Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З прадпрыемцаў патрабуюць грошай для пажылых людзей


Да Дня пажылых людзей улады Крупак і іншых гарадоў запатрабавалі ад прадпрымальнікаў ахвяраваць сродкі на дапамогу пажылым людзям. Адначасна ў іншых рэгіёнах краіны мясцовыя чыноўнікі забараняюць прадпрымальнікам правесьці дабрачынныя акцыі для пажылых людзей.

Пра неабходнасьць пералічыць грошы на дапамогу пажылым людзям гарадзкая адміністрацыя Крупак паведаміла прадпрымальнікам у лістах, не пазначаных, аднак, подпісам альбо пячаткай. У кожным разе да такіх просьбаў гандляры ставяцца зь вялікім недаверам, кажа прадпрымальніца Ганна Бандарэнка:

“Людзі кажуць так, што няма ніякіх гарантыяў, што гэтыя грошы дойдуць да пэнсіянэраў. Лепш, каб канкрэтна камусьці дапамагчы. А тое, што мы пералічым грошы, гэта ня значыць, што пэнсіянэры іх пабачаць”.

Кіраўнік руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў з Барысава заяўляе, што чарговыя паборы з прадпрымальнікаў супярэчаць дзяржаўнай палітыцы на лібэралізацыю ў галіне дробнага бізнэсу і ў сапраўднасьці не дапамагаюць пэнсіянэрам:

“Усе спасылаюцца на цяжкія фінансавыя ўмовы, паступае каманда зьверху сабраць грошы любымі шляхамі – і вось так зьбіраюць. Прадпрымальнікі ня супраць дапамагчы пажылым людзям і дапамагаюць – бацькам, бабулям, дзядулям. Але пералічаць грошы няведама на які рахунак людзі адмаўляюцца. Яны кажуць, што будуць самастойна ладзіць для пажылых людзей дабрачынныя абеды і акцыі”.

Адну з такіх дабрачынных акцыяў – бясплатны абед з музыкамі і сьпевамі – правядзе ў Баранавічах прадпрымальнік Мікалай Чарнавус. Гэта адбудзецца ў двары прыватнага дому, бо ўлады Баранавічаў забараняюць рабіць гэта на гарадзкім рынку. Ня далі дазволу на акцыю і ў іншым грамадзкім месцы, паведамляе спадар Чарнавус:

“Я зьвярнуўся з заяваю у сталоўку – адмовілі: маўляў, мы такога кантынгенту не абслугоўваем, бо я напісаў, што запрашаю малазабясьпечаных і бамжоў. Параілі – зьвяртайцеся ў рэстарацыю, я зьвярнуўся – адмовілі й там. Так што – у прыватным доме будзем праводзіць. Бо тое, што кажуць па радыё: сацыяльная адрасная дапамога і г.д – балбатня ўсё гэта”.

Карэспандэнтка: “Мікалай Дзьмітрыевіч, вы гэта робіце за якія грошы, за ўласныя?”

“Так, за ўласныя”.

Карэспандэнтка: “Чаму вы гэта робіце?”

“А мне гэта падабаецца. Я вось бачу, чыноўнікі з гарадзкой адміністрацыі паскуплялі нерухомасьць, здаюць у арэнду – ім падабаецца бабло касіць, а мне падабаецца людзей карміць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG