Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад даў крэдыты – улады падвысілі пэнсіі


Ад 1 лістапада амаль на 10% падвышаюцца працоўныя пэнсіі. Гэта значыць, што ў сьнежні сярэднестатыстычны беларускі пэнсіянэр атрымае на 37 тысяч рублёў больш, чым дагэтуль — 434 тысячы рублёў замест 397 тысяч.

Дадатак належыцца блізу 2 мільёнам чалавек, а дзяржаўныя выдаткі на выплаты перавысяць 33 мільёны даляраў. Паказальна, што карэктаваньне пэнсій сёлета ў сувязі з дэфіцытам бюджэту не плянавалася. Адкуль зьявіліся лішнія грошы? І ці можна назваць гэта рэальным падвышэньнем — з улікам дэвальвацыі рубля, інфляцыі, росту коштаў на асноўныя тавары і паслугі?

Апошняе падвышэньне працоўных пэнсій было больш чым год таму — у жніўні 2008-га. Ад таго часу адбылося нямала падзеяў, якія наўпрост паўплывалі на дабрабыт людзей: пачаўся ўсясьветны фінансавы крызіс, беларускі рубель перажыў больш чым 20-працэнтную дэвальвацыю, з-за скарачэньня аб’ёмаў экспарту істотна зьнізіліся паступленьні ў бюджэт.

Яшчэ пры канцы верасьня ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны казалі, што няпростая эканамічная сытуацыя нэгатыўна адбілася на паступленьні страхавых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва — а гэта асноўная крыніца пэнсійнага фінансаваньня. Адкуль жа раптам зьявіліся немалыя грошы? Эканаміст, экс-міністар працы Аляксандар Сасноў лічыць, што беларускія ўлады скарысталі дапамогу міжнародных фінансавых структураў:

Аляксандар Сасноў
“Няхай Эўропа і Сусьветны банк дапамагаюць і надалей. Бо адкуль бы яшчэ грошы ўзяліся? Іх больш няма дзе ўзяць. Тым больш, улады самі казалі: няма грошай, ня можам падвышаць, бо няма вольных сродкаў. А вось зараз Сусьветны банк транш дае беларускім уладам. Вось такім чынам грошы і зьявіліся. Але Эўропа, зразумела, пайшла на гэта, таму што набліжаецца зіма і трэба бесьперапынна атрымліваць паліва. Таму тут элемэнтарная перасьцярога. Я ня ведаю, якія пляны ў кіраўніцтва Беларусі надалей, бо іхную лёгіку не зразумець, але крок з падвышэньнем пэнсій — крыху супакоіць людзей, безумоўна”.

Памер працоўнай пэнсіі ў кастрычніку складае ў Беларусі ў сярэднім 397 тысяч рублёў. Сярэдняя пэнсія паводле ўзросту — 409 тысяч рублёў, сярэдні памер сацыяльнай пэнсіі — 185 тысяч рублёў. Разам з тым Аляксандар Сасноў лічыць, што дэкляраванае падвышэньне пэнсій — гэта толькі кампэнсацыя за матэрыяльныя страты, якія людзі за апошні год рэальна адчулі. То бок пра рост прыбыткаў сталых людзей можна казаць толькі ўмоўна:

“Трэба сказаць, што інфляцыя ў гэтым годзе ўжо складае больш за 8%. Гэта калі лічыць ад пачатку году. А якраз ад канца мінулага году беларускія пэнсіі не падвышаліся. Таму тое, што ўлады зрабілі, — гэта проста кампэнсавалі пэнсіянэрам страты. І то новыя пэнсіі людзі атрымаюць толькі ў сьнежні, гэта колькі часу яшчэ павінна прайсьці. Таму ня выключана, што за гэты час інфляцыя зьесьць і тое, што дададуць”.

Сёньня спраўдзілася інфармацыя пра пералічэньне Беларусі чарговага траншу Міжнароднага валютнага фонду — блізу 700 мільёнаў даляраў. Не разьвіталіся беларускія ўлады і з надзеяй атрымаць паўмільярда даляраў ад Расеі. Аднак, як кажа эканаміст, крызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак, існаваць выключна за кошт запазычаных сродкаў — неабачліва:
Прэзыдэнты прыходзяць і сыходзяць, а крэдыты ж трэба аддаваць ...

“Дзеля таго, каб падвышаць пэнсіі, каб клапаціцца пра ўзровень жыцьця насельніцтва, трэба, каб нешта працавала. Але ж у нас нічога эфэктыўна не працуе! І ў выніку няма грошай. Бо каб былі вольныя сродкі, трэба працаваць. А ніхто не працуе. Выйдзіце на вуліцу, зірніце, што робіцца — пасярод дня людзі ацялягваюцца, бо не занятыя на вытворчасьці. Таму даводзіцца браць грошы звонку. Але тут якая небясьпека? Прэзыдэнты прыходзяць і сыходзяць, а крэдыты ж трэба аддаваць. Даўгі ж застаюцца. Хто ў выніку аддаваць будзе? Мы, дзеці нашы”.

Між тым, спадар Бурак зазначае, што многія пэнсіянэры застануцца ўдзячнымі за прэзыдэнцкі клопат — нават пры тым, што за эквівалент адной базавай велічыні можна набыць хіба разавы набор з чаркі і скваркі:

“Заходзіш у краму — ну як можна гэтыя грошы патраціць? Хіба што хлеб нічога не каштуе, гарэлка нічога не каштуе. Бяры, купляй — пі ды закусвай. Значыць, усё цудоўна? То бок, на гэта камусьці дадатковых 37 тысяч цалкам хопіць. Вось і ўвесь кошт пытаньня”.



Калі ў Беларусі сёлета гэта першае падвышэньне пэнсій, то ў суседняй Расеі ў 2009 годзе пэнсіі падвышаліся ўжо тройчы, чацьвёртае падвышэньне адбудзецца ў сьнежні. З 1 жніўня пэнсіі наблізіліся ў эквіваленце да 200 даляраў, істотна абышоўшы беларускія. Пры гэтым, апроч вызначанага падвышэньня пэнсій, для расейцаў прадугледжаны дадатковы “бонус” за кожны год працы за савецкім часам. Таксама ва ўрадзе Расеі разглядаюцца папраўкі, якія дазволяць грамадзянам атрымліваць пэнсіі ў памеры 40% ад заробку: ад 2010 году будзе весьціся ўлік індывідуальнага заробку, і людзі са стажам працы ня меней за 30 гадоў будуць атрымліваць заслужана высокія пэнсіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG