Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здаецца, якая дата лепей пасавала б для нацыянальнага сьвята Беларусі, чым 17 верасьня?


У выніку ўваходу Чырвонай арміі ў Польшчу 17 верасьня 1939 году разарваны напалам беларускі этнас аб’яднаўся. Дзе-нідзе людзі ставілі прывітальныя брамы чырвонаармейцам. Нават калі гэты энтузіязм быў інсьпіраваны камуністамі з КПЗБ, я дапускаю, што шмат хто зь беларусаў у той дзень мог сапраўды адчуваць радасьць, што „скончылася Польшча”. Бо ў Польшчы 1918-1939 гг., у палітычных і сацыяльна-эканамічных адносінах, беларусы былі грамадзянамі трэцяй катэгорыі. Таму ў верасьні 1939 году яны не шкадавалі падзеньня гэтай дзяржавы.

Праблема з нацыянальнымі сьвятамі аднак у тым, што яны, на больш ці менш сымбалічным узроўні, адзначаюць не заканчэньне нечага дрэннага і чужога, а перш за ўсё пачатак (зараджэньне, адраджэньне, уваскрашэньне) нечага добрага і свайго. А што нацыянальна лепшае пачалося для беларусаў-заходнікаў 17 верасьня 1939 году? На гэтае пытаньне я не знаходжу ўцямнага адказу.

Праблема з нацыянальнымі сьвятамі аднак у тым, што яны, на больш ці менш сымбалічным узроўні, адзначаюць не заканчэньне нечага дрэннага і чужога, а перш за ўсё пачатак (зараджэньне, адраджэньне, уваскрашэньне) нечага добрага і свайго.
Прыгадваю ў сёньняшні дзень, што гаварылі ў маёй сям’і пра прыход савецкай улады.

Адзін мой дзед выказваўся пра гэтую ўладу зь непрыхаванай пагардай — так як можа выказвацца гаспадар, які гадамі судзіўся зь іншымі сямейнікамі, каб пабольшыць сваю гаспадарку, а потым, ні з таго, ні зь сяго, павінен быў аддаць яе ў калгас, якім сталі кіраваць тыя, у якіх да таго часу не было ні кавалка сваёй зямлі, ні сваёй хаты.

Што казаў пра саветаў другі дзед— ня ведаю, бо я ня меў нагоды пагаманіць зь ім. Ён у 1940 годзе, разам з ладным гуртам аднавяскоўцаў, быў рэпрэсаваны як „кулак” (на падставе фармальнага даносу, што яны рыхтавалі сабатаж супраць савецкай улады) і сасланы за Ўрал, адкуль на Беласточчыну ўжо не вярнуўся.

А мой бацька распавядаў мне, што савецкія салдаты запомніліся яму перш за ўсё тым, што былі заўжды галодныя, абарваныя і кралі пры кожнай нагодзе.

А мой бацька распавядаў мне, што савецкія салдаты запомніліся яму перш за ўсё тым, што былі заўжды галодныя, абарваныя і кралі пры кожнай нагодзе
Інакш кажучы, у мяне няма ніякага сямейнага матэрыялу, каб падтрымаць ці то нацыянальна, ці то сацыяльна „лепшае пачуцьцё” ў сувязі з 17 верасьня 1939. Беларусамі на Беласточчыне нас зрабілі не савецкія ўлады ў 1939-1941 гг., а польскія камуністы пасьля сьмерці Сталіна. А што тычыцца „вызваленьня”, дык савецкая ўлада нас хутчэй рабавала і саджала ў вязьніцы, чым выпускала адтуль.

Я ня думаю, што мой сямейны досьвед „вызваленьня” — нейкі ўнікальны. Наадварот, калі слухаю галасы сьведкаў таго часу ў сэрыі перадачаў „1939. Верасень” Зьміцера Бартосіка, дык пераконваюся, што гэты досьвед даволі тыповы. „Каб вы ведалі, якая ўлада ідзе, дык вы плакалі б,” — такую ацэнку прыходу савецкай улады ў Заходнюю Беларусь згадвае адна жанчына з перадачы З. Бартосіка. Гэтыя словы мог бы сказаць і мой дзед, і мой бацька.

Прэзыдэнт Лукашэнка мог захацець, каб нацыянальным сьвятам беларусаў стала дата вызваленьня Менску ад немцаў. Бо ўсё ж такі, калі параўноўваць савецкі рэжым з гітлераўскім, у Менск у 1944 вярнулася лепшае жыцьцё. А сьвяткаваць можна лепшае, а ня горшае, праўда? Таму народ, калі і не праявіў ніякага выразнага энтузіязму, дык і ня быў супраць такога сьвята. Таму і „лінію Сталіна” можна было выштукаваць каля Менску, як нейкі такі „постсавецкі дыснэйлэнд”.

нічога іншага не застаецца, як чакаць, пакуль нацыянальным сьвятам не аб’яўляць 25 сакавіка. На карысьць даты абвяшчэньня БНР прамаўляе адзін неаспрэчны факт: яна нікога не пасылала ў турмы і, такім чынам, нікога не расчаравала.
А вось каб запытаць народ пра 17 верасьня? Безумоўна, пры сучаснай сыстэме рэфэрэндумаў у Беларусі вынік можна атрымаць які заўгодна. Рэч аднак у тым, што ў Беларусі вынік рэфэрэндуму сам сабой, а народная думка — сама сабой. І тыя, што помняць перадваенную Польшчу, ніколі не пагодзяцца ў душы, што да іх у 1939 годзе прыйшло лепшае. І сьвята, інакш чым празь сьлёзы, не атрымаецца.

Дый трэба было б яшчэ публічна прызнацца перад усімі, што ля вытокаў нацыянальнага сьвята стаіць ня толькі добразычлівасьць Сталіна, але і Гітлера. На такое ні народ, ні яго гісторыкі не гатовыя...

Summa summarum: нічога іншага не застаецца, як чакаць, пакуль нацыянальным сьвятам не аб’яўляць 25 сакавіка. На карысьць даты абвяшчэньня БНР — прывіднай дзяржавы, якая нікога не аб’яднала і нікому не палепшыла жыцьця — прамаўляе адзін неаспрэчны факт: яна нікога не пасылала ў турмы і, такім чынам, нікога не расчаравала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG