Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне "Свабоды": беларускамоўныя дзіцячыя садкі


Іна Студзінская, Менск Беларускамоўныя дзіцячыя садкі: сучасны стан. (Перадача другая)

Да пачатку 1980-х у Беларусі не было ніводнага беларускамоўнага дзіцячага садку. Першы адкрыўся ў Менску чвэрць стагодзьдзя таму, у 1981-м, дзякуючы энтузіязму бацькоў і загадчыцы – Галіны Прымы. З таго часу распрацаваныя мэтадычныя дапаможнікі, зьявілася добрая дзіцячая літаратура на роднай мове, падрыхтаваныя адмысловыя выхавацелі. У выніку на пачатку 1990-х кожны раён сталіцы меў беларускамоўныя садкі і групкі… Аднак цяпер сытуацыя іншая...

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі зараз 4146 дашкольных установаў – яны апякуюць 80 працэнтаў дзяцей. Што да беларускамоўных, то паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, у Менску іх зараз толькі тры. Групы з выкладаньнем на роднай мове створаныя ў 170 садках сталіцы. А ўсяго ў краіне па-беларуску вядзецца выхаваньне ў 1719 дашкольных установах.

Меркаваньне старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі.

(Лозка: ) “Я прывык рабіць папраўку на такую статыстыку. Калі гавораць, што гэта садок зь беларускай мовай навучаньня (ці выхаваньня), я ведаю, што гэта не зусім так…То фізвыхаваньне ідзе на рускай мове, то замежная мова. У лепшым выпадку, гэта нейкая групка, а не садок. А кажуць – сад. Дарэчы, Міністэрства адукацыі прыдумала так пісаць: праводзяць працу на беларускай мове”.

Крысьціна Вітушка для свайго двухгадовага сына даволі доўга шукала беларускамоўны садок і на ўласным досьведзе спраўдзіла гэтую статыстыку.

(Вітушка: ) “У лепшым выпадку, гэта група ў садочку. І група называецца беларускай, калі раз на тыдзень заняткі адбываюцца па-беларуску, а мова вывучаецца з дапамогай гульні-перакладчыка. Музычныя заняткі, фізкультура, псыхоляг, міжасабовыя зносіны – усё адбываецца па-расейску.

Дзеці пасьля такіх садкоў ведаюць “дзякуй”, “калі ласка”, пару беларускіх вершаў пачатку адраджэнскага пэрыяду 20 стагодзьдзя, калі пісалі: “Я – мужык беларус, пан сахі і касы”. Дзецям гэта ня блізка, іх бацькам – таксама. Садкі больш-менш заможныя маюць строі “а-ля беларускія”, дзеці танчаць штосьці кшталту полечкі. Вось у гэтым і палягае ўся беларускасьць”.

Лінгвіст Зьміцер Саўка таксама мае двухгадовага сына. Яму пашанцавала: амаль побач з домам, на бульвары Шаўчэнкі – беларускамоўны садок №187. Але загадчыца назьбірала туды расейскамоўных дзяцей, і беларускім ужо не засталося месца… Няпростую сытуацыю, “разрулілі”, як кажуць, бацькі. Расказвае Зьміцер Саўка.

(Саўка: ) “Пачаткова гэты працэс злучэньня дзьвюх частак абяцаў быць ня вельмі прыемным. Але аказалася, бальшыня бацькоў небеларускамоўных дзяцей – інтэлігентныя людзі, яны зразумелі, у якую прыстойную кампанію трапілі іх дзеці, і яны вельмі станоўча паставіліся да беларускамоўнасьці”.

Але гэта – нетыповая сытуацыя. Бо нават тыя нешматлікія садкі й беларускамоўныя групы, што ёсьць, не запоўненыя. І справа тут зноў жа... у бацьках. Меркаваньне Крысьціны Вітушкі.

(Вітушка: ) “Праблема ў тым, што гэтыя садкі нікому не патрэбныя, і нават гэтыя групы не напоўненыя беларускімі дзеткамі. Мне здаецца, для многіх беларускамоўных людзей кошт беларускасьці ўпіраецца ў тое, што ім шкада паліва, каб правезьці дзіця з уласнага двара ў суседні раён. Іх гэта напружвае.

Мы стварылі сваю групу – аб’ядналася 8 сем’яў беларускамоўных. Нашмат болей мы знайшлі аднагодкаў зь беларускамоўных сем’яў, але ня ўсе пайшлі, людзі запісаліся нават не ў сябе ў дварах, а ў суседніх раёнах”.

Што да іншых садкоў, то сябра Таварыства беларускай школы Ігар Хляба прапануе наступнае:

(Хляба: ) “Была такая ідэя пры канцы 80-х, каб быў хоць адзін беларускамоўны дзень у садках. Гэта таксама някепска. Псыхалягічна бацькі больш-менш спрыяльна ставяцца. Калі б быў хоць дзень. Каб лексыка фармавалася, ня проста вершык вывучылі. Узяць некалькі сотняў слоў – 3 сотні пасіўных і сотня актыўных. Калі гэта будзе закладзена ў дзіцячым садку, гэта ўкладзецца, застанецца”.

Гутару з дацэнтам пэдагагічнага ўнівэрсытэту Алесем Лозкам, які працяглы час ачольваў адмысловы навукова-мэтадычны цэнтар.

(Карэспандэнтка: ) “Зараз я бачу вельмі шмат дапаможнікаў, кніжак. Ці ёсьць база для выхавацеляў?”

(Лозка: ) “Апошнім часам зроблена нямала. Ёсьць цікавыя распрацоўкі прафэсара Старжынскай, дацэнт Дубінінай. Многае зроблена, добрыя энцыкляпэдыі, нямала гістарычнай, краязнаўчай літаратуры. Але гэтага яшчэ недастаткова… Трэба ўсё паставіць на добрую аснову, каб людзі працавалі без перашкодаў, без аглядкі на нешта”.

(Карэспандэнтка: ) “Як ідуць справы што тычыцца кадраў? Выпускнікі пэдунівэрсытэту могуць на беларускай мове паўнавартасна працаваць?”

(Лозка: ) “Безумоўна, ня ўсе паўнавартасна могуць гэта рабіць. Проста ёсьць адзінкі, якія могуць працаваць. Хаця ўсім студэнтам выкладаецца беларуская мова. Але гэта адзін прадмет…”

Сапраўды, з кадрамі ў беларускамоўных садках – праблема. Выхавацельку знайсьці яшчэ можна, а вось іншых спэцыялістаў… Паслухаем маладую маці Крысьціну Вітушку:

(Вітушка: ) “Знайсьці чалавека, які б фізкультуру па-беларуску выкладаў, альбо беларускамоўнага псыхоляга – праблема. Уяўляеце, дзеткі прыйшлі зь сям’і, ім яшчэ двух гадочкаў няма, дзе тата, мама, сваякі, дзе яны – цэнтар Усясьвету – у абсалютна іншы асяродак, дзе ўсё незнаёмае. Да іх прыходзіць цёця-псыхоляг : “Почему ты плачешь?” І на незразумелай мове пачынае нешта ня надта разумнае сюсюкаць. А лягапэдаў беларускіх, здаецца, наагул у прыродзе не існуе”.

Загадчыца першага беларускамоўнага садка, а зараз выкладчыца 23-й гімназіі Галіна Прыма лічыць, што праца не павінна спыняцца.

(Прыма: ) “Хацелася б папрасіць і пісьменьнікаў, мастакоў, і настаўнікаў -- усіх, у каго ёсьць у душы такая лірычная нотка – пісаць дзецям духоўныя рэчы, пісаць дзецям казкі. Бо немагчыма выхоўваць дзяцей на тым, што было некалі. Жыцьцё мяняецца, дзіця задае мне пытаньні: “А што там далей, чаму я чую бяз дроту, чаму няма правадоў?” Я кажу, што прастора жывая, што гэта вібрацыі, хвалі.. Ёсьць добрая кніга Андрыянавай “Філязофія для дзяцей”, перакладаю, сама ствараю казкі, каб яны былі гульнёвыя, адпавядалі часу. Дзеці любяць тое, што прыносіць веды”.

Якім вырасьце дзіця – патрыётам сваёй радзімы, які ведае сваю мову, культуру, гісторыю ці касмапалітам, які ня ведае сваёй нацыянальнасьці – у многім залежыць ад бацькоў. І першая ступенька выхаваньня пачуцьця патрыятызму, нацыянальнай самасьвядомасьці – менавіта сям’я й дзіцячы садок.
XS
SM
MD
LG