Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К. Буймоў: “Побач адны пустыя шапікі і напісана “Прадаецца”


Канстанцін Буймоў

Канстанцін Буймоў

Канстанцін Буймоў мае невялікі прадпрымальніцкі стаж — усяго два гады гандлюе на Смаленскім кірмашы ў Віцебску. Спачатку рабіў гандляром у іншага гаспадара, а цяпер сам стаў прадпрымальнікам.

— Чаму вы займаецеся бізнэсам?

— Працаваў спачатку на дзяржаўным прадпрыемстве, але грошай плацілі мала, і я пайшоў гандляваць. Спачатку гандляваў будаўнічымі матэрыяламі, потым распачаў уласную справу — гандаль электратаварамі. І нічога добрага пра гэты занятак сказаць не магу. Вось зірніце: побач пустыя шапікі, на якіх напісана “Прадаецца”.

— Што было для вас самым цяжкім?

— Самым цяжкім? Пэўна, зносіны зь людзьмі. Я ня дужа камунікабэльны па характары, дый у сям’і ў нашай ніхто гандлем не займаўся. Інжынэры і бацька, і маці, а я ўвогуле ва ўнівэрсытэце на настаўніка спачатку вучыўся. Але давялося “паламаць” самога сябе — бо жыць было на нешта ж трэба… Навучыўся і рэклямаваць пакупнікам свой тавар, і таргавацца, і пераконваць. Адно што з праверкамі размаўляць так і не навучыўся — яны нібыта не разумеюць нічога, апрача сваіх указаў ды загадаў. Так што цяжка было, ды яшчэ цяжэй стала цяпер: яшчэ летась неяк канцы з канцамі зводзіў, а сёлета ўжо не. Працаваць стала нявыгадна.

— Што б вы параілі чалавеку, які хоча пачаць бізнэс у вашай галіне зараз?

Ня ведаю што. У нашай краіне ўвогуле б ня раіў нешта распачынаць. Трэба мяняць грамадзянства, як кажа мой сябар.

— Якіх спакусаў, якіх памылак варта пазьбягаць прадпрымальніку?

А вось на гэтае пытаньне яшчэ больш складана адказаць… Бываюць, хутчэй, памылкі, абумоўленыя асаблівасьцямі нашага жыцьця. Не пасьпееш прыстасавацца да новых патрабаваньняў — і тут жа штраф. Ня пойдзе нейкі тавар — і ўжо страты. Лёс наш такі: у адных атрымліваецца ўсё гладка, а ў большасьці — наадварот.

— А як вы ставіцеся да сямейнага бізнэсу? Ці варта браць у бізнэс сваякоў?

Можа, і варта. Але калі гэта, да прыкладу, сямейная нейкая вытворчасьць. А ў гандаль — нават спрабаваць ня трэба. Падаткі вялікія, калі ўсё з адной сям’і — дык дужа цяжка. Але ведаеце, іншым разам нічога не застаецца: у мяне брат таксама ўжо гандлюе, і нават маці, якая яшчэ два гады таму мяне адгаворвала, сама пайшла ў прадпрымальнікі, бо працы на прадпрыемстве няма. Толькі не пытайцеся, падабаецца нам усім гэта ці не. Бо пытаньне так не стаіць, яно гучыць інакш: “Як цяпер жыць і як выжыць?”

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG