Сака, публіцыста Пятра Хатулёва, паэта Макара Шалая, аднаго з заснавальнікаў беларускага пэрыядычнага друку Франьцішка Ўмястоўскага, супрацоўніка “Нашай Нівы” Хведара Імшэніка, гісторыка беларускага друку Аляксандра Шлюбскага, паэтаў Яна Субача, Янкі Чабора, Сяргея Мурзо, Васіля Леанідава... Але я разумею ўкладальнікаў кнігі Кастуся Цьвірку, Лідзію Савік і вас, том і так атрымаўся на 700 старонак”.

Скобла: “Напярэдадні Дзядоў галоўная афіцыйная газэты “Беларусь сегодня” ў асобе яе галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча выступіла з прапановай: перастаць хаваць праўду пра Курапаты. Што, на вашу, думку, гэта азначае?”
Гэта сюжэт для фільма Анджэя Вайды, які зьняў пра Катынь, яму варта зьняць і пра Курапаты ...

Сідарэвіч: “Артыкул спадара Якубовіча наогул цікавы, але – вельмі цынічны. Некаторыя фразы гучаць проста забойча: “Куропаты – не место поиска исторической правды”. Як гэта разумець? Далей, спадар Якубовіч называе тых камуністычных артадоксаў, якія называлі публікацыю Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці” паклёпам, ні многа, ні мала – “защитниками чужого мундира”. Ды яны якраз былі абаронцамі свайго, бальшавіцкага мундзіра! Рэспубліка Беларусь, чытайце тую самую “Беларусь сегодня”, чамусьці лічыць сябе правапераемніцай сталінскай БССР, сталінскага СССР, калі справа тычыцца Другой усясьветнай вайны. Лінія Сталіна – хіба гэта не ўзвышэньне сталінскай эпохі, не абельваньне, не ўпрыгожваньне яе? Але што датычыць сталінскіх злачынстваў, тут ніякага “пераемства” і пакаяньня няма. Вось такая дзьвюхаблічнасьць пазыцый афіцыйных ідэолягаў сучаснага рэжыму. Зразумейце, ёсьць неаспрэчныя доказы, што там ляжаць палякі, скажам. На знойдзеным грабеньчыку стаяць даты: “25.04.40” і “26.04.40”, і надпіс выдрапаны на польскай мове: “Расплакаўся. Цяжкі дзень”. Гэта сюжэт для фільма Анджэя Вайды, які зьняў пра Катынь, яму варта зьняць і пра Курапаты. У Курапатах знайшлі расьпіскі Мойшы Крамэры і Мардухая Шулецкеса… Нельга сёньня афіцыйнай уладзе адмаўляць расстрэлы ў Курапатах, таму што і Ізраіль пільна сочыць, і Польшча пільна сочыць. Таму публікацыя ў газэце “Беларусь сегодня” разьлічана на вонкавы эфэкт”.

Скобла: “У тым жа нумары газэты “Беларусь сегодня” апублікаваны “круглы стол” на тэму Курапатаў. Там вядзецца размова і пра будучы мэмарыял. Як вы лічыце, пры гэтай уладзе ў Курапатах можа быць узьведзены помнік, які будзе знаходзіцца пад аховай дзяржавы?”

Сідарэвіч: “Спадар Якубовіч не гаворыць, што ў Курапатах трэба паставіць такі ж помнік, які паставілі ахвярам грамадзянскай вайны ў Гішпаніі. За прыгаданым “круглым сталом” ксёндз Ігар Лашук сказаў, што помнік трэба збудаваць за народныя ахвяраваньні, і гэтую ідэю адразу ж падхапіў загадчык аддзелу Інстытуту гісторыі НАН Мікалай Сьмяховіч – асоба даволі афіцыйная. Такім чынам, дзяржава ўмывае рукі. Мала таго: спадар Якубовіч кажа, што Курапаты – ня месца пошуку гістарычнай ісьціны, што сталіншчына даўно ўжо стала гісторыяй. Спадар Якубовіч катэгарычна выступае супраць суду над сталінізмам. Усе гэтыя публікацыі, паўтаруся, разлічаныя на вонкавага спажыўца. З аднаго боку, мы бачым спробу прызнаць гістарычную ісьціну, з другога боку – дзяржава адгароджваецца ад злачынстваў сталінізму і будзе перашкаджаць дэмакратычнай грамадзкасьці правесьці суд над сталінізмам”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG