Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейскі фізык выйшаў зь беларускай турмы


Андрэй Ажароўскі

Андрэй Ажароўскі

Расейскі фізік-ядзершчык, Андрэй Ажароўскі, які сёньня апоўдні выйшаў на волю з Астравецкага ізалятара, заявіў Радыё Свабода, што і надалей працягне даводзіць беларускаму грамадзтву і ўладам, нікчэмнасьць пабудовы АЭС у Беларусі.

Адно з першых інтэрвію навуковец даў нашаму радыё.

— Андрэй, віншую вас з выхадам на волю і як вы сябе адчуваеце?

— Адчуваю сябе нармалёва, бадзёра, ды й як яшчэ можна адчуваць сябе на свабодзе. Свабода — гэта вельмі добрая рэч.

— Хацелася б яшчэ раз удакладніць — за што вас асудзілі? СМІ паведамлялі, што вы хацелі пранесьці на грамадзкія слуханьні “забаронены даклад” і выступіць зь ім?

— Тры з паловай гадзіны мяне трымалі і дапытвалі выключна наконт гэтага дакумэнта — крытыкі АВОС (Ацэнка ўзьдзеяньня на навакольная асяродзьдзе) . І калі я ўжо сабраўся адыходзіць, міліцыянт прапанаваў мне расьпісацца яшчэ ў адным месцы. Аказалася, што я — хуліган. І мяне адразу адвезьлі ў суд.

— І якія ўражаньні засталіся ад беларускага суда?

— Мне даводзілася зьвяртацца ня толькі да судзьдзі, але і старшыні суду, каб дазволілі публіцы ўвайсьці на адкрытае судовае паседжаньне. Суд быў адкрыты, але будынак быў блякаваны.

— А сьведчылі супраць вас міліцыянты?

— Так, выключна міліцыянты.

— Андрэй, дык аб чым усё ж быў ваш даклад?

— Галоўнае пытаньне датычна атамнай энэргетыкі ня толькі тут, а і ва ўсім сьвеце — наколькі яна бясьпечная. А распрацоўшчыкі таго дакумэнта, які выносіўся на слуханьні беларускім бокам сьцьвярджаюць, што ўзьдзеяньні АЭС ня могуць распаўсюджвацца далей чым на тры кілямэтры ад яе. Мы даказалі зь лічбамі і фактамі, што гэтыя дадзеныя зьменшаныя ў тысячу разоў у адным выпадку і ў 300 разоў у другім выпадку.

— А на вашу думку, якімі могуць быць узьдзеяньні рэактара?

Верыць, што сучасны расейскі рэактар, які зьбіраюцца ставіць у Беларусі, будзе аказваць узьдзеяньне толькі ў радыюсе трох кілямэтраў, можа толькі чалавек, які аб гэтым нічога ня ведае.
— Нават сучасны эўрапейскі рэактар можа аказваць узьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе ў выпадку аварыі на тысячу кілямэтраў. Таму верыць, што сучасны расейскі рэактар, які зьбіраюцца ставіць у Беларусі, будзе аказваць узьдзеяньне толькі ў радыюсе трох кілямэтраў, можа толькі чалавек, які аб гэтым нічога ня ведае, наіўны, і які верыць у рэклямныя праспэкты “Росатама”.

— У якіх умовах вам давялося правесьці 7 сутак у ізалятары?

— Да ўмоваў прэтэнзій ня маю, адзінае было халодна, але халодна цяпер паўсюль. Гэта сучасны ізалятар, і думаю, што беларускія ўлады слушна зрабілі, што збудавалі яго тут перад будаўніцтвам АЭС, паколькі гэта, магчыма, спатрэбіцца яшчэ нейкім людзям. Пакоі на два чалавекі, а харчаваньне, дарэчы, аплачваецца самім затрыманым.

— І ў якую суму вам абышлося харчаваньне?

— 38 тысяч за 6 цёплых абедаў, прычым, добрых. Я кажу гэта без усялякае іроніі. Суп быў цёплым.

— Вас наведваў расейскі консул — якую дапамогу ад яго вы атрымалі?

— Консул мог дапамагчы толькі маральна, паколькі адразу паведаміў, што ня можа ўмешвацца ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы. Тым ня менш мне было прыемна, што ён прыехаў аж зь Берасьця, прычым, дрэнным надвор’ем. Стала цяплей ад таго, што ўрад маёй краіны мяне ня кінуў.

— Сёньня вы павінны былі ўжо быць у Швэцыі на навуковай канфэрэнцыі…

— У мяне даклад там у другой палове дня заўтра. І калі па дарозе ня будзе супрацоўнікаў астравецкай міліцыі ў цывільным, то я цалкам магу туды патрапіць, заўтра раніцай вылечу самалётам зь Менску.

— Зь якім пачуцьцямі пакінеце Беларусь?

— Я не лічу, што гэта недарэчная выхадка нешта зьменіць. Я надалей буду дапамагаць мясцовым актывістам сваімі ведамі, законнымі мэтадамі аказваць супраціў небясьпечнаму і дарагому праекту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG