Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзіцячы садок № 5 у Глыбокім заставаўся апошняй беларускамоўнай дашкольнай установай. Але бацькам паведамілі, што з гэтага тыдня “беларускую мову адмянілі”.

Глыбачанка спадарыня Іна абураная: унучку знарок аддавалі ў беларускамоўны садок, а цяпер 5-гадовая дзяўчынка мусіць перавучвацца і размаўляць з выхавацелькамі па-расейску:
нельга сказаць “дзякуй” ці “да пабачэньня”, толькі “спасибо” і “до свидания” ...

“Я прыходжу па дзіця, а выхавацелька кажа: усё, мы пераходзім на расейскую мову. А садок лічыцца беларускім, і вось цяпер яны дзяцей калечаць. Усе кніжкі ў іх па-беларуску, а размаўляць будуць па-расейску. Ну як такое можа быць? Ужо нельга сказаць “дзякуй” ці “да пабачэньня”, толькі “спасибо” і “до свидания”. Я сказала ім : “Мая ўнучка як гаварыла, так і будзе гаварыць!”

Спадарыня Іна прыехала ў Глыбокае з Латвіі і беларускай мовы добра ня ведае. Аднак у сям’і прынцыпова вырашылі, што ўнукі павінны ведаць мову краіны, у якой яны нарадзіліся. Карэнныя беларусы, кажа жанчына, аказаліся не такія прынцыповыя: калі ў іх пачалі пытацца, на якой мове займацца зь дзецьмі, многія сказалі, што па-расейску. Тады бацькам прапанавалі перавесьці дзяцей у суседнія расейскамоўныя садочкі, але яны не захацелі.

У садку № 5 добрыя ўмовы: ёсьць басэйн, саўна, добрае харчаваньне. Гэта і служыць для мясцовых прадпрымальнікаў і чыноўнікаў асноўнай прычынай, каб аддаваць сваіх дзяцей якраз сюды.

Загадчыца садка ня стала хаваць, што выконвае пажаданьні бацькоў, адно што прасіла не агучваць ейнае імя па радыё:

“Сёньня бацькі — нашы галоўныя “заказчыкі” ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе. І мы ня можам ім адмовіць. Сёньня мы арганізацыя, якая абслугоўвае попыт бацькоў. Яны замаўляюць — а мы мусім выконваць! Вось так пастаўлена сёньня гэтае пытаньне, і ўсё, што замаўляюць бацькі, мы выконваем, вось і ўсё!”

Спадарыня загадчыца ніводнага разу не згадала, што садок № 5 — не прыватная, а дзяржаўная ўстанова, якая ня мусіць кіравацца адно толькі прыватнымі пажаданьнямі.

Глыбоцкі краязнаўца Ўладзімер Скрабатун пэўны, што перавод садка № 5 на расейскую мову — гэта прыкмета дзяржаўнай палітыкі. Бо тое самае летась адбылося ў сярэдняй школе № 3, дзе, дарэчы, і навучаецца большасьць былых выхаванцаў згаданага дзіцячага садка:

Уладзімер Скрабатун
“СШ № 3 раней была беларускамоўнай, а побач былі два беларускамоўныя садкі, № 5 і № 6. Але як толькі пайшоў з пасады дырэктар Віталь Рыгоравіч Гарановіч, які настойваў, каб школа была толькі беларускай, пачаўся зваротны працэс. Беларускую мову ў нас адмянілі. Хто вучыўся па-беларуску, той давучваецца, але зразумела, што праз год-два-тры яна стане цалкам расейскамоўнай”.

Нешта падобнае, распавядае спадар Уладзімер, адбылося і ў садку № 5: год таму з пасады сышла былая загадчыца Леаніда Янаўна Заваліч, якая прынцыпова адстойвала беларускамоўнае выхаваньне. І пры новым кіраўніцтве яшчэ адна дзяржаўная ўстанова “адмяніла” беларускую мову. Хаця афіцыйна садок № 5 дагэтуль лічыцца беларускамоўным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG