Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мелі картку “Visa“? Яе памяняюць на “Белкарт”


З ініцыятывы Нацыянальнага банку да канца 2010 году заробак бюджэтнікаў будзе пераводзіцца на новую крэдытную картку — “Белкарт”.

Дзяржаўныя фінансісты лічаць палітыку імпартазамяшчэньня ў фінансавых разьліках апраўданай — маўляў, замежныя плястыкавыя карткі “Visa” ці “Master Сard” пагражаюць нацыянальнай бясьпецы дзяржавы, бо апэрацыі па іх праводзяцца за межамі Беларусі: для сыстэмы “Visa” — у працэсінгавым цэнтры ў Лёндане, для “Master Сard” — у Брусэлі. Незалежныя аналітыкі перакананыя: дзяржава хоча мець кантроль над усёй масай грошай, якая мае абарачэньне ў Беларусі.

Фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова перакананая: рэалізаваць задуму з замяшчэньнем замежных плястыкавых картак беларускім аналягам досыць праблематычна. Бальшыня банкаматаў, інфакіёскаў, гандлёвых тэрміналаў не прыстасаваныя да абслугоўваньня “белкартаўскіх” кліентаў нават у Беларусі. Ня кажучы пра замежжа, дзе беларускае ноў-хаў увогуле мае прывідныя шанцы на легалізацыю. Зрэшты, выдаткі экспэрымэнту разумеюць і ініцыятары задумы, таму кліенты разам з заробкавай карткай у якасьці бонусу атрымліваюць тыя ж “Visa” і “Master Сard”. На думку спадарыні Сьмірновай, у гэтай справе неабходны разумны кампраміс:

Кацярына Сьмірнова
“Якраз сёньня спаўняецца 15 гадоў прысутнасьці “Visa” ў Беларусі. То бок —гісторыя міжнародных сыстэмаў у нашай краіне шматгадовая. Канечне, адным шчаўчком пальца тут абысьціся нельга. Калі паглядзець, колькі займае міжнародная плацёжная сыстэма ў агульным карткавым бізнэсе сёньня, то гэта блізу 90%. А нацыянальная сыстэма ў нас займае ўсяго 1/10 частку. І за адзін дзень зьмяніць гэта нават адміністратыўнымі мерамі складана. Натуральна, з гледзішча дзяржавы пераход на “Белкарт” да нейкага зьніжэньня выдаткаў прывесьці зможа. Але з пазыцыі здаровага сэнсу, з гледзішча спажыўца, мне здаецца, трэба шукаць шляхі кампрамісу. Я перакананая, што прысутнасьць на нашым рынку іх будзе цікавіць. І яны будуць гатовыя да дыялёгу, дзеля таго, каб у будучыні тут працаваць на ўмовах, парытэтных зь дзяржавай”.

Паводле Нацбанку, агульная колькасьць банкаўскіх плястыкавых картак у Беларусі перавысіла 6,5 мільёнаў адзінак. Пры гэтым на долю “Visa” і “Master Card” прыпадае 89% эмісіі. Чыноўнікі ж апэлююць да інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі: маўляў, штаб-кватэры бальшыні міжнародных плацёжных сыстэмаў знаходзяцца ў ЗША, а гэта не выключае пагрозы “фінансавай агрэсіі”. Алег Антонаў, супрацоўнік аднаго з камэрцыйных банкаў, такія развагі лічыць дэмагогіяй:
Папросту ідзе рэкляма “Белкарты” ...

“Папросту ідзе рэкляма “Белкарты”. Бо ўводзіцца гэта дзеля большага кантролю за апэрацыямі грамадзянаў унутры краіны. Тая ж “Visa” ніякага доступу да сыстэмы ня дасьць. Банк у любым выпадку пры ажыцьцяўленьні нейкіх апэрацый, якія заканадаўствам клясыфікуюцца як падазроныя, аўтаматычна зьбірае файлы па такіх апэрацыях і накіроўвае ў праваахоўныя органы (хоць, наколькі я ведаю, зараз гэта ўсё прыпынена). І зусім няважна, картка якой сыстэмы. Нашы спрабуюць апэляваць: маўляў, амэрыканцы бачаць, якія транзакцыі беларускія грамадзяне праводзяць па карткавых рахунках. Але гэта чыста рэкляма — трэба ж для свайго ноў-хаў прыдумаць забойчы аргумэнт. Як будзеш рэклямаваць прадукт? Таму трэба прыдумаць нейкія фішкі. Але насамрэч з аб'ёмамі грошай нашых грамадзянаў, зь іхнымі транзакцыямі, у бок амэрыканцаў гэта папросту сьмешная антырэкляма”.

Апроч таго, у Нацбанку націскаюць на эканамічны складнік задумы. Маўляў, каб замовіць партыю картак іншаземнага паходжаньня, банкі мусяць пералічваць грошы ў замежныя фінансавыя ўстановы. Чыноўнікі лічаць, што разумней гэтыя, няхай і ня надта значныя, сумы пакінуць у Беларусі.

Безнаяўны разьлік з дапамогай плястыкавых картак у Беларусі мае досыць сьціплыя маштабы. Пакуль што карткі збольшага выконваюць функцыю часовых тэрміналаў, куды з заводзкіх бухгальтэрый трапляе заробак. Паводле афіцыйных зьвестак, на долю дзяржпрадпрыемстваў прыпадае больш за 80% заробкавых картак, якія абслугоўваюцца дзяржаўнымі банкамі, а ўласна заробкі складаюць 95% агульнай эмісіі картак.

З гледзішча экспэртаў, тэхнічную замену замежнай карткі нацыянальнай шмат хто папросту не адчуе, бо шараговыя беларусы і дагэтуль асабліва не выяжджалі за межы краіны, а картку выкарыстоўвалі перадусім, каб зьняць зь яе грошы ў заводзкім банкамаце.



І тым ня меней у выпадку, калі рашэньне наконт татальнага пераходу на сыстэму “Белкарт” будзе рэалізавана да канца 2010 году, “Visa” і “Master Card” страцяць практычна ўвесь беларускі рынак заробкавых картак. Уплываць на сытуацыю на месцы зацікаўлены бок ня можа — сваіх прадстаўніцтваў згаданыя крэдытныя сыстэмы ў Беларусі ня маюць, а карткі распаўсюджваюцца праз так званыя банкі-эквайры, якія адначасова выконваюць функцыі працэсінгавых цэнтраў. Абсалютная бальшыня гэтых апэрацый прыпадае на “Белзьнешэканомбанк”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG