Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт у ЭГУ: прызначаць ці выбіраць кіраўнікоў?


Сёньня, у першы дзень новага навучальнага году ў ЭГУ, сем выкладчыкаў дэпартамэнту палітычных навук разаслалі адкрыты ліст, у якім выказваюць занепакоенасьць сытуацыяй з парушэньнем дэкляраваных Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам прынцыпаў павагі акадэмічных свабод. Яны абвясьцілі аб прыпыненьні свайго ўдзелу ў навучальным працэсе да таго часу, пакуль на кіроўныя пасады навукоўцаў будуць не прызначаць, а абіраць.


Прарэктар ЭГУ Аляксандар Каўбаска сёньня днём адкрытага ліста яшчэ ня бачыў, а пра страйк выкладчыкаў паліталёгіі даведаўся са СМІ. Прафэсар патлумачыў, што ва ўнівэрсытэце толькі сябры Сэнату пачалі абірацца летась, да гэтага і Сэнат прызначаўся. Што да астатніх структураў, прарэктар распавёў:

“Кіраўнікі розных узроўняў ва ўнівэрсытэце прызначаюцца — у нас ёсьць Статут і ёсьць кіруючая Рада. І тое, што людзі ў мэтах маральнай падтрымкі “пагулялі” ў выбары, ператвараецца ў праблему, якая разьдзьмуваецца ў таталітарны характар цэлай інстытуцыі”.

Аляксандар Каўбаска распавёў, што з сакавіка ва ўсім ўнівэрсытэце прайшла рэарганізацыя, ня стала факультэтаў і праграмаў — зьявіліся дзьве школы. У школах выкладчыкі аб’ядноўваюцца па дэпартамэнтах. Увесну былі два прэцэдэнты, калі два самыя дэмакратычныя аб’яднаньні выкладчыкаў — філёзафы і палітолягі — пацьвердзілі прызначаныя пазыцыі выбарамі. Адметна, што ўсе прызначаныя кіраўнікі і куратары былі і абраныя навуковай супольнасьцю. Але тыя выбары не былі легітымнымі, кажа Аляксандар Каўбаска:

“Прычым, не было нармальнай працэдуры, бо яна не існуе. Але дэмакратычная супольнасьць ЭГУ перакананая, што так лепш, і сябе гэтымі выбарамі зацьвердзіла. Але гэта не легітымна. І філёзафы, якіх сябе таксама пераабіралі свае ж калегі з саміх сябе, працягваюць быць прызначанымі кіраўнікамі і прызначаюцца далей. І цяпер — пачатак кастрычніка, ідзе прызначэньне кіраўнікоў і куратараў праграм. У такім выпадку, што татальна, увесь унівэрсытэт мусіць страйкаваць, таму што душацца дэмакратычныя свабоды?”

Прарэктар запэўніў, што абвешчанае шасьцю супрацоўнікамі дэпартамэнта палітычных навук прыпыненьне працы ніяк не адаб’ецца на навучальным працэсе. Супрацоўнікі, што падпісалі адкрыты ліст, не адмаўляюцца вярнуцца на выкладчыцкую працу, але патрабуюць выкананьня сваіх патрабаваньняў. Палітоляг Андрэй Ягораў тлумачыць сваю пазыцыю:

“Без уплыву на навучальны працэс, без уплыву на кіраваньне праграмай, на навуковую працу, якая там павінна весьціся, мне не цікава там заставацца. Нецікава заставацца і іншым людзям. Таму мы і сыходзім. Калі яны пагодзяцца на ўвядзеньне нормаў акадэмічнага самакіраваньня, тады я вярнуся выкладаць, няма ніякіх праблемаў”.

Выкладчык Сяргей Богдан, які падпісаўся пад адкрытым лістом, выказаў такое меркаваньне:

“Калі ЭГУ хоча быць эўрапейскім унівэрсытэтам, то ён ня можа так проста сысьці ад пытаньняў акадэмічных свабод і дэмакратыі. Такое магло быць у Савецкім Саюзе, у краінах трэцяга сьвету. Але гэта не той панятак унівэрсытэту, які існуе ў эўрапейскай культуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG