Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыльлёва-эксплюатацыйная ўправа Ленінскага раёну Магілёва выдзеліла памяшканьні для абласной арганізацыі партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня “Рух БНФ “Адраджэньне”. Сёньня іх кіраўнік Рыгор Кастусёў атрымаў адпаведныя лісты за подпісам дырэктара ўправы Аляксандра Асінцава.

Камунальнікі здаюць партыйцам і актывістам Руху памяшканьні ў арэнду на тры гады. Рыгор Кастусёў зьвязвае рашэньне камунальнікаў са зьменай кіраўніцтва аблвыканкаму, камунальных службаў, а таксама з абвешчанай уладамі лібэралізацыяй:

“Цяпер гарвыканкам павінен зацьвердзіць пастанову камунальнікаў. Я спадзяюся, што так яно й будзе, бо наўрад ці камунальныя службы прымалі рашэньні без папярэдняга ўзгадненьня з гарадзкой уладай. Памяшканьні нам выдзеленыя па вуліцы Цыялкоўскага ў адным будынку. У ім раней знаходзілася сядзіба руху, і адтуль нас спрабавалі на працягу двух гадоў выселіць. Цяпер жа даюць лепшае памяшканьне. Што да партыйнай арганізацыі, то яна ня мела сядзібы ад 2001 году. За гэты час была скасавана яе рэгістрацыя. Цяпер абласную структуру мы можам зарэгістраваць наноў”.

Нам хацелася б, каб гэтае сьвята адзначалася і ўладамі.
Рыгор Кастусёў
Сёньня ж Рыгор Кастусёў і прафсаюзны актывіст Юры Новікаў ад імя аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня волі ў Магілёве прапанавалі гарвыканкаму разам адзначыць гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі:

“Мы спадзяемся, што гарвыканкам гэтым разам нашу прапанову ўспрыме пазытыўна й паставіцца да 25 сакавіка як да важнай гістарычнай даты. Нам хацелася б, каб гэтае сьвята адзначалася і ўладамі. У любым выпадку свае мерапрыемствы мы ў гэты дзень правядзём. У ідэалягічным аддзеле нам паабяцалі, што пра сваё рашэньне паведамяць празь некалькі дзён”, — зазначыў Рыгор Кастусёў.

Летась на Дзень Волі гарвыканкам не дазволіў правесьці мітынг і шэсьце. Сваю адмову чыноўнікі аргумэнтавалі рамонтам пляцоўкі, дзе гэтыя мерапрыемствы павінны былі адбыцца. Два месяцы таму гарадзкая ўлада не дазволіла ўсталяваць інфармацыйную шыльду ў гонар БНР на сьцяне мясцовага краязнаўчага музэю. 12 ліпеня 1918 году ў гэтым будынку прадстаўнікі грамадзкасьці прызналі ў горадзе ўладу БНР. Адмову аргумэнтавалі адсутнасьцю дакумэнтальнага пацьверджаньня гэтага факту. Сёлета на Дзень Волі магілёўцы прыйдуць да краязнаўчага музэю, каб згадаць тую падзею.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG