Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міру між магілёўскімі камунальнікамі й БНФ пакуль няма


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
Падпісаньне міравога пагадненьня між магілёўскай жыльлёва-камунальнай управай Ленінскага раёну Магілёва й абласной арганізацыяй Руху “БНФ “Адраджэньне” адкладаецца на заўтра. Сёньня бакі ня здолелі дамовіцца па ўмовах улагоджваньня сваіх адносінаў. На заключэньні міравога пагадненьня настойвае абласны гаспадарчы суд.

Падпісваць пагадненьне адмовіўся старшыня фронтаўскай арганізацыі Рыгор Кастусёў:

“Мы гатовыя былі падпісаць пагадненьне на ўмовах камунальнікаў, аднак нас насьцярожыў адзін пункт у іх прапановах. Паводле яго, мы павінны зьвярнуцца ў гарвыканкам, каб той дазволіў нам знаходзіцца ў сёньняшнім нашым памяшканьні. Калі чыноўнікі нам адмовяць, то мы павінны яго вызваліць цягам пяці сутак. Падпісаўшы пагадненьне, такім чынам мы самі сабе выкапаем магілу, бо ніхто не гарантуе, што гарвыканкам дазволіць нам заставацца з памяшканьнем. Ня ясна, чаму мы павінны зьвяртацца да чыноўнікаў, калі дамову на офіс мы заключалі з камунальнікамі. І гэтая дамова не скасаваная дагэтуль. Заўтра, спадзяюся, я зразумею сутнасьць гэтага патрабаваньня”.

Нагодай для суду стаўся пазоў жыльлёва-камунальнай управы Ленінскага раёну Магілёва.

Запазычанасьць грамадзкіх актывістаў перад камунальнікамі складае 36 тысяч рублёў.
Прэтэнзіі фронтаўцам камунальнікі выставілі ад 2008 году. У сакавіку ж гэтага году, паводле старшыні фронтаўскай арганізацыі Рыгора Кастусёва, іх сядзіба была апячатаная і фронтаўцы ёй не карысталіся, аднак арэндную плату ўносілі рэгулярна.

24 верасьня, калі суд пачаў разглядаць пазоў камунальнікаў, Кастусёў прадаставіў квіткі аплаты арэнды на суму каля дзевяці мільёнаў рублёў. Узгадненьне бухгалтарскай дакумэнтацыі выявіла, што запазычанасьць грамадзкіх актывістаў перад камунальнікамі складае 36 тысяч рублёў.

Рыгор Кастусёў настойвае, што пазоў камунальнікаў палітычна матываваны. Рукамі жыльлёва-камунальнай управы, цьвердзіць ён, улада спачатку імкнецца пазбавіць арганізацыю памяшканьня, а потым наагул яе ліквідаваць.

Заўтра судзьдзя Рыгор Гаравец працягне мірыць камунальнікаў з фронтаўцамі. На пошук кампрамісу ў судзьдзі ёсьць адзін месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG