Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народжаны ў Любліне 10-месячны беларускі хлопчык, які цярпіць ад цяжкай генэтычнай хваробы – мукавісцыдозу, будзе самым хуткім часам дастаўлены з Польшчы ў Беларусь. Такое рашэньне ў адказ на патрабаваньні беларускага боку прыняў Люблінскі суд па справах непаўналетніх.


Польскія мэдыі, якія апошнім часам шмат пішуць пра гэтую гісторыю, называюць хлопчыка Ясем. Насамрэч сапраўднае імя і прозьвішча дзіцяці з этычных меркаваньняў не называецца. Вядома, што Ясева маці – беларуская грамадзянка, нейкія зьвесткі пра бацьку адсутнічаюць.

Хутка пасьля Ясевага нараджэньня маці адмовілася ад сваіх правоў на сына. Дзіця было накіраванае ў сям’ю апекуноў у Гданьск. Пра гэта былі паінфармаваныя беларускія ўлады. Празь некаторы час прыёмная маці вырашыла, што ня здолее даглядаць цяжкахворае дзіця. Пра сваё жаданьне ўзяць хлопчыка на выхаваньне заявілі іншыя польскія грамадзяне. Аднак беларускі бок запатрабаваў даставіць Яся ў Беларусь.

Паводле судзьдзі Люблінскага суду Вяславы Стальмашчук-Тарахі, “шмат людзей у Польшчы гатовыя паклапаціцца пра Яся”, але польскі бок ня можа перадаць ім хлопчыка. У адпаведнасьці з пагадненьнямі 1994 году, Польшча магла б заапекавацца Ясем толькі ў тым выпадку, калі б гэтага не хацеў зрабіць беларускі бок.

Паведамляецца, што па вяртаньні ў Беларусь Ясь будзе ўладкаваны ў Дом дзіцяці. Як лічаць прадстаўнікі Цэнтру грамадзкай дапамогі ў Гдыні, якія праводзілі з хлопчыкам шмат часу, знаходжаньне Яся ў такой установе можа прычыніцца да яго хуткай сьмерці. Хворыя на мукавісцыдоз звычайна не дажываюць да дарослага ўзросту, і кожны год жыцьця такіх дзяцей залежыць ад пільнага і якаснага дагляду дарослых.

Мукавісцыдоз – спадчыннае захворваньне залозаў унутранай сакрэцыі, а таксама падстраўнікавай залозы і печані. Яно прыводзіць да агульнай паталёгіі страўніка і кішэчніка, а таксама органаў дыханьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG