Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З слуханьняў па АЭС — за краты


Андрэй Ажароўскі

Андрэй Ажароўскі

Грамадзкія слуханьні ў Астраўцы адносна будаўніцтва атамнай станцыі адбыліся па сцэнары ўладаў: з прапускной сыстэмай АМАПу і падрыхтаваных выступоўцаў, якія агітавалі за будаўніцтва АЭС. Зьведалі на сабе мэтады праваахоўнай сыстэмы Беларусі і замежныя ўдзельнікі абмеркаваньня: каардынатар расейскай групы “Экозащіта” фізык-атамшчык Андрэй Ажароўскі асуджаны судом Астравецкага раёну да сямі сутак арышту. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Падобнага мэрапрыемства раённы Астравец, са слоў мясцовых жыхароў, дагэтуль ня бачыў. Ад самай раніцы на ўезьдзе ў горад патрульныя міліцэйскія аўто спынялі, чамусьці, пераважна аўтобусы.

У горадзе на кожным скрыжаваньні міліцыянт, а мясцовы кінатэатар, дзе адбываліся слуханьні — у коле АМАПу. Правяралі людзей і тое, што ў іх было ў руках. Апазыцыянэра Валерыя Шчукіна не пускалі, маўляў, пачакайце, яшчэ нічога не пачалося..

На ўваходзе ў кінатэатар сустракаюць “валянтэры” спартовага целаскладу падстрыжаныя пад канадку.

На пачатку 11-й гадзіны заля амаль поўная, хаця ў праграме гаворыцца, што рэгістрацыя пачынаецца з 10:00. Заля раённага кінатэатру зьмяшчае ня болей за 300 чалавек, відавочна, што тыя, хто ўжо сядзіць, прыйшлі сюды раней за 10-ю гадзіну.

Бачу, што гэта пераважна людзі з бліжэйшых калгасаў і зь мясцовых прадпрыемстваў. Жанчына з Варнянаў патлумачыла, што ў іх праводзілі агульны сход і вылучылі дэлегатаў.

Пытаюся ў вяскоўцаў — ці падтрымліваюць яны будаўніцтва АЭС? У многіх рэакцыя сарамлівая, адварочваюцца, некаторыя кажуць, што, магчыма, знойдзецца нядрэнная праца, а большасьць сьцьвярджае, што прыехалі папросту паслухаць.

Перад самым пачаткам слуханьняў відаць, што людзі, якія не не прадстаўляюць ніякіх калектываў і заранёў не падавалі заявак на ўдзел, у залю ня трапяць.

Насамрэч, сустракаю Анатоля Лябедзьку, якога разам з калегамі да апошняга не прапускаў АМАП. Ён выказвае сваё зьдзіўленьне неверагоднымі мерамі бясьпекі.

Слуханьні пачаліся. На вуліцы дождж, запусьцілі ўсіх ахвотных у фае кінатэатру. Але задаць пытаньні ці выступіць гэтыя людзі ня маюць магчымасьці. Перад дзьвярыма ў залю шчыльна стаяць “валянтэры”… Вядзецца трансьляцыя на вуліцу, якой ужо ніхто там ня слухае…

Першым выступае намесьнік міністра энэргетыкі, спадар Міхадзюк. У яго словах адзін пазытыў: усё спраўджана, пралічана, усё запрацуе, бо іншага выйсьця няма…

Пасьля яго яшчэ некалькі навукоўцаў на незразумелай для вяскоўцаў лексыцы даводзяць плюсы ад будаўніцтва АЭС… Людзі слухаюць і пляскаюць у далоні….

Выступленьні тых, хто “за”, ня увесь час, адзінкі даводзяць “супраць”. Ім таксама пляскаюць у далоні, але трошкі сьціплей.

Выступоўцы пераважна не прадстаўляюцца, чытаюць з паперак, некаторыя нават з камсамольскім запалам, і заля рэагуе адпаведна запалу. Дырэктар школы з Мастоўскага раёну не хавае, адкуль ён, і даводзіць, што прыехаў сюды спэцыяльна ад усяго калектыва, бо ў “ХХІ стагодзьдзі трэба жыць з атамнай энэргіяй”.

Выступілі мясцовыя апазыцыянэры: Іван Крук і Мікола Уласевіч — яны супраць, але іх чамусьці увесь час перабівалі і не далі магчымасьці даслухаць…

АМАП затрымаў маскоўскага эколяга Андрэя Ажароўскага, які нібыта хацеў ўсенародна скрытыкаваць праект самай надзейнай станцыі. Яго забралі ў пастарунак, а пазьней стала вядома, што асудзілі на 7 сутак нібыта за лаянку побач з рэспубліканскімі грамадзкімі слуханьнямі.

Людзі выходзілі з залі кінатэатру і ніхто ні з кім не спрачаўся, моўчкі, ніхто нікога ні ў чым не пераконваў. Відавочна, што ўсё вырашылі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG