Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кітайскі прыклад — гэта мары беларускай раённай эліты”


Сёньня адзначаецца 60-годдзе абвяшчэньня КНР. Ці можна правесьці нейкія паралелі паміж беларускай і кітайскай палітыка-эканамічнай мадэльлю? Ці імкнуцца беларускія ўлады паўтарыць кітайскі шлях — эканамічныя зьмены без палітычнай лібэралізацыі? Наколькі магчыма ўвасабленьне кітайскай мадэлі ў цэнтры Эўропы? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць эканаміст Леанід Заіка, які доўгі час жыў у Кітаі, і палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Віталь Цыганкоў
Леанід Заіка
Валер Мацкевіч

Падабенства толькі ў тым, што Беларусь і Кітай — аўтарытарныя рэжымы


Цыганкоў: Кіраўніцтва Беларусі за апошнія гады неаднаразова заяўляла пра прывабнасьць кітайскага шляху для Беларусі, магчымасьці ягонага прымяненьня тут. Відавочна, што афіцыйны Менск найперш вабяць эканамічны рост без палітычнай лібэралізацыі. На вашу думку, ці ёсьць нейкія паралелі, ці можна знайсьці нейкія падабенствы ў тых сацыяльна-эканамічных шляхах, якія абралі кітайскія і беларускія кіраўнікі?

Заіка: На маю думку, агульнасьць у тым, што гэта аўтарытарныя рэжымы. Толькі Кітай — гэта калектывісцкі аўтарытарны рэжым, дзе аўтарытарную роля выконвае камуністычная партыя, у якую цяпер сталі і прадпрымальнікаў прымаць. У Беларусі ж — звычайны аўтарытарны рэжым традыцыйнага эўрапейскага тыпу. Кітай заяўляе сябе краінай старых традыцыяў, і цяпер ён зьяўляецца краінай, дзе ёсьць сацыялізм азіяцкага тыпу. А Беларусь умоўна можна было б назваць аўтарытарным нэасацыялізмам, але гэта толькі гульня ў тэрміны.

У прынцыпе на гэтым падабенствы і заканчваюцца, у астатнім — адрозьненьні. Кітайская эліта прагматычная, беларуская — ідэалягізаваная, і кіраўнік дзяржавы прэзыдэнт Лукашэнка ня мае таго патэнцыялу пераменаў, які ёсьць у Кітая.

“Кітайскія камуністы проста прызначылі партыйных чыноўнікаў прыватнымі ўласьнікамі”


Цыганкоў: Якая эканоміка сёньня больш адкрытая і больш адпавядае паняцьцю “рынкавая эканоміка”?

Заіка: У гэтым пляне Кітай выглядае лепш, чым Беларусь. Гэта зьвязана з тым, што пасьля культурнай рэвалюцыі там амаль не засталося эканамістаў. I яны прыехалі з ЗША, трошкі зь Японіі, занялі пасады дэканаў факультэтаў. Дзякуючы гэтаму ў Кітаі не ішлі дыскусіі наконт таго, ці патрэбная прыватная ўласнасьць. Кітайскія камуністы проста прызначылі партыйных чыноўнікаў прыватнымі ўласьнікамі. У іх няма гэтага “гора ад розуму”, які прысутнічае ў Беларусі.

Кітайцы самі сябе называюць габрэямі Усходу. У іх вельмі актыўны гандлёвы падыход — купіць, прадаць, зарабіць. Паглядзіце, што робіцца на беларускіх рынках, дзе прысутнічаюць кітайцы — гэта Кітай у мініятуры. Таму прагматызм, жаданьне зарабляць грошы — тут палітычная і эканамічная эліта працуюць поруч.

Спасылкі на кітайскую мадэль — толькі, каб не рабіць рэформы


Цыганкоў: Уладзімер, ці бачыце вы нейкія падабенствы ў беларускіх і кітайскіх сыстэмах? Як выглядаюць словы беларускага кіраўніцтва пра жаданьне пераняць кітайскую мадэль?

Мацкевіч: Гэтыя словы — выключна ідэалягічная дэмагогія. І выкарыстоўвалася яна з адзінай мэтай — абгрунтаваць захаваньне сацыялістычных рысаў беларускай эканомікі і не праводзіць рэформы. Адзіную карысную выснову, якую беларускае кіраўніцтва магло б зрабіць, назіраючы за Кітаем — гэта тое, што нават там, пры ўсіх цывілізацыйных адрозьненьнях, пры ўсёй розьніцы ў мэнталітэце працуюць агульныя эканамічныя законы і прынцыпы.

Тым больш нам, беларусам, ня варта спасылацца на нейкі наш асаблівы мэнталітэт, які перашкаджае карыстацца агульнаэканамічнымі законамі. Тут не магу не пагадзіцца са спадаром Заікам, што Беларусь найперш хацела ад Кітаю абгрунтаваць тое, што сацыялістычны лад беларускай эканомікі — гэта той шлях, па якім нам трэба рухацца далей. І гэта, безумоўна, было памылкай.

Цыганкоў: Кітай праводзіць свае эканамічныя рэформы без палітычнай лібэралізацыі. Як доўга, на вашу думку, такая схема можа працаваць у самім Кітаі? А, па-другое, наколькі такая схема рэальная ў маленькай эўрапейскай краіне, якой зьяўляецца Беларусь?

“Кітайскі прыклад — гэта міты і мары беларускай раённай эліты”


Заіка: У Кітаі гэта можа адбывацца дастаткова доўга, бо кітайская палітычная эліта ўлічыла досьвед СССР, які разламаўся як чакаляда. Адразу пасьля гэтага ЦК кампартыі Кітаю даручыла сваім адмыслоўцам распрацаваць дакладныя карты нацыянальнасьцяў, якія жывуць у Кітаі. Так што яны гатовыя да любых варыянтаў, нават да распаду Кітаю. Але менавіта гэтая падрыхтаванасьць дае магчымасьць ісьці шляхам умацаваньня ўлады, трансфармацыі палітычнай улады кітайскіх камуністаў у эканамічную. I зараз гэта робіцца. I якія б там сьцягі ні былі, Кітай будзе краінай з рынкавай эканомікай.

Што да Беларусі. Беларусь у гэтым пляне страціла час, у Беларусі да ўлады прыйшла эліта раённага ўзроўню. Дарэчы, у Кітаі ўся цэнтральная эліта засталася. У Беларусі прыйшла раённая рабоча-сялянская эліта, якая нічога ня ведала, але нахабна і бесцырымонна пачала рэалізоўваць свае інтарэсы. Таму кітайскі прыклад — гэта міты і мары беларускай раённай эліты.

Калі ў кітайскай сельскай гаспадарцы правесьці мэханізацыю, то там будзе 350 мільёнаў лішніх працоўных рук.
Другі момант. Беларусі кітайскі досьвед не патрэбны. Калі я працаваў у Кітаі, то часам кантактаваў з калегамі з Чэхіі, Нямеччыны — і мы проста сьмяяліся з ідэі, што нехта ў Эўропе будзе капіяваць кітайскі досьвед. Калі ў кітайскай сельскай гаспадарцы правесьці мэханізацыю, то там будзе 350 мільёнаў лішніх працоўных рук. Там звычайная ручная праца.

Для маленькай Беларусі трэба ствараць нармальнае эўрапейскае грамадзтва з нармальнай палітычнай структурай, з разьдзяленьнем уладаў, з наяўнасьцю палітычнай і эканамічнай канкурэнцыі.

Цыганкоў: Ці магчыма ўвасабленьне нейкіх элемэнтаў “кітайскай мадэлі” ў цэнтры Эўропы?

Мацкевіч: Ня варта глядзець на іншую цывілізацыю, якая ідзе сваім гістарычным шляхам, дзе вельмі моцныя традыцыі, якіх ніколі не было ў Эўропе, у Беларусі.

У нас у Беларусі палітычныя і эканамічныя зьмены сёньня моцна спазьняюцца. Але эканоміка, як бы ні імкнулася кіраўніцтва дзяржавы, не падпарадкоўваецца палітычным загадам. Будучы краінаю з экспартнай арыентацыяй, мы так ці іначай перажываем эканамічныя зьмены, якія адбываюцца насуперак жаданьню кіраўніцтва краіны.

Калі б была палітычная воля і розум у нашых кіраўнікоў, гэта ўсё можна было б паскорыць, — але такой волі няма. І тым ня менш нават палітыка вымушана будзе мяняцца з накапленьнем эканамічных пераменаў. Трэба ўвогуле кінуць шукаць у гісторыі альбо геаграфіі прэцэдэнты эфэктыўнага сацыялізму і рухацца за ўсім цывілізаваным сьветам. Рабіць тое, што нам бліжэй — напрыклад, пераймаць досьвед нашых суседзяў, а ня быць фантазёрамі, гледзячы на іншыя цывілізацыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG