Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыдзень таму група выкладчыкаў дэпартамэнту паліталёгіі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту выступіла з адкрытым лістом, у якім выказвалася занепакоенасьць сытуацыяй з парушэньнем дэкляраваных ЭГУ прынцыпаў павагі акадэмічных свабодаў. 7 чалавек абвясьцілі аб прыпыненьні свайго ўдзелу ў навучальным працэсе да таго часу, пакуль на кіроўныя пасады навукоўцаў будуць не прызначаць, а абіраць. Адміністрацыя ЭГУ, у сваю чаргу, спасылаючыся на Статут, патлумачыла, што мае права прызначаць кіраўнікоў без абмеркаваньня і ўзгадненьня з іншымі выкладчыкамі.

У панядзелак на сайце інтэрнэт-часопіса “Новая Эўропа” апублікаваны артыкул дэкана бакаляўрскай школы ЭГУ прафэсара Рыгора Мінянкова “ЭГУ: нататкі на палях аднаго “канфлікту”. Дырэктар дэпартамэнту палітычных навук Сьвятлана Навумава выступіла з адкрытым лістом да студэнтаў. Яны запэўніваюць, што канфліктная сытуацыя ніяк не адаб’ецца на навучальным працэсе. Адміністрацыя ЭГУ сустрэлася і са студэнтамі-палітолягамі. Пра што ішла гаворка, распавёў студэнт Яўген:

— Па сутнасьці, яны пераказалі тую самую пазыцыю, якую раней агучылі і на Радыё Свабода, якая была на сайце “Нашай нівы”, і што спадар Мінянкоў напісаў на сайце “Новай Эўропы.

— А ніякіх спробаў абмеркаваньня, наладжваньня дыялёгу — як вы адчулі, не было?

— Магчыма, толькі калі самі студэнты за гэта возьмуцца, я так адчуваю.

— А як настроі ў студэнтаў?

— Мы ня хочам уставаць ні на чые бакі, мы шчыра хочам разабрацца. Прынамсі, я так хачу — для самога сябе разабрацца, што там адбываецца. Я хачу вучыцца, было б добра, калі б там была пара-тройка пэўных выкладчыкаў, у якіх я хачу вучыцца. А лічу, што, напрыклад, Казакевіч — цудоўны дасьледчык, у яго бліскучая будучыня ў ЭГУ, калі ён застанецца.

Адзін з сямі падпісантаў адкрытага ліста Андрэй Казакевіч кажа, што ніякіх спробаў з боку кіраўніцтва ЭГУ зьвязацца зь нязгоднымі выкладчыкамі не было:

Па стане на сёньня мы ніякай зваротнай сувязі ад унівэрсытэту ня маем, ніякага жаданьня ісьці на кампраміс, здаецца, няма.
“Па стане на сёньня мы ніякай зваротнай сувязі ад унівэрсытэту ня маем, ніякага жаданьня ісьці на кампраміс, здаецца, няма. У нас яшчэ засталіся некаторыя мэханізмы: перш за ўсё, зьвярнуцца ў “board” — гэта такая вышэйшая рада, якая кіруе ЭГУ, самы вышэйшы орган, у ім прадстаўленыя толькі замежныя акадэмікі. Ну і яшчэ павінен адбыцца разгляд у Сэнаце, там павінны канчаткова разглядаць наша пытаньне і, напэўна, тады будзе апошняя кропка пастаўлена”.

На думку студэнта-палітоляга Яўгена, вельмі добра, што гэты канфлікт абмяркоўваецца публічна, адкрыта: у СМІ, у жывым журнале — застаецца надзея на канструктыўнае вырашэньне. Але пакуль ніхто ня робіць крокаў насустрач:

“Увогуле, уражаньне камунікацыйнага тупіку зараз адбываецца. Выкладчыкі чакаюць нечага, таму што яны выказаліся ў сваім адкрытым лісьце, зьвярнуліся ў Сэнат. З другога боку, адміністрацыя дэпартамэнту таксама ў чаканьні нечага, наступных крокаў. Ніхто ня здатны на наступны крок, атрымоўваецца. І, як мне падаецца, сытуацыя даволі патавая”.

Сытуацыя ў ЭГУ сапраўды надзвычай актыўна абмяркоўваецца у жывым журнале. Ёсьць канкрэтныя прапановы выйсьця з гэтай “патавай сытуацыі”, як яе акрэсьліў студэнт Яўген. Да прыкладу, такая: “Развал паліталягічнай праграмы нікому не выгодны, найперш, не выгодны ён ЭГУ. Дык чаму ўсім сапраўды ня сесьці за стол перамоваў, спыніць забастоўку і пачаць разам удасканальваць ЭГУ?”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG