Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорскую лідэрку ПКБ пакаралі штрафам


Сьвятлана Міхальчанка

Сьвятлана Міхальчанка

Сёньня судзьдзя Сьветлагорскага раённага суду Віталь Вашчылін пакараў адміністрацыйным штрафам на 1 мільён 225 тысяч рублёў кіраўніка раённай арганізацыі Партыі камуністаў беларускай Сьвятлану Міхальчанку.

Яе абвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе 3 верасьня партыйнага бюлетэня “Левы марш”.

Паводле выраку суду, “Левы марш” ня меў поўных выходных зьвестак й незаконна распаўсюджваўся адказчыцай ля прахадной заводу “Лаўсан” аб’яднаньня “ Хімвалакно”. Такую выснову судзьдзя зрабіў на падставе блытаных сьведчаньняў капітана міліцыіі Андрэя Саўчанкі й некаторых адказных асоб хімічнага прадпрыемства.

У справе фігараваў здымак газэты “Товарищ” і нейкія паперы, параскіданыя на зямлі.

Маёр міліцыі Сяргей Братчэня, які неперадузята сьведчыў у судзе, патлумачыў, што гэтае сьмецьце цалкам магло застацца ад сцэцмашыны, што займаецца ачысткай горада.

“Насамрэч я не распаўсюджвала “Левы марш”, — кажа Сьвятлана Міхальчанка. — Да мяне прычапіліся маладыя людзі ў цывільным. Адзін зь іх і назваўся актыўным грамадзянінам Іванам Іванавічам і заяўляў, што ня хоча, каб хтосьці ля “Хімвалакна” распаўсюджваў улёткі. Я зьвязалася па мабільніку з Валерам Рыбчанкам, які быў 3 верасьня ў Сьветлагорску. Мы разам і паклікалі міліцыянтаў на дапамогу”.

Спадарыня Міхальчанка патлумачыла, што ў міліцыі ў яе забралі 26 асобнікаў “Левага маршу”. У судзе выявілася, што аднаго асобніка ў справе бракуе. Ён і мог быць выкарыстаны для маніпуляцый у адміністрацыйнай справе. У прыватнасьці, для сьцьвярджэньня капітана Саўчанкі пра тое, што “Левы марш” ён знайшоў ля кулінарыі блізу адміністрацыі “Хімвалакна”.

Вырак судзьдзі актывістка ПКБ наважана аспрэчыць у абласным судзе, а, калі спатрэбіцца, і ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG