Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна купіць Месяц – радовішча рэгаліту?


Кастусь Цыркун

Кастусь Цыркун

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 4 кастрычніка

Роўна чатырыста гадоў таму славуты італьянскі астраном Галілео Галілей сканструяваў тэлескоп, з дапамогай якога адкрыў плямы на Сонцы і спадарожнікі Юпітэра. У памяць гэтай падзеі 2009 год адзначаецца ва ўсім сьвеце як Год астраноміі. Ці ёсьць шанцы ў Беларусі стаць касьмічнай дзяржавай? Ці набываюць беларусы надзелы на Месяцы, і колькі каштуе касьмічная нерухомасьць? На гэтыя ды іншыя пытаньні адкажа наш госьць – загадчык аддзелу астраноміі менскага Рэспубліканскага цэнтру тэхнічнай творчасьці навучэнцаў Кастусь Цыркун.

Міхась Скобла
Міхась Скобла: “Спадар Кастусь, аднойчы я быў у Калінінградзе, ішоў па вуліцы і літаральна натыкнуўся на мэмарыяльны знак: “На гэтым месцы стаяў дом Імануіла Канта”. Той самы знак “прамаўляў” да мінакоў вядомыя словы пра тое, што ёсьць найгалоўным: “Зорнае неба над намі і маральны закон унутры нас…” А як вы разумеееце гэтую думку Канта?”


Кастусь Цыркун: “Зорнае неба для чалавека – вечнае. Гэта нейкая аснова, пад наглядам якой чалавек жыве, разьвіваецца чалавецтва. З зорнага неба сыходзяць да нас гукі космасу, і гэтыя гукі зьмяняюць нашае жыцьцё. У чалавека ўнутры павінен быць нейкі стрыжань, які падпарадкоўваецца сыгналям космасу. Павінна быць суладзьдзе паміж чалавекам і космасам. А калі адбываецца несуладзьдзе аднаго і другога, тады адбываюцца ўсялякія катаклізмы ў прыродзе і недарэчнасьці ў чалавеку. Зорнае неба падпітвае нас сваёй энэргіяй, энэргіяй космасу”.

Скобла: “Апошнняя кніга, якую я прачытаў, – раман Віктара Вальтара “Роджаныя пад Сатурнам”, які праляжаў у рукапісе восемдзесят гадоў і толькі нядаўна сустрэўся з варштатам Скарыны. Адзін з герояў раману гаворыць: “Ёсьць людзі, роджаныя пад Сонцам, – яны жыцьцярадасныя, а ёсьць роджаныя пад Сатурнам – яны пэсымісты і схільныя да суіцыду”. Няўжо плянэты прадвызначаюць лёсы чалавецтву?”

Цыркун: “Тое, пра што вы кажаце, – гэта астралёгія. А я займаюся астраноміяй. Людзі нарадзіліся пад Сонцам ці пад Сатурнам і ў выніку гэтага маюць розныя характары ці схільнасьці? Я гэтага не разумею. Я думаю, што энэргія космасу падпітвае чалавека незалежна ад таго, калі ён нарадзіўся. І ўсё залежыць ад самога чалавека, ад таго, што ён робіць, якая ў ім закладзеная ўнутраная энэргія, якая ў яго ёсьць ідэя. А Сонца і Сатурн, я думаю, тут ні прычым. Хай на мяне пакрыўдзяцца астролягі, але я ў гэта ня веру”.

Скобла: “У гараскопы вы таксама ня верыце?”

Цыркун: “Чаму ж, я праглядваю свой гараскоп. Маё асабістае меркаваньне – гэта больш філязофія і псыхалёгія. Да зорак гараскопы маюць апасродкаванае дачыненьне”.

Скобла: “Роўна 400 гадоў таму Галілео Галілей упершыню выкарыстаў тэлескоп для вывучэньня космасу. Чатырыста гадоў чалавецтва глядзіць у тэлескопы, але канчатковай разгадкі многіх таямніцаў Усясьвету так і ня мае. Прыкладам, якая вэрсія ўзьнікненьня Зямлі лічыцца найбольш верагоднай?”

Цыркун: “Існуе вельмі шмат гіпотэзаў наконт таго, як узьнікла наша Зямля. Адна зь іх належыць акадэміку Шмідту, дарэчы, нараджэнцу Магілёва. Яна мне вельмі падабаецца, я яе вывучаю са сваімі вучнямі. Гіпотэза Шмідта расказвае аб тым, што нараджэньне Сонечнай сыстэмы і Зямлі ў тым ліку адбылося некалькі мільярдаў гадоў таму. Існавала першаплянэтнае воблака – міжзорны пыл, газ, якое пачало ў пэўны момант кандэнсавацца. З самай цэнтральнай часткі гэтага воблака пачала ўтварацца зорка, протазорка, зь якой пасьля ўзьнікла Сонца. Тая частка рэчыва, якая не пасьпела скандэнсавацца на Сонца, пачала кандэнсавацца ў другіх кропках, зь якіх пасьля ўзьніклі плянэты. Так і ўзьнікла наша Зямля”.

Скобла: “Месяцы два таму па адным з расейскіх фэдэральных тэлеканалаў была паказаная перадача, у якой ставілася пад сумнеў высадка амэрыканскіх астранаўтаў на Месяц. Маўляў, месячны краявід можна стварыць і з дапамогай кампутара… Дык ці ступала нага чалавека на Месяц?”

Язэп Драздовіч. З сэрыі “Жыцьцё на Месяцы”

Цыркун: “У тым, што чалавек быў на Месяцы, я не сумняваюся. На гэты конт ёсьць шмат доказаў. Першы доказ – на Зямлю прывезена вялікая колькасьць грунту зь Месяца – рэгаліту, які дасьледаваны, і існуюць шматлікія навуковыя працы па гэтай тэматыцы. Рэгаліт – вельмі спэцыфічнае рэчыва, якое мае малую цеплаправоднасьць. На глыбіні прыкладна аднаго мэтру пад рэгалітам тэмпэратура не зьмяняецца, бяз розьніцы – дзень на Месяцы ці ноч, холад ці цяпло. Я таксама глядзеў фільм пра тое, што амэрыканцы на Месяцы – гэта падробка, маўляў, гэта ўсё здымалася ў павільёнах… Мне пашчасьціла шмат разоў сустракацца з касманаўтамі, і я ведаю, што яны адмоўна ставяцца да ўсіх гэтых фільмаў. А яны ж прайшлі космас, яны шмат разоў выходзілі ў космас. Яны дакладна ведаюць, што амэрыканцы былі на Месяцы, і ў іх іншых пытаньняў не ўзьнікае. Чалавек дасьледаваў Месяц і будзе яшчэ доўга дасьледаваць”.

Скобла: “Сёньня ў сьвеце актыўна прадаюцца надзелы на Месяцы. Ці разжыліся ўжо беларусы гэтай “месяцовай нерухомасьцю”, і ўвогуле – якая беларуская прысутнасьць на гэтым спадарожніку Зямлі?”
І беларусы таксама маюць на Месяцы шматлікія ўчасткі, іх там, можа, ужо 200 ці 300 акраў куплена і аформлена ...

Цыркун: “Ёсьць міжнародная агенцыя, якая займаецца продажам такіх надзелаў. Ёсьць яе прадстаўніцтва і ў Беларусі. І беларусы таксама маюць на Месяцы шматлікія ўчасткі, іх там, можа, ужо 200 ці 300 акраў куплена і аформлена. Але ёсьць Міжнародны астранамічны саюз, які пра ўсе гэтыя пакупкі кажа, што ўсё гэта не законна, таму што па міжнародных законах аб’екты космасу зьяўляюцца агульначалавечай уласнасьцю. Так што чалавек, хай сабе і ня бедны, ня мае права купіць які-небудзь надзел на Месяцы. Надзелы тыя, да слова, ня так дорага і каштуюць, прыкладна за сто даляраў такі надзел можна набыць, у вас будзе пасьведчаньне, стос дакумэнтаў наконт вашай зьдзелкі, але насамрэч гэта – мыльны пухір. А на Месяцы беларуская прысутнасьць заўважная. Там шматлікія кратары тым жа Астранамічным саюзам названыя ў гонар нашых землякоў ці выхадцаў зь Беларусі. На Месяцы ёсьць такія кратары, як Блажко, Дубяга, Ліпскі, Пачобут, Шмідт, пра якога мы ўжо гаварылі”.

Скобла: “У свой час у вывучэньне Месяцу амэрыканцы ўклалі велізарныя сродкі. Сёньня кітайцы стварылі адмысловую праграму і не шкадуюць на яе грошай. Навошта амаль недасяжны Месяц Кітаю? Якая зь яго можа быць практычная карысьць?”

Цыркун: “Па-першае, Месяц не такі далёкі, як нам здаецца. Гэта самы блізкі аб’ект, які можна дасьледаваць. На Месяцы ёсьць шматлікія карысныя выкапні, якія ў будучым можна выкарыстоўваць на Зямлі. Асваеньне Месяцу – гэта разьвіцьцё новых тэхналёгій: і кампутарных, і тэхналёгій ракетных рухавікоў, і ўвогуле, гэта вялікі штуршок для разьвіцьця навукі і тэхнікі. Я ў свой час быў у Кітаі, у межах дзіцячай касьмічнай праграмы мы знаёміліся з тым, як тым наладжаная аэракасьмічная адукацыя моладзі. Быў я і ў кітайскім Касьмічным цэнтры ў Пекіне, і ў Аэракасьмічным унівэрсытэце і бачыў, як сур’ёзна кітайцы ставяцца да асваеньня касьмічнай прасторы і Месяца”.

Скобла: “Як вы сабе ўяўляеце дастаўку карысных выкапняў зь Месяца на Зямлю? Хіба гэта рэальна?”
Грузавыя ваяжы Зямля-Месяц – гэта толькі пытаньне часу ...

Цыркун: “Дваццаць гадоў таму размаўляць па мабільным тэлефоне таксама было нерэальна. Пройдзе 10-15 гадоў, узьнікнуць новыя тэхналёгіі, збудуюцца новыя касьмічныя апараты, з дапамогай якіх усё можна будзе зрабіць. Грузавыя ваяжы Зямля-Месяц – гэта толькі пытаньне часу”.

Язэп Драздовіч. Космас

Скобла: “А калі Беларусь стане касьмічнай краінай?”

Цыркун: “Беларусь стварыла свой спадарожнік “БелКА”, але, на жаль, ягоны вывад у касьмічную прастору не адбыўся – расейская ракета не змагла падняцца ў космас і ўзарвалася. Уся апаратура загінула. На сёньняшні дзень створаны новы спадарожнік, які будзе ў хуткім часе запушчаны. Так што Беларусь таксама хутка будзе ў космасе”.

Скобла: “Зорныя, кажуць, ліўні, / што душы ачышчаюць, / бываюць толькі ў жніўні, / толькі ў жніўні бываюць”, – пісаў пра жнівеньскія заркапады Анатоль Грачанікаў. А я вычытаў у вашай кнізе “Над намі – неба”, што кітайскія імпэратары ў час заркападаў нават выпускалі з турмаў палітычных вязьняў. Як вы лічыце, ці дапамогуць зоркі выйсьці на волю беларускім палітвязьням?”

Цыркун: “Гэта больш гістарычнае пытаньне, чым астранамічнае… Але калі гаварыць пра мэтэорныя плыні, то яны бываюць вельмі цікавымі. Напрыклад, ёсьць такая мэтэорная плынь леаніды, яна назіраюцца ў лістападзе. Тады зь неба сыплюцца дзясяткі тысячаў зорак, і можна загадваць жаданьні, прымаць нейкія палітычныя рашэньні. Але, на жаль, такія зорныя дажджы бываюць дастаткова рэдка. Напрыклад, леаніды бываюць адзін раз у трыццаць тры гады. Апошні раз такая мэтэорная плынь назіралася ў 1999 годзе, так што трэба праявіць цярплівасьць, каб убачыць на небе такое дзіўнае відовішча”.

Скобла: “Яшчэ дваццаць гадоў чакаць?!”

Цыркун: “Гэта ж космас, яго аніяк нельга паскорыць. Космас жыве па сваіх законах”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG