Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьветлагорску судзяць “Левы марш”


Сьвятлана Міхальчанка
Сьвятлана Міхальчанка
Сёньня ў Сьветлагорскім раённым судзе распачаўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць кіраўніка мясцовай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Сьвятланы Міхальчанкі. Яе абвінавачваюць у распаўсюдзе 3 верасьня партыйнага бюлетэня “Левы марш”, які ня меў поўных выходных зьвестак.

Падтрымаць Сьвятлану Міхальчанку прыехалі ў суд ня толькі мясцовыя грамадзкія актывісты, але й чальцы ПКБ са Жлобіна й Рагачова. Адміністрацыйную справу супраць яе разглядае судзьдзя Віталь Вашчылін.

Адказчыца патлумачыла суду, што 3 верасьня ля прахадной аб’яднаньня “Хімвалакно” яна нічога не пасьпела раздаць. Проста да яе прычапіліся маладыя людзі ў цывільным:

“Я яшчэ не пасьпела нічога раздаць, калі да мяне падышоў адзін зь іх і назваўся актыўным грамадзянінам горада Сьветлагорска, і ён ня хоча, каб тут хтосьці распаўсюджваў улёткі. Я пытаюся: а на якой падставе? Вось мае дакумэнты, што я маю права гэта рабіць. Калі ня хочаце браць, праходзьце міма й не бярыце нічога”.

Сьвятлана Міхальчанка й Валер Рыбчанка, які быў у той дзень у Сьветлагорску, паклікалі на дапамогу міліцыянтаў. Апошнія прапанавалі ім паехаць у пастарунак, каб разабрацца. У валізцы Сьвятланы Міхальчанкі сапраўды было 26 асобнікаў “Левага маршу”, якія яна, аднак, не распаўсюджвала. Гэта пацьвердзілі ў судзе й чацьвёра сьведкаў, якія распаўсюджвалі газэту “Товарищ”.

Разгляд адміністрацыйнай справы будзе працягнуты 27 кастрычніка, бо ў суд сёньня не прыйшлі сьведкі зь міліцыі й пракуратуры.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG