Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі малога бізнэсу цягам тыдня адказваюць на пытаньне – “Ці лёгка быць у Беларусі прадпрымальнікам?”





Прадпрымальнік Мікалай: “Сваякі мяне падтрымліваюць, а вось міністры — не!”

Спадар Мікалай у прыватным бізнэсе з 1995-га году. Настаўнік паводле адукацыі, цяпер ён гандлюе на аршанскім кірмашы цьвікамі, скабянымі вырабамі — адным словам, дробным гаспадарчым таварам.
“Памылак усё адно будзе вельмі шмат. І пазьбегнуць іх немагчыма да тае пары, пакуль ня будуць створаны спрыяльныя адносіны і добразычлівыя ўмовы з боку міністраў, падатковых інстанцыяў ды іншых людзей, што займаюць кіроўныя пасады ў горадзе, раёне, вобласьці. Вось калі яны сапраўды пачнуць клапаціцца пра людзей, а ня проста атрымліваць свае заробкі, тады ўсё будзе проста цудоўна. І памылак тады амаль ня будзе”.


Галіна Каваленка: Гэта не дадатак да пэнсіі, а галаўны боль!

Пэнсіянэрка Галіна Каваленка пайшла ў прыватны бізнэс, калі стала пэнсіянэркай. Хацела мець нейкі дадатак да пэнсіі і распачала гандаль жаночымі спадніцамі на Смаленскім кірмашы ў Віцебску.
Галіна Каваленка
“Напачатку дужа бянтэжылася, было неяк няёмка гандляваць — я ж савецкага выхаваньня яшчэ чалавек. Зараз ужо прызвычаілася, але паўсталі іншыя цяжкасьці: у людзей няма грошай. Вось за ўвесь тыдзень прадала дзьве спадніцы, нагандлявала 129 тысяч. Што гэта за грошы, калі зь іх яшчэ й выдаткі ўсе трэба заплаціць? Людзі падыходзяць, паглядзяць на тавар, здаецца, і падабаецца ім, але не бяруць. Пакупніцкая здольнасьць малая. Гэта і іхныя цяжкасьці, што няма грошай, і мае, вядома”.


Галоўны ўрок бізнэсу: “Кожны бізнэсмэн разьлічвае толькі на сябе”


Прадпрымальнік cпадар Уладзімер з Горадні займаецца турыстычным бізнэсам. У гэтай сфэры дзейнасьці ён ужо каля 10 гадоў.
“Спакусы грошай, каб іх зарабляньне ня стала галоўнай мэтай твайго бізнэсу. Грошы павінны быць другасным, ад працы найперш чалавек павінен атрымліваць задавальненьне. Трэба памятаць, калі ад найманага работніка пераходзіш у гаспадары, што гэта розныя іпастасі, іншая адказнасьць”.


Валер Вярбіцкі: “У бізнэсе галоўнае — не спыняцца”

Валеру Вярбіцкаму 41 год. Свой бізнэс пачынаў разам з жонкай. Шавецкай справе вучыўся, акрамя бацькі і дзеда, яшчэ і ў армянаў. Яны пры канцы васьмідзясятых пачалі першымі адчыняць абутковыя майстэрні ў Магілёве. Удзельнічаў у прадпрымальніцкіх акцыях пратэсту ў 2008 годзе.
Валер Вярбіцкі
“Так людзі нешта зарабляюць, але ці можна сказаць, што яны заможныя? Чалавек, які працуе недзе ўва Францыі ці Нямеччыне, жыве з большым дастаткам. З кім параўноўваць? З чалавекам, які працуе на заводзе? Шчыра кажучы, ну, атрымлівае ён крыху болей. Але колькі часу яны працуюць? У іх нават ноччу думкі не сунімаюцца.


Ірына Каралькова: Бізнэсоўцы, не падманвайце людзей

Горацкая прадпрымальніца Ірына Каралькова шэсьць гадоў гандлюе абуткам.
Мае вышэйшую пэдагагічную адукацыю. Чатыры гады выдавала дзіцячую газэтку на беларускай мове “Несьцерка”. Сябар КХП БНФ.
Ірына Каралькова
“Наш народ такі недаверлівы. Яму ўвесь час падаецца, што нешта ня так і ня тое. Перамагчы гэты недавер было дужа цяжка. Іх жа ўвесь час ашукваюць. У першую чаргу дзяржава — абяцанкамі. Ідзе зараз рэкляма “Купляйце беларускае” з такім падтэкстам, што таньнейшае. А яно не таньнейшае, і можна сказаць, што і ня таннае зусім”.


Прадпрымальнік Мікалай: ня варта ісьці ў прадпрымальнікі

“Падатковая сыстэма вельмі заблытаная, чыноўнікі самі ня могуць разабрацца ў ёй. Жывы прыклад: нам трэба, калі прадаў тавар на тры базавыя — на сто пяць тысяч, выпісваць талён. Учора па тэлебачаньні выступала кабета, намесьніца кіраўніка абласной падатковай службы, яна сказала, што сума павінна быць большай — сто пяцьдзясят тысяч, толькі ў гэтым выпадку. А нам сёньня, мы тэлефанавалі, сказалі — сто пяць тысяч. Усё вельмі заблытана, падатковая сыстэма не дае нам працаваць увогуле”.


Валеры Махноў: “Каб ня быў прадпрымальнікам, пачынаць цяпер было б страшна”

Валеры Махноў
Валеры Махноў — вэтэрынарны лекар паводле адукацыі. У прадпрымальнікі пайшоў, бо праца па спэцыяльнасьці аплочвалася дужа нізка. Пачаў гандляваць на Смаленскім кірмашы ў Віцебску, прычым таварам для маладога мужчыны даволі нетыповым — жаночай касмэтыкай латыскай фірмы “Дзінтарс”.

“А сярод нас засталіся толькі самыя ўпартыя, хто яшчэ ў 1990-я пачынаў. Новых няма. Цяпер, каб заняцца бізнэсам, трэба мець нейкі капітал. Ведаць сэгмэнтуру рынку, ён у нас дужа насычаны, кожны мае сваю нішу, і мне, да прыкладу, пачынаць цяпер было б страшна. Гэта дужа й дужа складана”.




Ірына Яскевіч: “Ты сам і дырэктар, і дворнік, і таваразнаўца, і пажарны інспэктар”

Калісьці марай Ірыны Яскевіч было ўласнае атэлье жаночага адзеньня. Аднак гэтая мара так і не ажыцьцявілася, хаця першыя крокі віцебская прадпрымальніца зрабіла. Апрача гэтага, Ірына спрабуе стварыць незалежны прадпрымальніцкі прафсаюз “Разам”.

Ірына Яскевіч
“Любым коштам трэба пазьбягаць ахвоты да сыру ў мышалоўцы. Калі гавораць, што нешта зрабіць лёгка — ня верце, будзе дужа цяжка. Калі кажуць, што вунь там яно, самае смачненькае, тлусьценькае і задарма, то хутчэй спыніцеся ды задумайцеся!”




Ала Б.: “Сёньня аштрафавалі мяне, а заўтра такое можа быць з кожным”

Прадпрымальніца Ала Б. пяць гадоў запар гандлюе на Смаленскім кірмашы ў Віцебску кавай ды гарбатай. Сёлета за недарэчную неадпаведнасьць у дакумэнтах абласная падатковая інспэкцыя аштрафавала яе на 274 мільёны рублёў.
Урэшце пачала паціху „расьці“, але тут пачаліся праверкі. А яны чым далей, тым страшнейшыя. Патрабуюць штомесяц новыя дакумэнты, і нядаўна праз тое, што адна паперка была зроблена не на маё імя, у мяне канфіскавалі ўвесь тавар на 4 мільёны рублёў. І зьверху яшчэ штраф падатковая наклала — 274 мільёны.




Барыс Элькін: Прадпрымальнікі — як вясельныя коні: галава ў кветках, а ўсё астатняе ў мыле!

Віцебскі прадпрымальнік Барыс Элькін узначальвае вытворчы каапэратыў “Канкурэнт”. Гэтая фірма першай у горадзе пачала займацца ўсталёўваньнем дзьвярэй ды плястыкавых вокнаў. Але спадар Элькін кажа, што нават з 20-гадовым досьведам працы сёньня вельмі цяжка быць прадпрымальнікам.
Барыс Элькін
“Калі вырашыў займацца прадпрымальніцтвам, будзь гатовы да бяссонных начэй і галаўнога болю, прычым заўсёднага! І рыхтуйся, што цяжка будзе з уладамі.”.






Анатоль Хілько: “Самы галоўны ўрок бізнэсу — трэба шмат працаваць”

Віцебскі прадпрымальнік Барыс Элькін узначальвае вытворчы каапэратыў “Канкурэнт”. Гэтая фірма першай у горадзе пачала займацца ўсталёўваньнем дзьвярэй ды плястыкавых вокнаў. Але спадар Элькін кажа, што нават з 20-гадовым досьведам працы сёньня вельмі цяжка быць прадпрымальнікам.
“Няўжо гэта кар’ера... Навокал пасьміхаюцца, а адзін чалавек назваў нас “вашывымі блохамі”. Няма аўтарытэту, хаця я думаю, што на такіх, як мы, паўставалі ў цэлым сьвеце моцныя дзяржавы. А родныя бачаць, як працуеш, што можаш у хату прынесьці — так і ставяцца”.



Валеры Леванеўскі: “Усё скіравана на тое, каб забраць у прадпрымальніка грошы”

Валеры Леванеўскі займаўся бізнэсам з 1991 году, быў адным з кіраўнікоў прадпрымальніцкага руху.
“Вельмі трэба быць асьцярожным з крэдытамі. Атрымліваючы крэдыт, прадпрымальнік адказвае сваёй маёмасьцю. І калі прыйдуць апісваць маёмасьць, паколькі бізнэс не ва ўсіх атрымліваецца, то апішуць усё, што знаходзіцца ў доме. Ніхто ня будзе разьбірацца...”.


Уладзімер Катрыдж: “Я ня даў бы парады сёньня займацца нашым бізнэсам”

41-гадовы прадпрымальнік Уладзімер Катрыдж зь Берасьця займаецца гандлем праз шапікі. Каля сямі гадоў у прадпрымальніцтве.

“Самым цяжкім было зарэгістраваць і пачаць сваю справу. Мне давялося патраціць каля васьмі месяцаў, каб забіць першы цьвік і пачаць працаваць…За столькі гадоў набалела столькі, што забарона на піва прымусіла людзей выйсьці на вуліцу і спытаць чыноўнікаў: колькі можна зьдзекавацца зь людзей? Колькі можна парушаць беларускія законы? Для каго была напісана Канстытуцыя?”

Алена Лашчыніна: Лепш, каб нам проста не перашкаджалі

Алена Лашчыніна зь Менску каля васьмі гадоў у прадпрымальніцтве, кіруе прыватным ўнітарным прадпрыемствам “Камелен”.

"Мы ня просім дапамогі. Лепш, каб нам проста не перашкаджалі. Ды мы й не прывыклі да дапамогі, бо робім усё сваімі рукамі. Далі б магчымасьць працаваць. Калі я страчу свае гандлёвыя кропкі, я ня ведаю, што я буду рабіць”.


Іван П.: “Прынцып бізнэсу — гэта рух наперад”


39-гадовы Іван П. з Гомелю займаецца аптовым гандлем, мае фірму. У бізнэсе — каля 12-ці гадоў. Прыехаў у Менск дзеля ўдзелу ў саміце прадпрымальнікаў “За права прадпрымаць”.
"Што да забароны гандлю півам, то чаму адны суб’екты гаспадараньня могуць гандляваць, а іншыя ня могуць? Мы жывём паводле прынцыпу: „правы той, у каго больш правоў“, хто мацнейшы, той і камандуе тымі, хто слабейшы. Хацелася б быць на роўных перад законам".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG