Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая беларуская інтэрпрэтацыя падзей 17 верасьня 1939-га?


17 верасьня Беларусь адзначыла 70-годзьдзе аб’яднаньня Ўсходняй і Заходняй Беларусі. Чаму беларускія ўлады трактуюць гэтую дату ў савецкай вэрсіі? Як беларусам ставіцца да падзей 70-гадовай даўніны? Ці захавалася дата 17 верасьня як сьвята ў гістарычнай памяці народу?

Удзельнікі: галоўны рэдактар часопісу “Arche” Валерка Булгакаў і філёзаф Алесь Анціпенка.

Валерка Булгакаў
Алесь Анціпенка
Валер Карбалевіч

17 верасьня 1939 году ў савецкай вэрсіі


Валер Карбалевіч: “70-годзьдзе аб’яднаньня Ўсходняй і Заходняй Беларусі сьвяткуецца на афіцыйным узроўні. Па тэлевізіі паказваюць фільмы пра тыя падзеі. Гэтай даце прысьвечаны дзень палітычнага інфармаваньня насельніцтва. Але інтэрпрэтацыя падзеяў даецца збольшага савецкая. Маўляў, СССР рабіў усё правільна, народ Заходняй Беларусі сам зрабіў гістарычны выбар і ўзьяднаўся з Савецкім Саюзам. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?”

Валерка Булгакаў: “Я згодзен з трошкі падноўленай афіцыйнай вэрсіяй. І ва ўчорашнім віншаваньні Лукашэнкі з нагоды дня ўзьяднаньня падкрэсьлена, што гэтая дата будзіць сумневы і разнастайныя ацэнкі.

Я лічу, што для гісторыі беларускага народу 17 верасьня 1939 году было адназначна пазытыўным днём, нягледзячы на агрэсію, пачатак Другой сусьветнай вайны і іншыя геапалітычныя катаклізмы. Гэтак можна сьцьвярджаць, калі глядзець на падзеі скрозь прызму нацыянальных інтарэсаў.

Але гэта не абвяргае таго факту, што СССР у хаўрусе з фашысцкай Нямеччынай ажыцьцяўляў напад на Польшчу. Аб’яднаньне Ўсходняй і Заходняй Беларусі адбылося без ужываньня дэмакратычных працэдураў. Калі б такія працэдуры маглі мець месца, то наўрад ці насельніцтва Заходняй Беларусі захацела б узьядноўвацца з БССР. Але беларусы не былі агрэсарамі. Беларусь не нясе гістарычнай адказнасьці за тое, што здарылася”.

Алесь Анціпенка: “У афіцыйных мэдыях мае месца асьцярожная рэвізія савецкіх інтэрпрэтацый. І ў іх выяўляюцца нашы беларускія інтарэсы. Аднак у значнай ступені афіцыйная інтэрпрэтацыя яшчэ застаецца савецкай.

Напрыклад, гаворка ідзе пра “вызвольны паход Чырвонай Арміі”. Гэта абсурд. СССР дзейнічаў паводле пакту Молатава-Рыбэнтропа, адбываўся перадзел тэрыторый. У гэты час супалі інтарэсы савецкай сыстэмы і тых беларусаў, якія жылі “пад Польшчай”. Аднак гэтае супадзеньне было хутчэй ілюзорным, бо хутка пачалася татальная “зачыстка” Заходняй Беларусі. Пацярпелі ня толькі палякі, але і беларуская інтэлігенцыя. Зь верасьня 1939 па чэрвень 1941 году было рэпрэсавана ў Заходняй Беларусі ня менш як 130 тысяч чалавек, зь іх 30 тыс. было расстраляна.

Таму правільней было б казаць не пра аб’яднаньне, а пра ўзбуйненьне БССР у выніку агрэсіўнай палітыкі Крамля. У гэтым і ёсьць цынізм гісторыі”.

Чаму Беларусь ухіляецца ад дыскусіі на гэтую тэму?


Карбалевіч: “Сапраўды, аб’яднаньне Ўсходняй і Заходняй Беларусі стала пабочным прадуктам дзеяньняў вялікіх дзяржаваў, якія вырашалі свае геапалітычныя задачы.

Беларусь на афіцыйным узроўні ніяк ня ўдзельнічае ў дыскусіі наконт прычынаў і віноўнікаў другой сусьветнай вайны, напрыклад, у палеміцы паміж Польшчай і Расеяй. Беларускія афіцыйныя асобы ўхіліліся ад рэагаваньня на рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая асуджае таталітарызм у мінулым і спробы апраўданьня яго сёньня. Чаму?“

Булгакаў: “Не пагаджуся да канца з вамі. Учора ў газэце “Звязда” зьявіўся вялікі артыкул за подпісам Алега Праляскоўскага і яшчэ аднаго аўтара. Там ён, абапіраючыся на расейскамоўныя публікацыі, грозна выкрывае гэтую рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Таму ў афіцыйным дыскурсе ёсьць нейкія запозьненыя рэакцыі. Іншая справа, што не прарэагавалі першыя асобы дзяржавы.

Для Польшчы і Расеі Другая сусьветная вайна зьяўляецца важным нэрвам, вакол якога ідуць публічныя дыскусіі. Польшча належыць да краінаў, якія найбольш пацярпелі ў вайне. Яна страціла 20% сваёй перадваеннай тэрыторыі, хоць і абвешчана пераможцам у вайне. У польскай нацыянальнай міталёгіі Польшча прадстае ахвярай дзьвюх сатанінскіх сілаў: камуністычнага СССР і фашысцкай Нямеччыны”.

Праблема ў гісторыі ці палітыцы?


Булгакаў: “А Расея спрабуе выкарыстаць прапагандысцкі эфэкт Другой сусьветнай вайны. Шмат злачынстваў Крэмль апраўдвае спасылкамі на гістарычную спадчыну так званай “Вялікай Айчыннай вайны”, імкнецца сьцьвярджаць маральную перавагу расейскай цывілізацыі над загніўшым Захадам. З боку Расеі і Польшчы ў дыскусіі ўдзельнічаюць вышэйшыя дзяржаўныя асобы.

Беларускі рэжым не зацікаўлены разварушваць старыя раны.
Асьцярожная афіцыйная пазыцыя Беларусі, магчыма, тлумачыцца хісткім грунтам падзей Другой сусьветнай вайны ў Беларусі.
Асьцярожная афіцыйная пазыцыя Беларусі, магчыма, тлумачыцца хісткім грунтам падзей Другой сусьветнай вайны ў Беларусі. Бо пры глыбокім, нетэндэнцыйным аналізе выяўляецца, што гэта не суцэльная перамога беларускага народу над фашыстамі. Карціна значна больш супярэчлівая і трагічная”.

Анціпенка: “Гэтая рацыянальная пазыцыя афіцыйнага Менску зьвязаная ня столькі з тым пеклам падзеяў вайны, якія невыгодныя ўладам. Гэта не галоўнае. Прычыны асьцярожнай пазыцыі афіцыйнага Менску трэба шукаць у палітыцы. Маю на ўвазе зьмены ў вонкавай палітыцы, геапалітычнай арыентацыі. Заняць пэўную пазыцыю азначала б выклікаць нездавальненьне аднаго з бакоў. Напрыклад, Расеі.

Акрамя таго, афіцыйная гістарыяграфія ўсё яшчэ ня можа пазбавіцца савецкіх інтэрпрэтацыйных схемаў. Яна займаецца толькі падмацаваньнем афіцыйнай палітычнай пазыцыі”.

Чаму дата 17 верасьня ня стала для беларусаў сьвятам?


Карбалевіч: “Увогуле, дзень 17 верасьня адзначаецца ў Беларусі мала, амаль дзяжурна. Прычым як на ўзроўні дзяржавы, так і на ўзроўні грамадзтва. Ці захавалася гэтая дата як сьвята ў гістарычнай памяці народу? Чаму б уладам не абвясьціць гэты дзень сьвятам? Падаецца, з гледзішча беларускай гісторыі больш падстаў сьвяткаваць гэты дзень, чым, напрыклад, 3 ліпеня, ужо ня кажучы пра сьвята 1 траўня ці 7 лістапада”.

Булгакаў: “З пункту гледжаньня савецкага агітпропу дзень 17 верасьня ня быў такім каштоўным, як дзень 3 ліпеня. Бо вакол 17 верасьня маячыў пакт Молатава-Рыбэнтропа. Гэтая ідэалёгія была перанятая беларукім кіраўніцтвам, якое мала думае пра нацыянальныя інтарэсы Беларусі”.

Карбалевіч: “Падаецца, Лукашэнка ўсё ж арыентуецца на масавую сьвядомасьць, гістарычную памяць народа. Бо гэта ёсьць для яго палітычная падпорка, чыньнік палітычнай легітымізацыі”.

Анціпенка: “У гістарычнай памяці беларускага народа гэтай даты як сьвята няма. Я нарадзіўся ва Ўсходняй Беларусі, і ў маёй памяці пасьля школы гэтая дата ніяк не зафіксавалася. Толькі пазьней, калі я патрапіў у Заходнюю Беларусь, я пабачыў, што там у любым гарадку ёсьць вуліца з назвай „17 верасьня“. Міт пра ўзьяднаньне, вызваленчы паход Чырвонай Арміі быў адмыслова прыдуманы для насельніцтва Заходняй Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG