Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Размова ідзе пра хворага на мукавісцыдоз двухгадовага Паўліка, якога польскія журналісты стала называюць Ясем. Год таму яго імя не сыходзіла са старонак польскіх мэдыяў. Тады беларускія ўлады настойвалі на дэпартацыі немаўляткі з Польшчы ў Беларусь.

Ясь, маці якога беларуская грамадзянка, а бацька — паляк, нарадзіўся ў Любліне. Бацькі не былі ў шлюбе. Хутка пасьля нараджэньня хлопчыка яго маці вырашыла аддаць дзіця на ўсынаўленьне. Ясь трапіў пад апеку адной полькі, аднак тая неўзабаве заявіла, што ня зможа ім займацца. У выніку беларуская амбасада ўзьняла пытаньне адносна дэпартацыі Яся ў Беларусь. Неўзабаве біялягічны бацька-паляк прызнаў сына, хлопчык атрымаў польскае грамадзянства і пытаньне дэпартацыі страціла актуальнасьць. У хуткім часе дзіця захацела выxоўваць яго біялягічная маці. Згодна з рашэньнем Люблінскага суда, Ясь быў вернуты да маці, паколькі тую “ніколі не пазбаўлялі бацькоўскіх правоў”. Такім чынам, Ясь трапіў ў сям’ю роднай маці, дзе разам зь ім выхоўваюцца яшчэ трое яго братоў і сясьцёр.

Сёньня польскае выданьне „Dziennik” вяртаецца да гэтай гісторыі ізноў. Аўтар артыкулу “Ясь — грамадзянін другога гатунку” піша пра пэўную дыскрымінацыю ў дачыненьні да гэта хлопчыка з боку польскіх уладаў.

Як сьцьвярджае ў размове з польскімі журналістамі Ясева маці Мадзіна, са жніўня яе сям’я мае двухгадовы побыт у Польшчы. Пры гэтым сама жанчына і ўсе яе дзеці акрамя Яся маюць беларускае грамадзянства. Жанчына б хацела адкрыць ўласную хімчыстку, у якой магла б працаваць некалькі гадзінаў, улічваючы, што дзецям з такім захворваньнем як у Яся патрэбная дадатковая ўвага.

Аднак, паводле польскіх законаў, Мадзіна як неграмадзянка ЭЗ дзеля заснаваньня ўласнай фірмы мае мець стартавы капітал у памеры найменей 50 тысяч злотых. Такіх грошай у гэтай жанчыны няма. Праўда, польскія афіцыйныя асобы ўказваюць на іншыя магчымасьці. Грамадзяне Беларусі, Украіны, Літвы, Расеі ды Малдовы могуць працаваць ў Польшчы цягам шасьці месяцаў. Тады працадаўца можа падаць заяву ў афіцыйныя інстанцыі адносна дазволу на працу для сваіх наёмных працаўнікоў.

Паводле Мадзіны, тэорыя і практыка, аднак, моцна разыходзяцца. Ніхто з працадаўцаў у яе канкрэтным выпадку ня хоча губляць часу на фармальнасьці.

Паколькі Мадзіна не працуе, яе сын Ясь ня мае мэдычнай страхоўкі, ня мае жанчына і грошай на дагляд за хворым дзіцяці, якія атрымліваюць у падобных выпадках польскія грамадзянкі.

Некаторыя дабрачынныя фундацыі Польшчы вырашылі дапамагчы хлопчыку. Аднак гэта ўсяго толькі аднаразовая дапамога на некалькі месяцаў.

Безь фінансавай падтрымкі знаходзяцца і іншыя дзеці Мадзіны, якія ў адрозьненьне ад Яся маюць куды горшыя шанцы, бо зьяўляюцца беларускімі грамадзянамі.

У выніку ўмяшаньня ў справу грамадзкіх арганізацыяў клопат за лёс Яся і ягонай сям’і возьме на сябе адмысловае Ўпраўленьне амбуцмэна па правах чалавека.

Як заявіла выданьню кіраўніца дэпартамэнта камунікацый гэтай арганізацыі, ужо накіраваныя адмысловыя дакумэнты ў Люблінскае ваяводзтва ды канцылярыю прэзыдэнта Польшчы. Ад адказаў гэтых інстанцый будуць залежыць і далейшыя крокі ў справе дапамогі Ясю і ягонай сям’і.


Мукавісцыдоз

Спадчыннае захворваньне залозаў унутранай сакрэцыі, а таксама падстраўнікавай залозы і печані. Яно прыводзіць да агульнай паталёгіі страўніка і кішэчніка, а таксама органаў дыханьня. Паводле беларускіх адмыслоўцаў, “у Беларусі хворыя на мукавісцыдоз да нядаўняга часу дажывалі ў сярэднім да шасьці год, у той час , як у краінах Захаду, перадусім у ЗША, — да 60.”


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG